К профессиональному празднику работников культуры

Актуалии Культура Общество

Каб зноў тварыць, пець і весяліць
Магутная сіла ўздзеяння дадзена музыцы, песні, добраму танцу. Гэту з’яву немагчыма патлумачыць, калі, скажам, ужо першыя гукі музычнага інструмента ў руках самабытнага музыкі прымушаюць трапятаць душу, калі ад песні захоплівае дух і бягуць мурашкі, калі сапраўдныя прафесіяналізм і талент аднолькава лёгка могуць  прымусіць любога то смяяцца, то плакаць. Як такое патлумачыць з пункту гледжання фізікі, невядома, затое дакладна вядома, што не стань усяго гэтага – жыццё скурчыцца, пасівее і згасне.
Распісваць яркімі фарбамі наша жыццё не стамляюцца работнікі культуры. Яны, гуртам у больш як дзвесце чалавек, штодня, з году ў год працуюць над тым, каб вольны час кожнага з нас быў напоўнены творчасцю і забавамі, каб кожнае свята стала адметным і запомнілася, каб Шуміліншчыну і яе жыхароў ведалі далёка за межамі раёна, вобласці і нават рэспублікі як цікавых, таленавітых і самабытных. І здаецца, што ім гэта ўдаецца лёгка, здаецца, што праца і сапраўдны прыносіць ім вялікае задавальненне.
У сераду, напярэдадні прафесійнага свята, работнікі культуры, як і штогод, падводзілі вынікі. Так, творчасць таксама патрабуе аналізу, каб парадавацца поспехам, паставіць новыя задачы. Алег Мацвяйчук, начальнік аддзела культуры райвыканкама, у сваім вітальным слове калегам з гонарам гаварыў пра тое, што наш раён займае годнае месца сярод іншых у вобласці па многіх накірунках культурнай дзейнасці. І самадзейных артыстаў у нас болей, чым дзе; і гастроляў у нашых артыстаў багата; і па колькасці калектываў, адзначаных пачэснымі званнямі “народны” і “узорны” мы другія сярод гарадоў і раёнаў вобласці. Гэту ноту падтрымаў і намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Зайцаў. Выклікаць у душах людзей самыя высакародныя пачуцці: любоў, дабрыню, патрыятызм – вялізнае выхаваўчае значэнне дзейнасці работнікаў культуры адзначыў Анатоль Мікалаевіч.
З часам мяняецца вобраз работніка культуры, у новы фармат пераходзіць прэзентацыя іх творчасці. Новыя ідэі прыходзяць у тым ліку і разам з маладымі кадрамі. Чацвёра дзяўчат, якія сёлета папоўнілі культурны актыў нашага раёна, у гэты дзень таксама мелі магчымасць паказаць, на што здатныя. А здатныя яны на многае, ва ўсялякім разе ў прысутных у зале не засталося ў гэтым ніякіх сумненняў. Варта адзначыць, што з нагоды свайго прафесійнага свята культработнікі пастараліся: свята атрымалася шчырым і светлым, шчодрым на розныя нечаканасці.
Маладых сустрэлі, лепшых узнагародзілі, вынікі работы падвялі – час зноў брацца за работу. Канцэрты, фестывалі, конкурсы, выставы – няхай ніколі не стамляецца натхненне. А мы, вашы гледачы, чакаем новых канцэртаў, новых спектакляў і творчых знаходак.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №77 ад 07.10.2011 г.

Працуе з настроем і пазітывам
На маё пытанне, колькі год працуе ў культуры, загадчык Башнёўскага сельскага клуба Ірына Бондарава палічыўшы, сама здзівілася: “Няўжо дзесяць год прайшло? Не заўважыла…”
Не дзіва, што не заўважыла, як праляцеў час, бо любіць сваю работу, любіць людзей, якім стараецца часцей падарыць свята. Творчая, за ўсё бярэцца з настроем і пазітывам, умее захапіць цікавымі справамі іншых.
Шматлікія святы вёсак і вуліц. Прадстаўленні ў раёне і вобласці дызайнерскіх мадэляў вячэрніх убораў клуба аматараў дызайну “Імперыя моды”. Выступленні з тэатральным, танцавальным калектывамі і ансамблем песні перад жывёлаводамі мясцовага сельгаспрадпрыемства і раёна. Прэзентацыя выставы цуда-вырабаў з бісеру… На мінулым тыдні была вядучай свята юбіляраў раённага таварыства інвалідаў. А сёння, ужо як метадыст раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры, Ірына Бондарава ўдзельнічае ў падрыхтоўцы свята раённых Дажынак…
Спіс конкурсаў, мерапрыемстваў, розных гурткоў, якімі кіруе і ў якіх удзельнічае сама, даволі аб’ёмны. Творчы працэс па арганізацыі самых розных забаўляльных праграм для дзятвы і моладзі, для людзей сярэдняга і пажылога ўзросту ў гэтага адданага справе культработніка не спыняецца.
За гэта і пашана. Башнёўскі СК у свой  час атрымаў званне лепшай установы культуры клубнага тыпу сярод аграгарадкоў вобласці. У маі бягучага года клуб наведалі дырэктары метадычных цэнтраў раённых аддзелаў культуры Віцебскай вобласці і былі ў захапленні ад прадстаўленай іх увазе праграмы. Неаднаразова Ірыну ўзнагароджвалі граматамі аддзела культуры райвыканкама. У сераду на свяце работнікаў культуры яна зноў была ўзнагароджана такой граматай “За добрасумленную працу і развіццё мастацкай сама-дзейнасці ўсіх жанраў аматарскай творчасці”.
Некалі, ды і навошта Ірыне Бондаравай лічыць гады, калі ўсё па душы, калі работа задавальняе і яе работай усе задаволены.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №77 ад 07.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *