Шумілінская “Экспрэсія” ў Санкт-Пецярбурзе
Ансамбль мажарэтак і барабаншчыц “Экспрэсія” Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў стаў прызёрам міжнароднага чэмпіянату “Гран-пры” па мажарэт-спорце і цвірлінгу, які адбыўся 28-30 верасня ў Санкт-Пецярбурзе.
Запрашэнне на ўдзел у гэтым прэстыжным конкурсе шумілінская “Экспрэсія” атрымала яшчэ ў ліпені пасля “Славянскага базару”, расказала кіраўнік калектыву Кацярына Кузьміна. Менавіта там іх убачылі і вылучылі арганізатары конкурсу на чале з Сусветнай федэрацыяй па мажарэт-спорце (WMF).
Калектывы 12 краін свету (Беларусь, Расія, Балгарыя, Грэцыя, Венгрыя, Польшча, Казахстан і інш.) прынялі ўдзел у конкурсе. Ад Віцебскай вобласці разам з шумілінскай “Экспрэсіяй” у Санкт-Пецярбург паехалі ансамблі мажарэтак і барабаншчыц з Дуброўна, Новалукомля і Оршы.
Прыгожа, упэўнена, віртуозна выступілі шумілінскія барабаншчыцы. Іх майстэрства атрымала высокія адзнакі суддзяў розных краін. У намінацыі “Барабаншчыцы” ансамбль “Экспрэсія” пад кіраўніцтвам Кацярыны Кузьміной заняў 3 месца ва ўзроставай катэгорыі юніёркі (12-14 год) і 4-е ў катэгорыі сіньёркі (ад 15 год і старэй).

Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2019 г.