Ученики Башневской школы отправились в велоэкспедицию к Большому камню

Молодёжь Образование Экология

На веласіпедах – па азёрах і калодзежах
З нагоды Еўрапейскага тыдня мабільнасці вучні Башнёўскай школы адправіліся ў велаэкспедыцыю да Вялікага каменю. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах па назіранні за рэкамі разам з настаўнікамі праклалі маршрут, які бу-дзе нанесены на турыстычную карту Шумілінскага раёна ў рамках праекта «Развіццё веларуху ў Беларусі».

– Кожны з аб’ектаў маршруту мае сваю легенду, і гэта таксама знойдзе адлюстраванне ў яго апісанні, – гаворыць настаўнік Башнёўскай школы Марына Аляксеенка. – Маршрут пралягае праз сетку азёр раёна, якія адносяцца да басейна ракі Сечна. Мы з радасцю канстатавалі, што большасць нашых азёр чыстыя і гатовыя да сустрэчы турыстаў і гасцей.
А вось бераг Дабееўскага возера сустрэў веласіпедыстаў звалкай смецця. Там няма спецыяльна абсталяванага пляжу, і можна меркаваць, што часцей за іншых на гэтым возеры бываюць рыбакі. Марына Аляксеенка сказала, што спадзяецца на дапамогу Таварыства паляўнічых і рыбаловаў у прывядзенні маляўнічага берага ў парадак. Да гэтай работы падключацца таксама члены грамадскага аб’яднання «ЭкаБум» і ўсе неабыякавыя да прыроды людзі.
Школьнікі з дапамогай экспрэс-метаду высветлілі, што вада ў азёрах не мае лішкаў нітратаў. Таксама юныя эколагі правялі даследаванні вады ў калодзежах. Жыхары Непаротаў, Дабеі, Боськава, Бараноўскіх даведаліся, што ўжываюць у ежу чыстую і бяспечную для здароўя ваду.
Канечная кропка маршруту – помнік прыроды «Вялікі камень» – сустрэў веласіпедыстаў чысцінёй і дагледжанасцю.
Экспедыцыя праводзілася пры фінансавай падтрымцы Цэнтра экалагічных рашэнняў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №76 ад 27.09.2019 г.