Служба бытового обслуживания Шумилинского района ищет новые направления работы

Актуалии Новости Экономика

Накірунак на запатрабаваныя паслугі

Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва імкнецца забяспечваць жыхароў раёна запатрабаванымі паслугамі, хаця прадпрыемству не проста выжываць у складаных умовах. Акрамя 11 відаў сацыяльна-значных паслуг (рамонт і пашыў адзення, хімчыстка, пракат, паслугі цырульніка, рамонт абутку і тэлерадыёапаратуры і іншае), з’явіліся і новыя, якія сёння карыстаюцца попытам у насельніцтва.
У канцы мінулага года райбыткамбінат набыў за бюджэтныя грошы “Газель”. Гэта стала дадатковым штуршком для аказання разнастайных бытавых паслуг насельніцтву па ўсім раёне. І калі летась прадпрыемства не дацягвала да плана, то за студзень-люты гэтага года выканана паслуг насельніцтву на 117,7%, а на вёсцы гэта лічба яшчэ больш важкая – 131,7%.
– Каб выжыць у няпростых эканамічных умовах, аналізуем і падлічваем, якія паслугі будуць выгаднымі, – кажа дырэктар райбыткамбіната Віктар Бабічаў. – Вось нядаўна заняліся продажам дроў насельніцтву. Купляем вялікую дзялянку, наразаем цуркі, загружаем прычэп (больш за 6 кубічных метраў) – і прадаем. Людзі падлічылі, што ў нас купіць выгадней, чым у прыватнікаў. Дровы ідуць нарасхват. Таму, каб працаваць было хутчэй, думаем набыць у лізінг трактар з аўтапагрузчыкам. Дзелавую драўніну выкарыстоўваем па назначэнні – заключылі дагавор з Обальскім керамічным заводам на выраб паддонаў. Пакуль за месяц іх плануем рабіць па тысячы штук, а ў далейшым – павялічваць вытворчасць. Мяркуем паставіць вытворчасць паддонаў на паток: гэта і нам выгадна і ОКЗ, бо зменшацца транспартныя выдаткі. Летам нават мяркуем узяць сабе памочнікаў  – маладзёжны атрад райкама БРСМ.
Увогуле трымаем накірунак на дрэваапрацоўку, будзем адкрываць пяць рабочых месцаў. Плануем прадаваць дровы на экспарт, вырабляць, як і раней, дошкі, рэйкі, плінтусы, штыкетнік для насельніцтва.
Бетонная агароджа зараз не карыстаецца попытам, таму цэх часова закрыты. Але ж мы прадумалі новы від прадукцыі – будзем вырабляць тратуарную плітку. Думаю, яна вельмі спатрэбіцца пры навядзенні парадку ў райцэнтры да “Дажынак”, якія будуць ладзіцца ў Шуміліне ў 2021 годзе”.
Акрамя названых работ, работнікі райбыткамбіната займаюцца разборам старых пабудоў, добраўпарадкаваннем могілак. А ў бліжэйшы час мяркуюць аказваць паслугі па чыстцы дываноў і мэблі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №23 ад 22.03.2019 г.