Своё дело. Сапожник Дементей

Актуалии Экономика

У жанчын ён карыстаецца асаблівай папулярнасцю
Многа можна разважаць пра тое, як бы нам хацелася жыць багата і шчасліва. Але чаго гэтыя развагі вартыя, калі самому нічога не рабіць? Герой нашага нарыса – індывідуальны прад-прымальнік Аляксандр Пятровіч Дземянцей – прапануе без толку не мроіць, а спускацца з нябёсаў на зямлю і занімацца справай. Як сам гэта зрабіў яшчэ ў цяжкія дзевяностыя.
– Было, што сям’я не магла дазволіць сабе элементарнага, – прызнаецца Аляксандр Пятровіч. – Але мы з жонкай не збіраліся сядзець на лаўцы і чакаць манны з нябёсаў. Параіліся на сямейным савеце і вырашылі адкрыць сваю справу.
Аляксандр Пятровіч – прафесійны шавец. Упэўненыя, што гэтага майстра па рамонту абутку сёння добра ведаюць у райцэнтры і ў раёне. У жанчын ён карыстаецца асаблівай папулярнасцю. Не многа знойдзецца тых, хто не звяртаўся да яго з просьбай замяніць набойкі на абцасах ці памяняць у ботах замкі. Вось толькі, звяртаючыся ў майстэрню, мяркуем, ніхто і не думае, чым акрамя рамонту абутку гэтаму абутніку прыходзіцца займацца.
Але ж вернемся да пачатку. Пачынаць сваю справу было боязна, прызнаўся Аляксандр Пятровіч. На нейкі час, калі хадзіў па інстанцыях ды збіраў стос даведак, адолела пачуццё непрыняцця бюракратыі таго часу і жаданне кінуць задуму. Але пасаваць перад цяжкасцямі не ў характары сапраўднага мужчыны. Прайшоў усе кабінеты, сабраў усе даведкі, а адначасова асвойваў азы заканадаўчага падатковага права, бухгалтарскага ўліку, стараўся навучыцца таму, што не абавязаны ўмець звычайны шавец. Але ж ён ужо не проста шавец, ён – індывідуальны прадпрымальнік.
І сёння, маючы за плячыма дзесяцігадовы вопыт прадпрымальніцкай дзейнасці, А. П. Дземянцей удумліва сочыць за ўсімі змяненнямі заканадаўства, загадамі па дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Асвоіў бухгалтэрыю, працуе за эканаміста і касіра. Наведвае абласныя сходы па малому бізнесу, быў запрошаны і на рэспубліканскі форум у Мінск. Усё паспявае. А справа ў яго зусім нялёгкая. Заказамі ўсе паліцы закладзены. Ад кліентаў адбою няма – майстар прафесійны, дасць другое жыццё нават і зусім “нежывому” абутку. Працуе хутка, але іншым разам прыходзіцца значна падаўжаць свой рабочы дзень, бо разумее і памяркоўна ўспрымае прывычку кліентак успамінаць у апошнюю хвіліну, што “няма ў чым на вуліцу выйсці”…
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №83 ад 28.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *