Купалле ў Шуміліне: пад дажджом і двайной вясёлкай

Актуалии Культура Новости

Купалле пад двайной вясёлкай
Суботнім вечарам, напярэдадні купальскай ночы, надвор’е нібы паставіла за мэту сапсаваць свята, яно спаборнічала з шумілінцамі ва ўпартасці: хто каго? То ярка свяціла сонца на блакітным небе, па якім несліся хмары, то гэтыя хмары збіваліся разам, і пачынаў ліцца дождж. Але самыя ўпартыя жыхары райцэнтра, для якіх Купалле немагчыма без традыцыйнага святочнага канцэрта, гульняў і вогнішча на беразе возера, ішлі да Шумілінскага возера пад парасонамі, у дажджавіках.

А для іх была падрыхтавана традыцыйная вялікая святочная праграма. Майстры з дома рамёстваў вучылі жадаючых плесці купальскія вянкі, супрацоўнікі фізкультурна-аздараўленчага цэнтра праводзілі шматлікія спартыўна-забаўляльныя конкурсы, а работнікі раённага цэнтра культуры прапаноўвалі купальскія конкурсы, танцы і песні. Ды і камерсанты таксама гандлявалі цацкамі, паветранымі шарыкамі, рознымі прысмакамі.
Дождж то разганяў гледачоў ды артыстаў хавацца па альтанках і мікрааўтобусах, то сціхаў, і да сцэны зноў збіраліся нешматлікія гледачы. І нарэшце надвор’е саступіла ўпартасці шумілінцаў, разгарнуўшы ва ўсю шырыню неба ў промнях заходзячага сонца вялікую яркую двайную вясёлку. І зноў заспявалі артысты, зноў пусціліся ў скокі ўдзельнікі свята. Імклівай віхурай паўсюдна паспявалі дзеці – на хадулях прайсці, і ў конкурсах паўдзельнічаць, і мяч кінуць, і вянок сплесці, і папкорн з’есці. І было традыцыйнае вялікае купальскае вогнішча – якое ж Купалле без яго!
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №53 ад 09.07.2019 г.