В Шумилино прошёл конкурс замещающих семей «Счастливы вместе»

Актуалии Образование Семья

Шчаслівыя разам
Дзень сям’і адзначыла наша краіна 15 мая. У Шуміліне ў гонар такога цудоўнага свята прайшоў конкурс “Шчаслівыя разам”, у якім прынялі ўдзел шэсць замяшчаючых сямей, дзе разам са сваімі дзецьмі бацькі выхоўваюць і прыёмных. Арганізатарамі конкурсу выступіў аддзел па адукацыі райвыканкама разам з Шумілінскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтрам.
Адразу хочацца выказаць бязмернае захапленне ўсімі без выключэння ўдзельнікамі конкурсу. Самі ведаеце, колькі клопату патрабуе адно дзіця, а тры, а сем? А тут яны знайшлі час, каб яшчэ падрыхтавацца да трох складаных этапаў конкурсу, прадумаць выступленне, адрэпеціраваць, падрыхтаваць для кожнага члена сям’і ўбор – на раённую ж сцэну выходзіць!
І яны справіліся, парадавалі сваім адзінствам, пазітывам, шматлікімі талентамі і ўзаемападтрымкай. Адразу было бачна: на сцэне – сям’я!
“Самая галоўная любоў на свеце – ад сям’і”, – падкрэсліла перад пачаткам конкурснай праграмы намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
І вось першы этап спаборніцтва: візітка “Наша дружная сям’я”. Кожная сямейная каманда старалася пераадолець хваляванне і пераканаць журы і гледачоў, што менавіта іх сям’я – самая-самая. У ход ішлі вершы і проза, фотапрэзентацыя і тэатралізацыя, а падчас і імправізацыі (калі нешта пайшло не па плану). Сям’я Кляцковых з Обалі нават дэкарацыі прывезла і наглядна паказала, як ствараўся іх сямейны церамок.
На другім этапе сем’і расказвалі пра свае захапленні і традыцыі. Вядома, там, дзе растуць дзеці, шмат “смачных” традыцый, і сем’і з задавальненнем гаварылі пра іх. З гонарам дэманстравалі свае шэдэўры, і неслі далікатэсы праз усю залу на стол журы, распаўсюджваючы прыязныя пахі (не, журы потым падзялілася з усімі – устроілі масавае чаяванне). Трэба было бачыць той вялізны пышны пірог, што прывезла з Язвіна сям’я Дарожкіных, ці торт у выглядзе вазы з ружамі, які вымайстравала А. В. Прыгун з Кардона…
Для поўнага партрэта кожнай сям’і быў аб’яўлены трэці этап конкурсу “5 хвілін славы!”. Да гэтага часу ўдзельнікі конкурсу ўжо досыць упэўнена адчувалі сябе на сцэне і змаглі паказаць усё, на што здатныя. І будзьце ўпэўнены, кожная каманда выкарыстала гэтыя хвіліны па поўнай. Вікторыя з сям’і Ірыны Бяляцкай (г. п. Шуміліна) пранікнёна чытала верш Эдуарда Асадава “Беражыце сваіх дзяцей…”. Песеннай кампазіцыяй уласнага сачынення парадавала сям’я Белавусавых з Мікалаева. Мама, тата і іх шасцёра дзяцей (трое з іх – прыёмныя), спявалі пра тое, што ёсць на планеце іх сям’я, пры гэтым малодшыя хлопчыкі дадавалі ў кампазіцыю ноткі рэпу, і нават самая маленькая гадавалая дачушка “прытанцоўвала” ў таты на руках. Тры песні падарылі гледачам Дарожкіны. Малодшая Віка спявала пра тату, старэйшая – пра маму, сама ж мама Ганна Сямёнаўна выканала сімвалічную песню “Аист на крыше”. Сем’і Кляцковых і Прыгун прадставілі тэатралізаваныя пастаноўкі. Кляцковы ўдала паказалі калядны абрад, а Аксана Віктараўна Прыгун і яе хлопчыкі ўдала сыгралі сцэнку “Дамашняе сачыненне”. Брава выступілі, нягледзячы на непаладкі ў фанаграме, сямёра дзяцей і іх мама-выхавальнік Святлана Мікалаеўна Цярэнцьева. Асноўны матыў – “дружная ў нас сям’я!”. Атрымаўся цэлы канцэрт.
Во ўжо не пазайздросціш журы падчас такіх конкурсаў. Ім трэба было  пасля кожнага этапа конкурсу выстаўляць балы і ў канцы аб’яўляць пераможцаў.
Для гэтага ўрачыстага моманту на сцэну запрасілі ўсіх удзельнікаў конкурсу. Уручаць узнагароды старшыні журы І. І. Шалахавай дапамагаў кіраўнік раённага аб’яднання ГА “Белая Русь” Вячаслаў Емяльянаў, які на мерапрыемстве выступіў спонсарам. Дзякуючы гэтаму, кожная сям’я атрымала каштоўны і патрэбны на кухні падарунак.
А месцы размеркаваліся наступным чынам: на 1-м месцы – сям’я Дарожкіных, на 2-м – Кляцковых, на 3-м – Белавусавых. Сем’і І. У. Бяляцкай, А. В. Прыгун і С. М. Цярэнцьевай сталі дыпламантамі.
Адно шкада, што ў зале было мала гледачоў. Мерапрыемства заслугоўвала таго, каб зала была паўнюткая і каб тут было многа бацькоў з дзецьмі. Дарэчы, І. І. Шалахава паведаміла, што ў нашым раёне налічваецца больш за 50 замяшчаючых сямей. Так што патэнцыял у гэтага сямейнага конкурсу ёсць.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №38 ад 17.05.2019 г.
Сям'я Дарожкіных
Сям'я Кляцковых
Сям'я Белавусавых
Сям'я І. У. Бяляцкай
Сям'я А. В. Прыгун
Сям'я С. М. Цярэнцьевай