Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Незаконнае паляванне
З Гарадоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету паведамілі ў РАУС пра незаконную здабычу казулі еўрапейскай. Устаноўлена, што гэта зрабіў раней судзімы жыхар Мікалаева, які прыцягваўся ўжо да адказнасці за такое ж правапарушэнне. Прычым, на момант незаконнага палявання ў мужчыны была нязнятая і непагашаная судзімасць. У браканьера канфіскаваны нож, мяшок, скура жывёлы. Прыродзе прычынены ўрон больш як на тры тысячы рублёў. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, што пагражае мужчыну, – пазбаўленне волі да трох гадоў.
Абавязаная
Абавязанай жыхарцы Мікіціхі дапамаглі працаўладкавацца ў мясцовае сельгаспрадпрыемства. Але жанчына працаваць не хацела, дапускала прагулы.  На працягу трох месяцаў іх накапілася больш як дзесяць. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа. Ёй пагражаюць грамадскія або папраўчыя работы, або арышт, або абмежаванне волі да 3-х гадоў, або пазбаўленне волі да аднаго года.
Крадзеж
Трое жыхароў Сіроціна абрабавалі чужы дачны дом – укралі будаўнічыя матэрыялы і ацяпляльны кацёл. Урон ацэнены на 220 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Са зводак ДАІ
Акцыя
З 15 па 24 лютага супрацоўнікі ДАІ праводзяць прафілактычную акцыю “Зробім дарогу бяспечнай”. Мэта акцыі – у чарговы раз звярнуць увагу пешаходаў, веласіпедыстаў і возчыкаў на неабходнасць захоўваць правілы бяспечных паводзін на дарогах, а таксама на абавязковае выкарыстання святловяртальных элементаў.
Сутыкнуліся
На аўтадарозе Віцебск-Полацк (ля Язвіна) адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхар Наваполацка, які ехаў на вялікагрузным аўтамабілі “Вольва”, не выбраў бяспечную дыстанцыю да аўтамабіля, што рухаўся ўперадзе. У выніку “Вольва” сутыкнулася  з “Мерседэсам”. Вадзіцелі не пацярпелі, але абедзвюм фурам патрабуецца рамонт. На жыхара Наваполацка складзены адміністрацыйны пратакол, які для далейшага разгляду адпраўлены па месцы жыхарства парушальніка. Яму пагражае штраф да 5 БВ.
На летніх шынах
Супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы затрымалі ў Мікалаеве вадзіцеля КУСГП “Ульскі”, які ехаў на аўтамабілі “Лада”, не маючы допуску да ўдзелу ў дарожным руху. Больш таго, легкавушка была на летніх шынах з розным малюнкам пратэктара на адной восі. Вадзіцелю пагражае штраф да 3 БВ. Да адміністрацыйнай адказнасці будзе прыцягнута і службовая асоба, якая дала дазвол да ўдзелу “Лады” ў дарожным руху.
Пешаходы
У лютым супрацоўнікі ДАІ “здымалі” з праезнай часткі дарогі чатырох нецвярозых пешаходаў (сярод іх – адна маладая жанчына). Пры гэтым пешаходы рухаліся па аўтадарозе ў цёмны час сутак, не пазначыўшы сябе святловяртальнымі элементамі. Парушальнікі выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС, ім пагражае штраф да 5 БВ.
Падрыхтавала Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №15 ад 19.02.2019 г.