В Шумилино ГАИ проверила школьный транспорт – все 10 автобусов к перевозке детей готовы

Актуалии Безопасность Новости Образование

Школьныя аўтобусы чакаюць дзяцей
Перад новым навучальным годам супрацоўнікі ДАІ праверылі тэхнічную гатоўнасць аўтобусаў адзела па адукацыі райвыканкама.
Усе дзесяць аўтобусаў з надпісам “Дзеці” з раніцы выстраіліся ў радок на пляцоўцы ля гаражоў у чаканні супрацоўнікаў ДАІ. Кожны год у канцы жніўня вядзецца агляд аўтобусаў на наяўнасць тэхнічных няспраўнасцей, бесперабойнай работы знешніх светлавых прыбораў. Калі ўзнікаюць дробныя заўвагі, то яны выпраўляюцца па гарачых слядах.
Падчас агляду школьных аўтобусаў  старшы дзяржаўтаінспектар Віктар Бурлакоў праверыў вадзіцеляў аддзела па адукацыі на прадмет стажу работы з катэгорыяй “Д”, тэрміны праходжання тэхнічнага агляду аўтобусаў, звярнуў увагу на стан шын, сістэму закрывання дзвярэй. Супрацоўнік ДАІ пратэсціраваў вадзіцеляў па правілах захавання парадку высадкі і пасадкі школьнікаў, правёў інструктаж па тэхніцы бяспекі. Прыемна адзначыў, што заўваг няма. “Стараемся – у нас жа нас асаблівыя пасажыры – дзеці, – адзначыў інжынер-механік аддзела па адукацыі райвыканкама Ігар Інц. – Штодзень перад выездам на лінію аўтобусы правяраюцца, вадзіцелі праходзяць перадрэйсавы медыцынскі агляд. Усе вадзіцелі адказныя і вопытныя – у кожнага больш за дзесяць гадоў стажу. А ёсць і такія, што за рулём больш за трыццаць гадоў”. Сярод апошніх – Пётр Васёха, якому сёлета даверылі новы аўтобус. “Буду ездзіць на кардонскі накірунак, – расказаў вадзіцель. – Увогуле ў раён сёлета паступілі тры школьныя аўтобусы. Яны абсталяваны відэакамерамі задняга бачання. Гэта вельмі зручна, асабліва, калі ззаду ёсць перашкода, якую трэба аб’ехаць”. Дарэчы, відэакамерамі могуць пахваліцца не толькі вадзіцелі новых аўтобусаў, але і ўсе астатнія – на днях іх устанавілі на ўвесь школьны транспарт.
Супрацоўнікі ДАІ прыдзірліва аглядалі салоны: уваход быў абсталяваны поручнямі, усе сядзенні – рамянямі бяспекі і вогнетушыцелямі, у транспарце  для зручнасці дзяцей пачатковых класаў маецца дадатковая прыступка. Ва ўсіх аўтобусах ёсць святловяртальныя камізэлькі – на выпадак, калі ў надзвычайнай сітуацыі спатрэбіцца перайсці дарогу.
Усе школьныя аўтобусы дапушчаны да перавозкі. 2 верасня вадзіцелі транспарту аддзела па адукацыі ў прызначаны час адправяцца за хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў розныя вёскі раёна, каб прывесці іх да ўстаноў адукацыі. Дарэчы, на падвозе сёлета будзе больш за 340 дзяцей, а школьныя аўтобусы за дзень будуць аб’язджаць каля сарака населеных пунктаў раёна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №67 ад 27.08.2019 г.