Футбольныя вароты – падлеткам, асфальт – усім

Актуалии Общество Президент

Футбольныя вароты – падлеткам, асфальт – усім
Інфармацыя пра асфальтаванне цэнтральных вуліц аграгарадка Слабада, якое запланавана і будзе зроблена ў верасні работнікамі раённай дарожнай службы, стала ці не самай галоўнай і прыемнай навіной для жыхароў населенага пункта. Навіну на вясковым сходзе падчас дня работы з насельніцтвам (ён праходзіць на гэтым тыдні на тэрыторыі Сіроцінскага сельсавета) агучыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін, які ўзначаліў адну з груп.

Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін на сустрэчы з жыхарамі аграгарадка Слабада.

Сапраўды, вуліцы вёскі не бачылі рамонту з часу набыцця статусу аграгарадка, таму неабходнасць наспела. Тры самыя праблемныя ўчасткі агульнай працягласцю недзе з паўкіламетра восенню будуць асфальтаваны. Разам з гэтымі работамі будзе адрамантавана і тратуарная дарожка паміж двума азёрамі, па якой кожны дзень ходзяць у школу маленькія слабадчане.
Хочацца адзначыць, што актыўнасць жыхароў аграгарадка была даволі высокая, і гэта сведчыць пра іх неабыякавасць да жыцця. Сходы ў немаленькай вёсцы былі арганізаваны ў двух месцах, каля папулярных гандлёвых кропак – прыватнага магазіна “Яблычка” і магазіна спажыўкааперацыі. Прыемна адзначыць, што жыхароў вёскі цалкам задавальняе гандаль.
Абодва магазіны добра суседнічаюць, не вельмі адчуваючы на сабе канкурэнцыю. Асартымент багаты, завоз тавараў рэгулярны, выручка нядрэнная, гэта пацвердзілі і самі прадаўцы падчас размовы. Між іншым, задаволены гандлёвым абслугоўваннем і дзякавалі за добрую работу аўталаўкі і жыхары вёскі Чысці.
У прынцыпе нядрэнна наладжаны транспартныя зносіны: і з райцэнтрам, і з Віцебскам. Хаця некаторыя прапановы ўсё ж былі ўнесены кіраўніцтву раёна для аналізу, абмеркавання і прыняцця рашэння. Просьбу разгледзець пытанне аб прыцягненні прыватнікаў да дадатковых транспартных перавозак людзей выказаў дырэктар мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Сіроцінскі” Мікалай Прыгодзіч, які прысутнічаў на сходзе.
Узнялі вяскоўцы і набалелыя пытанні, якія, на іх думку, павінны быць рана ці позна вырашаны, бо статус аграгарадка ўрэшце дае надзеі і спадзяванні на больш камфортнае і ўтульнае жыццё ў параўнанні са звычайнай вёскай. Размова – пра адсутнасць гарачага водазабеспячэння і зачыненую грамадскую лазню. Дзе мыецца народ шматкватэрных дамоў, шчыра прызнацца, застаецца загадкай. Рашаюць пытанне, канешне, воданагравальнікі, і многія вымушаны былі іх устанавіць у сваіх кватэрах, аднак цяпер бязлітасна б’е па кішэні цэннік за электра-энергію. Таму жыхары Слабады пераканаўча прасілі ўлады заняцца ўшчыльную іх вельмі важным пытаннем па гарачай вадзе ці лазні.
Прасілі дапамагчы ва ўладкаванні ў двары шматпавярховак футбольных варот (“Больш нічога не просім, самі ўсё зробім, дапамажыце толькі матэрыяламі”) бацькі, у якіх выхоўваюцца падлеткі-хлопцы. Майстар участка ЖКГ паабяцала падтрымаць ініцыятыву.
У склад групы традыцыйна ўваходзяць прадстаўнікі праваахоўнай і сацыяльнай службы, выратавальнікі, якія ў першую чаргу наведваюць пэўныя катэгорыі грамадзян, пераважна з групы рызыкі і адзінока пражываючых, правяраюць умовы і лад жыцця, абавязкова праводзяць прафілактычныя гутаркі. На гэты раз і ў саміх слабадчан было некалькі просьбаў да мясцовага ўчастковага інспектара Дзмітрыя Зубарава. Адна з іх тычылася ўтаймавання падлеткаў, якія на аўтобусным прыпынку каля магазіна спажыўкааперацыі рэгулярна б’юць бутэлькі і наогул вядуць сябе не вельмі прыстойна. У сваю чаргу, прасіў выконваць элементарныя правілы асабістай бяспекі, быць абачлівымі і асцярожнымі з электрапрыборамі, падчас адпачынку на азёрах, правільна разводзіць кастры старшы інспектар РАНС Дзмітрый Гушчын. Пераконваў ён і ў неабходнасці ўстанаўлення ў жылых пакоях ратавальнага пажарнага апавяшчальніка. Інфармацыя работніка ТЦСАН Вольгі Лабейкі была вельмі дарэчы для людзей сталага ўзросту, якія маюць патрэбу ў дапамозе сацыяльных работнікаў па хатніх справах.
Пасля сходаў у аграгарадку Слабада група ў суправаджэнні старшыні сельвыканкама Аксаны Шынкевіч накіравалася ў вёскі Новазаронава, Грышаны, Дворышча і Чысці, каб і там сустрэцца з мясцовымі жыхарамі, даведацца, як ім жывецца, чаму радуюцца, якія праблемы маюць. І дапамагчы па меры магчымасці. Між іншым, жыхары гэтых вёсак вялікіх прэтэнзій не мелі, хіба што засмучаліся наконт таго, што дарогі да іх населеных пунктаў зарастаюць кустоўем. Па словах старшыні сельвыканкама, падобная праблема характэрная і для іншых вёсак сельсавета.
Усе пытанні, якія былі ўзняты жыхарамі вёсак Сіроцінскага сельсавета падчас сустрэч, сабраны і накіраваны для аналізу і вырашэння адпаведным службам.
У аўторак на тэрыторыі сельсавета пройдуць выязныя прыёмы грамадзян кіраўніцтвам раёна, у прыватнасці, намеснікамі старшыні райвыканкама Русланам Насцюш-кіным і Святланай Цімашэнкай. На наступную пятніцу ў рамках дня работы з насельніцтвам запланаваны дзень прафілактыкі з правя-дзеннем пасяджэння грамадскага пункта аховы правапарадку і запрашэннем на яго асоб, якія не хочуць ці не ўмеюць сябраваць з законам.
Удзел у рабоце групы брала
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №54 ад 12.07.2019 г.