Простае рашэнне – ВЕЛАСІПЕД

Новости Общество Экология

Простае рашэнне – ВЕЛАСІПЕД
Веласіпед для нашага рэгіёну – даволі распаўсюджаны від транспарту. Прынамсі, самыя адчайныя не ставяць на прыкол свайго жалезнага сябра нават зімой. Але ў той жа час, гаварыць пра культуру веласіпеднага руху, пра развітую гарадскую інфраструктуру пакуль не прыходзіцца. Выправіць гэтую сітуацыю вырашыла грамадскае аб’яднане па садзейнічанні ўстойліваму развіццю шумілінскага рэгіёна “ЭкаБум”.

Быў распрацаваны праект па развіцці веласіпеднага руху ў раёне, які знайшоў фінансавую падтрымку Еўрапейскага Саюза. Карыснымі для рэгіёна палічылі прапановы “ЭкаБума” і мясцовыя ўлады, якія ўзялі на сябе пэўную частку фінансавых абавязацельстваў.
– Найперш, мы працуем над удасканаленнем вулічнай веласіпеднай інфраструктуры раёна, – адзначыла лідар ГА “ЭкаБум” Ірына Кулікава. – Гэта ўстаноўка велапарковак і экспрэс-станцыі па самастойным рамонце і абслугоўванні веласіпедаў, паніжэнне бардзюраў у месцах велапераездаў, нанясенне разметкі для руху веласіпедыстаў і многае іншае.
Таксама ідзе распрацоўка веласіпедных турыстычных маршрутаў “Вялікі Камень” і “Блакітныя каралі Шуміліншчыны”. Важную ролю іграе і асветніцкая работа па папулярызацыі бяспечнага веласіпеднага руху. Дапаможа ў гэтым арганізацыя велашколы, дзе інструктары будуць вучыць правілам бяспечнага ваджэння веласіпеда дзяцей і дарослых.
У рамках рэалізацыі праекта запланаваны разнастайныя майстар-класы, конкурсы, прэзентацыі, спаборніцтвы, падрыхтоўка выстаў і відэаматэрыялаў, удзел ва ўсіх значных раённых мерапрыемствах.
– Мы спадзяёмся вывесці культуру веларуху ў нашым раёне на новы ўзровень, узняць прэстыж гэтага віду транспарту, зрабіць жыццё яго аматараў больш экалагічным і камфортным, – кажа Ірына Кулікава. – Гэта сапраўды надзвычай важна як з пункту гледжання развіцця рэгіёна, так і датычнасці да перадавых сусветных ініцыятыў. Мы запрашаем да ўдзелу ўсіх жадаючых.
А хутка ў сталіцы адбудзецца семінар па рэалізацыі мерапрыемстваў па паляпшэнні веласіпеднай інфраструктуры і ўмоў развіцця веласіпеднага руху. На семінары пройдзе абмеркаванне юрыдычных і адміністрацыйных аспектаў, практычных аспектаў работы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2019 г.