В Шумилинском районе стартовало спортивно-массовое мероприятие в рамках спартакиады сельских Советов

Актуалии Новости Спорт, туризм

Мішневічы – край спартыўны
Гэтым летам стартавала новая акцыя – спартыўна-масавае мерапрыемства ў рамках спартакіяды сельскіх Саветаў. У адміністрацыйных цэнтрах сельсаветаў будуць арганізоўвацца спартыўныя мерапрыемствы, якія будуць уключаць найбольш папулярныя сярод мясцовага насельніцтва віды спорту.

“У рамках спартакіяды сельскіх Саветаў пройдуць спаборніцтвы, у якіх будуць ўдзельнічаць каманды працоўных калектываў, зборныя каманды мясцовых жыхароў, – расказвае дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Аляксей Ляснічы. – Кожнае спартыўнае свята – гэта не толькі прапаганда актыўнага і здаровага ладу жыцця, а і раскрыццё спартыўных талентаў, выяўленне мацнейшых спартсменаў”.
Удзельнікаў спартакіяды ў Мішневічах вітала старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Галіна Зязюлька. “Упэўнена, што каманды з лясніцтва, камунгасу, школы і сельгаспрадпрыемства пакажуць добрыя вынікі, – падкрэсліла Галіна Уладзіміраўна. – На мішневіцкай зямлі заўсёды былі добрыя спартсмены, якія  паказвалі годныя вынікі на раённых, абласных і рэспубліканскіх стартах”.
Мужчыны з камунгасу і лясніцтва выйшлі на футбольны паядынак. Два таймы па 15 хвілін уключылі ў сябе безліч эмоцый, напружання і нерваў. Здавалася, што гэта самы галоўны матч у іх жыцці.
А тым часам спартыўныя баталіі кіпелі і на іншых пляцоўках. Сапраўдная чарга выстраілася для таго, каб пастраляць з пнеўматычнай зброі, не менш жадаючых было і на спаборніцтвах па дартсу. Гэтых два віды захапілі і дарослых, і дзяцей. А вось гарадошны спорт у Мішневічах – жаночы від. З якім імпэтам кідалі біту жанчыны! Колькі радасці і задавальнення было пры ўдачных кідках! Папулярнымі былі і хадулі. Прыемна адзначыць, што ў спартыўных стартах бралі ўдзел і кіраўнікі – старшыня сельвыканкама Галіна Зязюлька, дырэктар КУСГП “Мішневічы” Міхаіл Цікавенка і дырэктар школы Пётр Спірыдонаў.
“А якія яшчэ старты будуць?”, “Дзе яшчэ можна паўдзельнічаць?” – чулася ад мясцовых жыхароў. На месцы правядзення  свята судзейская калегія на чале з інструктарам-метадыстам Інэсай Прасветавай прыняла рашэнне аб правядзенні яшчэ двух стартаў – конкурсу з футбольнымі элементамі для дзяцей і спаборніцтваў па гіравым спорце для мужчын. І гэтыя старты таксама ўдаліся.
Апошні від спартакіяды – перацягванне каната. Гэты было яркае відовішча, у якім пад гучныя апладысменты балельшчыкаў перамаглі асілкі з лясніцтва.
Напрыканцы мерапрыемства не толькі пераможцы, а і ўсе ўдзельнікі атрымалі салодкія пачастункі ад арганізатараў мерапрыемства.
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2019 г.