Место работы – весь сельсовет

Людзі і лёсы Общество

Месца работы – увесь сельсавет
Утульны кабінет, мора кветак, прывабныя фіранкі на вокнах. Гэта кабінет старшыні Сіроцінскага сельвыканкама Вольгі Аляксандраўны Пастарнаковай. Месца ж работы — увесь сельсавет.
Вытворчыя справы ў калгасе “Сіроцінскі”, паспяховасць вучняў у школе, работа магазінаў, клубаў, ФАПаў на тэрыторыі сельсавета, жыццё ветэрана і маладой сям’і — усё хвалюе старшыню. Яна шчыра стараецца быць добрым кіраўніком і не страціць лепшых жаночых якасцяў. Яе стыль працы адрознівае высокая патрабавальнасць да сябе і ўважлівыя адносіны да кожнага чалавека.
А яшчэ Вольга Аляксандраўна – клапатлівая жонка, маці і бабуля. Побач з ёй – муж Рыгор Уладзіміравіч, з якім яна ўжо амаль 30 год разам. Неўпрыкмет выраслі дзеці: Таццяна скончыла медыцынскае вучылішча, Ірына – педагагічны ўніверсітэт, а Сяргей – каледж сувязі. Падрастае ўнучка Ганначка.
– У мамы свой погляд на ўсё. Вучыць яна нас не назойліва, тактоўна, уласным прыкладам. Умее ў час пахваліць і заахвоціць. Яна дае нам урокі дабрыні і справядлівасці, чуласці і спагады, ураўнаважанасці і руплівасці, а ўвогуле – чалавечага ладу жыцця. І як добра, што гарыць у кватэры святло, а ў акне мы бачым маму, якая чакае  нас…,  — расказвае старэйшая дачка Таццяна.
– Добрая душа матулі прагне прыгажосці вакол сябе. Кветкі – яе стыхія. Буяе палісаднік зыркай квеценню – півоні і вяргіні, астры і маргарыткі. Любіць мама ставіць букеты. Сціплыя, часам з палявых кветак, яны ажыўляюць няхітры інтэр’ер нашай хаты. Не шкадуе кветак вясковым дзецям, як тыя ідуць у школу, — падхоплівае другая дачка Ірына.
– У нас не толькі кветкі растуць. Каб заўжды на стале круглы год была агародніна ў свежым і кансерваваным выглядзе, мае бацькі прыкладаюць шмат стараннасці і працы. Вырошчваем бульбу і капусту, буракі і моркву, цыбулю і часнок, агуркі і памідоры. Цудоўна растуць клубніцы і парэчкі. Ёсць яблыні, вішні, слівы. Адным словам, усё, што я пералічыў, у крамах мы не купляем, — дадае сын Сяргей.
Сядзібу Пастарнаковых адразу пазнаеш па акуратнаму дворыку, прыгожым кветніку, дагледжанаму агароду. Часу, праўда, як кажа Вольга Аляксандраўна, не хапае на ўсё. Але ж у каго яго лішкі? Галоўнае, што хапае часу на душэўнасць, на чалавечнасць.
Вольга ДРОЗД,  пазаштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №87 ад 10.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *