Конкурсы, олимпиады, автобусы, концерты и другие районные новости

Актуалии Новости

Экскаватар
Прадпрыемства меліярацыйных сістэм купіла новы экскаватар за 400 мільёнаў рублёў, паведаміў нам галоўны інжынер прадпрыемства А. М. Лакціёнаў.  Машыну зрабілі на Коханаўскім экскаватарным заводзе. Экскаватар многааперацыйны: ён можа капаць траншэі, грузіць на прычэп грунт, чысціць каналы.
Бетонамяшалка
А прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі купіла бетонамяшалку. Цяпер не трэба пазычаць тэхніку на Обальскім керамічным заводзе, як рабілі раней, адзначыў начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП ЖКГ Ю. М. Міцькін. Дарэчы, бетонамяшалка ўжо задзейнічана – па вуліцы Першамайскай ў Обалі вядзецца рамонт шматпавярхоўкі.
Канцэрт
Работнікі Дома культуры  нядаўна пабывалі з канцэртам у Полацкім РДК. Аб гэтым нам паведаміла мастацкі кіраўнік ГДК С. В. Дземідзенка. Больш за 250 гледачоў прыйшлі паглядзець мюзікл “Сярдзючка шукае мужа”. Народны тэатр мініяцюр “БУФФ”, народны хор “Світанак”, народны тэатр, салісты групы “Шанс” – усіх шумілінскіх артыстаў жыхары Полацкага раёна ўспрынялі на “ўра”. Дарэчы, на рахунак Дома культуры ад канцэрта паступіла каля двух мільёнаў рублёў.
Раённыя алімпіяды
Заўтра, 12 лістапада, пачынаецца раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. На працягу трох тыдняў вучні з усіх базавых і сярэдніх школ раёна, якія сталі пераможцамі школьнага этапа, будуць паказваць узровень сваіх ведаў. У спаборніцтвах па 14-ці вучэбных прадметах пакажуць свае веды 269 вучняў. Дарэчы, самыя папулярныя сярод вучняў – беларуская і руская мовы.
Школьны аўтобус
Аддзел адукацыі райвыканкама набыў новы аўтобус для перавозкі вучняў. Расійскі аўтобус маркі “ПАЗ” вырабляецца ў Бабруйску. Ён спецыяльна прызначаны для перавозкі дзяцей: абсталяваны спецсядзеннямі, рамянямі бяспекі, высоўнымі падножкамі, хуткасць аўтобуса не перавышае 60 кіламетраў у гадзіну. Аўтобус паступіць у раён да канца месяца. Кошт пакупкі – каля 560 мільёнаў рублёў.
Конкурс Саюзнай дзяржавы

1-6 лістапада ў Гомелі прайшла алімпіяда па рускай мове і літаратуры “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. У алімпіядзе прынялі ўдзел дзевяць каманд з Беларусі і дваццаць з Расійскай Федэрацыі. Гонар каманды Віцебскай вобласці абараняў і адзіннаццацікласнік Обальскай СШ Андрэй Садоўнікаў. Андрэй трапіў  на алімпіяду па выніках адборачнага туру, які праходзіў ва ўсіх школах.
Алімпіяда складалася з літаратурнага і лінгвістычнага конкурсаў. Віцябляне занялі выніковае трэцяе месца. Прызёры і пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі ад Саюзнай дзяржавы.
Ларыса ЗАЙЦАВА, Сяргей ЕРМАЛАЕЎ,  Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №87 ад 10.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *