Шумилинские девчонки показали, что такое волейбол

Актуалии Новости Спорт, туризм

Дома і сцены дапамаглі

У пятніцу–нядзелю ў Шуміліне прайшоў другі тур рэспубліканскага першынства дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі “Мяч над сеткай” сярод дзяўчат 2005 года нараджэння. Валейбалісткі групы “Б” (Шумілінская СДЮШАР, Бешанковіцкая ДЮСШ, Мазырская СДЮШАР “Жамчужына Палесся” і ДЮСШ “Алімпік-2011. Маладзечна”)  гулялі супраць калектываў з групы “А” (Салігорская раённая ДЮСШ “Шахцёр”, Гродзенская СДЮШАР імя А. Сапегі, СДЮШАР ВК “Мінск” і Брэсцкі ЦАР “Вікторыя” імя А. Мяшкова”).
Шумілінскія аматары валейболу чакалі гульняў з трывогай, бо нашы зямлячкі будуць выходзіць на пляцоўку супраць каманд, якія не адзін год займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў Беларусі. Але вось тое, што атрымалася ў каманды “Шумілінскай СДЮШАР” (трэнеры Людміла Харкавец і Любоў Бабова) у другім туры, не мог уявіць нават самы смелы аптыміст.
Шумілінская каманда на спаборніцтвах паўстала адзіным калектывам, у якім не было лідара, а быў камандны дух. Кожная з дзяўчат выкладвалася на ўсе сто працэнтаў. І перад такім настроем і камандай вельмі цяжка знайсці аргументы сапернікам. У першым матчы супраць салігорскага “Шахцёра” шумілінскія дзяўчаты паказалі на што здатныя: у прыгожым камандным стылі не пакінулі гасцям ніводнага шансу і ўпэўнена выйгралі.
Наступны сапернік – валейбалісткі з Гродна – вельмі сур’ёзны, неаднаразовы пераможца і прызёр рэспубліканскіх стартаў. На пляцоўку яны выходзілі яўнымі фаварытамі. Толькі вось перамагаюць каманды, а не тытулы. Шумілінская каманда перад сваімі заўзятарамі, якіх багата прыйшло падтрымаць, паказалі адну са сваіх лепшых гульняў і змаглі ва ўпартай барацьбе выйграць у вельмі моцнай каманды. Злавіўшы кураж,  шумілінскія дзяўчаты здабылі і трэцюю перамогу: мінскія валейбалісткі не чакалі такога спрыту ад  гаспадароў. Шкада, але апошні матч супраць Брэста нашай камандзе не ўдаўся.
Другі тур рэспубліканскага першынства дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі “Мяч над сеткай” паказаў, што шумілінскім дзяўчатам па сілах выйсці ў фінальную частку спаборніцтваў. Толькі трэба заставацца адзінай камандай, упарта трэніравацца і самім верыць у перамогу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №7 ад 22.01.2019 г.