У Башнях вучыліся тушыць пажар і ратаваць пацярпелых

Актуалии Безопасность Новости

У Башнях вучыліся тушыць пажар і ратаваць пацярпелых
У рамках правядзення Адзінага дня бяспекі ратавальнікі правялі навучальныя заняткі з педагогамі і школьнікамі  Башнёўскай школы.
Якія бываюць надзвычайныя сітуацыі і з-за чаго яны ўзнікаюць, як своечасова іх папярэдзіць і як дзейнічаць у выпадку пажару і іншых надзвычайных сітуацый расказаў вучням супрацоўнік ратавальнай службы Вадзім Півавараў. Прэзентаваў Вадзім Віктаравіч і мабільны дадатак “МНС Беларусі: дапамога побач”, расказаў пра яго магчымасці і асноўныя функцыі і параіў абавязкова ўстанавіць яго на мабільныя тэлефоны.
Таксама школьнікі атрымалі веды наконт таго, як бяспечна карыстацца электрапрыборамі і газавым абсталяваннем – відэаролікі наглядна паказалі, да чаго можа прывесці грэбаванне элементарнымі правіламі.
Падчас вучобы вучні і настаўнікі пазнаёміліся з прынцыпам дзеяння, правіламі ўстаноўкі і абслугоўвання аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка і адпрацавалі іх на практыцы. А ў якасці замацавання ведаў інспектар РАНС прапанаваў вучням віктарыну па асновах бяспекі жыццядзейнасці і гульнявыя конкурсы. Дзеці паглядзелі навучальны фільм, атрымалі буклеты.
А пасля была практычная частка па адпрацоўцы навыкаў эвакуацыі настаўнікаў і вучняў з вучэбных класаў. Адначасова прайшлі вучэнні з прыцягненнем тэхнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях – усе разам тушылі ўмоўны пажар і ратавалі пацярпелых. Зразумела, дзеці не маглі раўнадушна прайсці міма пажарнай спецтэхнікі і абсталявання, – ім цікава было і ў аўтамабілі пасядзець, і спецвопратку прымерыць.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №18 ад 01.03.2019 г.