Иван Возмитель: «Профсоюз – реальная сила»

Новости Общество

Прафсаюз  –  рэальная  сіла
Прафсаюз – гэта рэальная сіла, накіраваная на абарону правоў чалавека працы, яго маральную і матэрыяльную падтрымку, заявіў старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Вазміцель падчас наведвання 10 верасня Шумілінскага раёна.

З мэтай маніторынгу работы пярвічных прафсаюзных арганізацый Іван Канстанцінавіч пабываў на ТАА “Вежа”, у СШ №1 г. п. Шуміліна, “Шумілінскім лясгасе”, а таксама наведаў раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Ён сустрэўся з прафсаюзнымі лідарамі арганізацый, выказаў заўвагі і прапановы па ўдасканаленні работы.
І. К. Вазміцель разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Вячаславам Емяльянавым і старшынёй райкама прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Аленай Сініцкай завітаў і ў рэдакцыю газеты “Герой працы”, дзе ў гэты дзень праходзіў справаздачна-выбарны сход. Кіраўнік абласнога прафсаюзнага аб’яднання расказаў пра развіццё прафсаюзнага руху ў Віцебскай вобласці, павышэнне яго ролі і значэння ў жыцці грамадства. Іван Канстанцінавіч паведаў, што зараз у вобласці працуюць 2803 пярвічныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць 408 тысяч працоўных. Пра высокую ролю прафсаюзаў у рабочым асяроддзі сведчыць той факт, што ахоп прафсаюзным членствам сярод працуючых складае зараз 95,6%. Толькі за мінулы год на Віцебшчыне было створана 150 новых прафсаюзных пярвічак.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота з архіву БЕЛТА.
Надрукавана ў №72 ад 13.09.2019 г.