Районный конкурс пахарей прошёл в «Сиротинском»

Актуалии Сельское хозяйство

Моладзь працягне барацьбу ў вобласці
З году ў год па ініцыятыве райсельгасхарчу і аддзела па справах моладзі райвыканкама на Шуміліншчыне праводзіцца конкурс прафесійнага майстэрства сярод механізатараў “Лепшы па прафесіі”.
Сёлета кіраўніцтва КУСГП “Сіроцінскі” гасцінна запрасіла канкурсантаў, сустрэла ветлівасцю і бутэрбродамі. Але акрамя самаго “Сіроцінскага” ў конкурсе ўзялі ўдзел толькі механізатары з “Лаўжанскага” і “АграБаравінкі”. Астатнія чамусьці праігнаравалі мерапрыемства. Хаця з усёй адказнасцю скажам: ва ўсіх гаспадарках ёсць прафесійныя механізатары, якія маглі б і хацелі прыняць удзел у падобных спаборніцтвах.
Таму сапраўднага азарту барацьбы не было. Хаця бясспрэчна, што падобны конкурс з тэарэтычнымі і практычнымі заданнямі толькі на карысць механізатарам. І не толькі маладым, але і сталым. Ведаючы на выдатна рэгуліроўку плугоў, патрэбную глыбіню ворыва, некаторыя, мякка кажучы, “плавалі” на тэорыі па правілах дарожнага руху.
Практычная частка доўжылася каля гадзіны. За гэты час пяць канкурсантаў паспелі ўзараць “Сіроцінскаму” каля пятнаццаці гектараў. Намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводству В. У. Коваль і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І. К. Штуро разам з галоўнымі спецыялістамі гаспадарак разбіралі і тлумачылі кожную памылку, дапушчаную механізатарамі на ворыве.
Сярод маладзёжных экіпажаў першае месца заняў Аляксандр Антонаў з “Сіроцінскага”, другое – Алег Барысевіч з “Лаўжанскага”, трэцяе – Аляксей Котаў з “Шумілінскага райаграсэрвісу”. Як адзначыла начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама М. Я. Ганчарова, хлопцы, што занялі першае і другое месцы, прымуць удзел у абласных спаборніцтвах, якія пройдуць у канцы гэтага тыдня ў Аршанскім раёне.
Сярод старэйшага пакалення механі-затараў першае і другое месцы адпаведна ў Міхаіла Шумілы з “Лаўжанскага” і Сяргея Антонава з “Сіроцінскага”. Усе механізатары атрымалі памятныя падарункі. Дарэчы, спонсарам сёлета выступіў КУСГП “Сіроцінскі”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №78 ад 11.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *