Доска почёта Шумилинского района: Юрий Танасиенко

Актуалии Образование

Творчая майстэрня Юрыя Танасіенкі

Юрый Танасіенка некалькі сумеўся, калі даведаўся, што будзе прадстаўляць аддзел па адукацыі на раённай Дошцы гонару. Ён абсалютна ўпэўнены, што нічога надзвычайнага не зрабіў. Проста яму пашанцавала дзіцячае захапленне зрабіць справай свайго жыцця.
Педагог дадатковай адукацыі Шумілінскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, настаўнік чарчэння і працоўнага навучання Шумілінскай СШ №2 свае першыя работы ў тэхніцы выразання па дрэве зрабіў яшчэ ў пятым класе. З таго часу і не выпускае з рук лобзікі, пілкі, надфілі.
Па адукацыі ён выкладчык біялогіі і працоўнага навучання. І пасля ўніверсітэта выкладаў біялогію ў Мішкаўскай школе, дзе працаваў першыя гады. Потым перайшоў у Цэнтр дзяцей і моладзі, і тэхнічная творчасць узяла верх.
Юрый Мікалаевіч працуе з трыма групамі школьнікаў, вядзе і індывідуальныя заняткі. Расказвае, што асноўны накірунак у рабоце – дрэва, ёсць таксама папера, метал. Сярод яго выхаванцаў пераважна хлопчыкі, дзяўчынак мала, асабліва ў ЦДіМ. І тых, хто па-сапраўднаму прырастае душой да гэтага занятку, таксама нямнога. Яно і зразумела, кажа настаўнік. Дзеці – народ цікаўны, ім многае хочацца паспрабаваць, а ў старшых класах ўсё больш часу забірае вучоба, таму трэба быць вельмі апантаным, каб працягваць заняткі ў гуртку. Такіх адзінкі.
Як, напрыклад, Андрэй Зайцаў, які не толькі радаваў педагога сваёй захопленасцю і перамогамі на абласных і рэспубліканскіх конкурсах, але і стаў сапраўдным сябрам. І пасля заканчэння школы, цяпер ужо студэнт, ён знаходзіць час, каб прыйсці ў творчую майстэрню настаўніка. А зараз дзевяцікласнік Вадзім Кавалёў з Шумілінскай СШ №2 дэманструе вельмі  высокі ўзровень тэхнікі выразання. Нават шкада, кажа Юрый Мікалаевіч, што Вадзім пасля 9 класа збіраецца пакідаць школу. Але ён упэўнены, што выявяцца новыя таленты.
Наогул, настаўнік перакананы, што магчымасць дадатковай адукацыі дзецям варта выкарыстоўваць паўней, што ніякія навыкі не бываюць лішнімі ў жыцці. Ю. М. Танасіенка згодны з тым, што ўрокаў працоўнага навучання ў школе павінна быць больш. Пакуль жа, кажа настаўнік, назіраецца толькі скарачэнне школьных гадзін. Сёння ў школах у настаўніка працоўнага навучання засталося толькі 7 гадзін на тыдзень – і палова стаўкі не набярэцца. Хаця наўрад ці хто стане адмаўляць, што гэтыя ўрокі – надзейны падмурак для многіх працоўных навыкаў і прафесій.
Юрый Танасіенка разумее неабходнасць сучаснай паслугі “Муж на гадзіну”, напрыклад, для адзінокай бездапаможнай жанчыны, але мужчына, на яго думку, расце ў сваіх вачах, калі не толькі ведае, як выглядаюць стамескі, рубанкі і іншыя карысныя інструменты, але і ўмее імі кіраваць.
Сам жа ён прыхоплівае і дамашнія гадзіны, і вечарамі прыдумвае новыя ідэі, робіць эскізы, рэжа, збірае… Апроч дрэва ён усур’ёз захапіўся металам – асвоіў тэхніку стымпанк і стаў рабіць проста ўнікальныя рэчы, якія атрымалі высокую адзнаку не толькі ў раёне. Так, яго “Гадзіннік у падарункавай упакоўцы”, выкананы ў тэхніцы стымпанк, атрымаў у мінулым годзе дыплом 1 ступені на абласным аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. У гэтай жа тэхніцы былі выкананы і работы яго вучняў для рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка”. І трэба сказаць, што тры гады запар навучэнцы Шумілінскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі на чале з настаўнікам Ю. М. Танасіенкам – у лідарах.
Свет творчасці неабсяжны. Нараджаюцца новыя накірункі, адціскаючы на задні план той жа некалі вельмі любімы дзецьмі ракетамадэльны спорт, іншыя. І папулярная  ў Шуміліне тэхніка выразання і выпальвання сёння таксама патрабуе новых падыходаў, свежых рашэнняў. Таму настаўнік бачыць сваю задачу ў тым, каб на аснове традыцыйнага, адшліфаванага гадамі, ствараць новае, аздабляць сучаснымі імклівымі ідэямі.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №21 ад 15.03.2019 г.