В Шумилино прошёл рождественский вечер в честь благотворителей

Актуалии Новости Общество

Святло Каляднай зоркі

11 студзеня ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў калядны вечар, прысвечаны спонсарам, мецэнатам, філантропам, усім шчырым і шчодрым людзям, хто на працягу года дапамагаў сацыяльным, медыцынскім установам, установам адукацыі і культуры, дзецям, адзінокім пажылым і хворым людзям.
А. П. Быкаў уручае падзяку Віталю Васёху.
Старшыня райвыканкама Алег Быкаў павіншаваў усіх з Новым годам і Калядамі, шчыра падзякаваў арганізацыям і прадпрыемствам, грамадскім аб’яднанням, індывідуальным прадпрымальнікам, усім, хто дапамагае школам і садам, бальніцам і людзям, якім патрэбна падтрымка. Дабро, якім дзеляцца шчыра, заўжды вяртаецца памножаным, адзначыў кіраўнік раёна.  Алег Пятровіч уручыў падзякі кіраўнікам і прадстаўнікам арганізацый, якія найбольш актыўна ўдзельнічаюць у дабрачыннай дзейнасці – Шумілінскай ПМК-70, Шумілінскаму лясгасу, Обальскаму керамічнаму заводу, ДРБУ №204, “Карына-гандаль”, індывідуальным прадпрымальнікам Віталю Васёху і Сяргею Аксёнаву.
Дарэчы, віншаванні і падзякі ад імя арганізацый і ўстаноў раёна ў адрас спонсараў увесь час дэманстраваліся на спецыяльным экране.
Да віншаванняў і падзяк далучыліся і кіраўнікі раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў ветэранаў, Фонду міру, Таварыства інвалідаў, Чырвонага Крыжа. Цёплыя словы ўдзячнасці, упэўненасць у далейшым плённым супрацоўніцтве гучала ў выступленнях Таццяны Цэрах, Людмілы Шаўцовай, Любові Улюценкі, Таццяны Русаковай. Яны нагадалі: тая падтрымка, што аказваюць  жыхары раёна гэтым арганізацыям, трапляе лю-дзям, якія маюць найбольшую патрэбу ў такой дапамозе, ідзе на карысныя грамадскія справы.
Са спецыяльным музычным нумарам-віншаваннем для сваіх спонсараў выступілі прадстаўнікі ўстаноў культуры і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама на чале  з начальнікам аддзела Валянцінай Навіцкай.
Святло Каляднай зоркі абуджае ў нашых душах самыя добрыя пачуцці, нагадвае, што ў святочныя дні Божага Нараджэння нельга пакінуць без спагады і падтрымкі ніводнага чалавека. Трэба памятаць, што Бог заўсёды з намі, у нашых сэрцах і нашых душах і трэба дзяліцца гэтым багаццем з іншымі людзьмі. Пра гэта гаварылі благачынны Шумілінскага благачыння протаіерэй Фёдар Пучынскі і настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай айцец Анджэй Юхневіч. Благачынны ад імя ўсіх праваслаўных Шуміліншчыны выказаў падзяку прадстаўнікам улады за падтрымку ва ўзвядзенні Свята-Мікалаеўскага храма і ўручыў падзякі намесніку старшыні райвыканкама Ірыне Шалахавай і Валянціне Навіцкай. А музычную частку мерапрыемства цудоўна дапоўнілі хор “Благовест”, які выканаў некалькі духоўных і калядных твораў, і айцец Анджэй, які пад гітару спеў песню, прасякнутую галоўнай ідэяй свята Нараджэння Хрыстова.
Канцэртную праграму з танцавальнымі і вакальнымі нумарамі падрыхтавалі да свята дарослыя і юныя артысты раённага цэнтра культуры і дзіцячай школы мастацтваў. А цікавую выставу калядных матываў прадставіў Дом рамёстваў.
Вельмі хочацца, каб узнёслая атмасфера дабрыні і ўдзячнасці, якая панавала на святочным мерапрыемстве, захавалася на ўвесь год. Каб кожны шчыра і шчодра дзяліўся багаццем сваёй душы з іншымі. А яно абавязкова вернецца.    Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №5 ад 15.01.2019 г.