“Еўрадровы” з Шуміліна

Актуалии Новости Экономика

“Еўрадровы” з Шуміліна
Сапраўдны гаспадар пралічвае крокі на некалькі год наперад, не баючыся інвеставаць у новую вытворчасць. У сапраўднага гаспадара ўсё ідзе ў справу, нават адходы вытворчасці прыносяць прыбытак. Толькі так у сучасных умовах можа быць забяспечана стабільная работа прадпрыемства.

Рабочая Надзея Новік, старшы майстар Раман Кірпічэнка і аператар Уладзімір Лазаркоў на лініі па вытворчасці і ўпакоўцы паліўных брыкетаў.

Восенню мінулага года ў Шумілінскай ПМК-70 вырашылі адкрыць лінію па вытворчасці паліўных брыкетаў па тэхналогіі  RUF.  Як расказаў старшы майстар Раман Кірпічэнка, галоўнымі станоўчымі ўласцівасцямі драўнянага паліва з’яўляецца яго цеплатворная здольнасць, якая амаль удвая вышэй за звычайныя дровы, а таксама бяспечная вытворчасць з выкарыстаннем у якасці сыравіны драўняных адходаў.
Па тэндары ў канцы мінулага года набылі ў літоўскай фірмы абсталяванне. Чатыры месяцы на прадпрыемстве ўстанаўлівалі і наладжвалі новую лінію, у красавіку яна запрацавала.
– У дзень мы перапрацоўваем каля 5,5 тоны апілак, выпускаючы паліўныя брыкеты, – тлумачыць Раман Кірпічэнка. – Брыкеты маюць вагу 870 грам і  вільготнасць не больш чым 10%. Іх упакоўваем па 12 штук у пакеты. Дарэчы, аднаго пакета хапае для дзвюх топак у звычайнай грубцы.
Нядаўна першую партыю “еўра-дроў”  – амаль 22,5 тоны – прадалі пастаяннаму партнёру – латвійскай фірме “Дуглазія”.
“Кошт лініі – 386 тысяч рублёў, – канстатуе в.а. галоўнага эканаміста ПМК-70 І. А. Рудова. –  Па нашых падліках лінія павінна акупіцца за тры гады. Першую партыю паліўных брыкетаў прадалі без праблем.  Попыт на гэты від прадукцыі ў еўрапейскіх краінах добры. Вывучаем попыт і на ўнутраным рынку, што дазволіць прадаваць “еўрадровы” і мясцоваму насельніцтву”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №41 ад 28.05.2019 г.