Дзень работы з насельніцтвам прайшоў у Дабейскім сельсавеце

Новости Общество Президент

Падтрымліваюць  адзін  аднаго
Дзень работы з насельніцтвам прайшоў у Дабейскім сельсавеце.

За два дні, 13 і 14 жніўня, у кожнай вёсцы сельсавета прайшлі сходы жыхароў, сустрэчы з групамі райвыканкама, у якія ўваходзілі прадстаўнікі ўлады, розных раённых службаў. Таксама па месцы жыхарства былі наведаны адзінокія вяскоўцы сталага ўзросту, мнагадзетныя сем’і, інваліды. Падчас сустрэч жыхары населеных пунктаў, асабліва невялікіх вёсачак, падкрэслівалі, што жывуць дружна, падтрымліваюць адзін аднаго. Усе пытанні, якія выказвалі вяскоўцы, узяты на кантроль і накіраваны для рашэння ў адпаведныя арганізацыі.
Група, якую ўзначальвала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава наведала 13 жніўня аграгарадок Амбросавічы, вёскі Рускі, Гародна, Чарнецкія, Маркава.
У ходзе адкрытых, шчырых размоў Ірына Мікалаеўна падрабязна расказвала вяскоўцам пра сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў раёне, спынялася на найбольш актуальных пытаннях, якія тычацца жыцця сельскага насельніцтва. У прыватнасці, сёлета змянілася сістэма вулічнага асвятлення большасці сельскіх населеных пунктаў – сучаснае абсталяванне будзе кантраляваць стан вулічных свяцільнікаў і электрасетак, а таксама дазволіць уключаць святло ў аграгарадках і вёсках з цэнтральнага пункта кіравання ў адпаведнасці з графікамі, зацверджанымі сельвыканкамамі. Святло на сельскіх вуліцах уключаць у верасні.
Яшчэ адно надзённае пытанне – уборка зерневых на прыватных участках. Такіх участкаў амаль тысяча, іх агульная плошча 210 гектараў. Дажджлівае надвор’е тармозіць уборку зерня ў гаспадарках раёна. Як толькі будзе ўбрана большая частка плошчаў, пачнуць абмалочваць і прыватныя ўчасткі.  Як расказала старшыня райсавета, некаторыя гаспадаркі прыступяць да гэтай работы ўжо на наступным тыдні. За ўборку прыватнага збожжа ў раёне ўстаноўлена адзіная цана – 2,60 рубля за сотку. Пакуль што вяскоўцам рэкамендавалася па магчымасці скошваць зерневыя і складваць у стажкі, каб зерне не псавалася пад дажджом. А на перспектыву прапаноўвалася падумаць пра тое, каб высяваць збожжавыя ў палях севазвароту – гэта будзе больш зручна і для гаспадарак, і для вяскоўцаў.
Яшчэ адна актуальная тэма – рэалізацыя патрабаванняў Дэкрэта №3. Каб лічыцца занятым у эканоміцы, дастаткова мець аформлены ў адпаведнасці з заканадаўствам невялікі зямельны ўчастак і вырошчваць на ім сельскагаспадарчую прадукцыю для сябе. Закон дазваляе шырокі спектр занятасці і самазанятасці – розныя віды рамеснай дзейнасці, аказанне паслуг (па апрацоўцы агародаў, колцы дроў, дапамозе па гаспадарцы) і шмат іншага. Трэба толькі паведаміць у падатковую інспекцыю і заплаціць невялікі падатак. Ды і ў гаспадарках дастаткова вакансій рабочых прафесій.
Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Вячаслаў Воранаў засяроджваў увагу вяскоўцаў на асабістай і маёмаснай бяспецы: трэба заўжды закрываць на замок дзверы, не пакідаць на вуліцы ці ў двары веласіпеды, бензакосы, іншую маёмасць, не пускаць у дом незнаёмых людзей, запісваць нумары падазроных аўтамабіляў, паведамляць пра такія факты ў міліцыю па нумары 102. Ён прыводзіў прыклады, калі пільнасць вяскоўцаў дапамагала папярэдзіць крадзяжы ці знайсці злодзеяў. А дачнікам, якіх у наведаных вёсках многа, рэкамендавалася на зімовы час заключыць дагавор з Дэпартаментам аховы.
Зоя Вайцянкова, загадчык аддзялення Тэрытарыяльна цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, расказала пра дзейнасць установы, дапамогі і паслугі, якія ТЦСАН аказвае насельніцтву. Гэтая інфармацыя была актуальная для пажылых грамадзян, інвалідаў, мнагадзетных сем’яў, іншых катэгорый грамадзян. Так, цэнтр забяспечвае сацыяльным работнікам усіх, хто мае патрэбу, можа ўстанаўліваць апеку, аказвае комплекс платных паслуг (колка і складзіраванне дроў, касьба, апрацоўка агародаў, рамонт і іншае). У аддзяленні кругласутачнага знаходжання створаны годныя ўмовы для пражывання адзінокіх грамадзян як пастаянна, так і на пэўны час, напрыклад, восень і зіму. У цэнтры маюцца ўмовы для зносін, заняткаў у розных гуртках і г. д. Зоя Мікалаеўна цікавілася наяўнасцю адзінокіх людзей, якім патрабуецца дапамога цэнтра.
Галоўны спецыяліст аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Аляксандр Дабравольскі тлумачыў вяскоўцам і дачнікам неабходнасць афармлення зямельных участкаў і нерухомай маёмасці ў адпаведнасці з заканадаўствам, нагадваў пра абкос падворкаў і ўчасткаў, утрыманне іх у парадку. Папярэджваў пра неабходнасць барацьбы з інвазіўнымі раслінамі – баршчэўнікам, сумнікам (рус. – золотарник), эхінацысцісам («шалёны агурок»). Дарэчы, той самы сумнік практычна ў кожнай вёсцы рос каля дамоў як дэкаратыўная расліна.
Жыхары наведаных вёсак са свайго боку ўзнімалі хвалюючыя іх пытанні. Амаль ўсюды прасілі спілаваць аварыйныя дрэвы ля дамоў і на могілках. Гэтая праблема абвастрылася пасля моцных вятроў, што прайшліся па тэрыторыі раёна 8 жніўня і павалілі нямала старых дрэў. Шмат дзе былі просьбы аб рамонце дарог і вуліц, вырубцы кустоўя ўздоўж дарог. У Гародне і Чарнецкіх узнялі пытанне ўвядзення ў гаспадарчы абарот закінутых зямель. Была просьба аб дапамозе з уладкаваннем на работу. Дачнікаў цікавілі пытанні аплаты камунальных паслуг, кошту газавых балонаў і электраэнергіі. На многія пытанні адказы і тлумачэнні даваліся на месцы, астатнія былі ўзяты на кантроль.
Сёння, 16 жніўня, у сельсавеце пройдзе дзень прафілактыкі і пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку. 20 жніўня пройдуць выязныя прыёмы грамадзян кіраўніцтвам раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №64 ад 16.08.2019 г.