Бяспека ў інтэрнаце і даўгі па камуналцы – абмеркавана на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў

Актуалии Безопасность Новости Президент

Бяспека ў інтэрнаце і даўгі па камуналцы
Сёлета ў Віцебскай вобласці ў інтэрнатах здарылася 6 пажараў (у 2018 – 2). Толькі ў адным выпадку прычынай пажару стала неасцярожнае абыходжанне з агнём, у астатніх былі парушаны правілы эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. Гэтыя лічбы і факты былі агучаны на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.
Месцам масавага знаходжання людзей у нашай краіне ўдзяляецца шмат увагі. Кіраўнік краіны сёлета даручыў прыняць меры па забеспячэнні пастаяннага кантролю пажарнай бяспекі ў інтэрнатах і іншых аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей, уключаючы пытанні ўтрымання ў спраўным становішчы сістэм пажарнай аўтаматыкі.
Што тычыцца нашага раёна, пытанні стану пажарнай бяспекі інтэрнатаў і месцаў масавага знаходжання людзей неаднаразова разглядаліся на пасяджэннях райвыканкама, прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, прыняты пэўныя меры па прывядзенні аб’ектаў у адпаведнасць з патрабаваннямі пажарнай бяспекі, палепшыўся стан многіх аб’ектаў. Тым не менш, як паказваюць маніторынгі, ёсць праблемныя пытанні, адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. Трэба прымаць аператыўныя меры, менавіта таму тэма вынесена на абмеркаванне членаў прэзідыума.
Так, па словах дакладчыка Дзмітрыя Гушчына, старшага інспектара РАНС, у 5 інтэрнатах (размова ідзе пра  інтэрнаты “Шумілінскай ПМК-70” і Обальскага керамічнага завода) створаны не ўсе ўмовы для бяспечнага пражывання людзей. Ва ўсіх устаноўлены сістэмы пажарнай аўтаматыкі, аднак ёсць пытанні з іх спраўнасцю. Не ўсюды створаны ўмовы для бяспечнай эвакуацыі людзей пры пажары, большасць электрапліт эксплуатуецца з перавышэннем тэрмінаў эксплуатацыі, многія з іх няспраўныя, некаторыя інтэрнаты не забяспечаны ў поўным аб’ёме пярвічнымі сродкамі пажаратушэння.
Дакладчык спыніўся і на іншых аб’ектах масавага знаходжання людзей, расказаў пра сітуацыю з пажарнай бяспекай ва ўстановах адукацыі і культуры, бальніцах. Справаздачы трымалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Навіцкая, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама А. Талстая, в. а. галоўнага ўрача ЦРБ С. Лінкевіч, дырэктар УП ЖКГ А. Шпакаў і іншыя.
Уключаныя ў праект рашэння мерапрыемствы  накіраваны на забеспячэнне бяспекі грамадзян, якія пражываюць у інтэрнатах, безаварыйную работу небяспечных аб’ектаў, а таксама на павышэнне адказнасці кіраўнікоў і службовых асоб за гібель людзей.
*   *   *
Па стану на 1 верасня пратэрмінаваная запазычанасць за жыллёва-камунальныя паслугі склала амаль 135 тысяч рублёў і павялічылася ў параўнанні з мінулым годам на 6%. Колькасць асабістых рахункаў, якія маюць запазычанасць, складае амаль 1200. На пасяджэнні абмеркавана пытанне па рабоце групы па разлікова-пашпартным абслугоўванні г. п. Шуміліна КУВП “Віцебскі абласны разлікова-даведачны цэнтр” і УП ЖКГ Шумілінскага раёна па скарачэнні запазычанасці па камунальных паслугах. Мяркуючы па росце запазычанасці і наогул па суме доўгу, мер, якія прымаюцца адказнымі службамі, яўна недастаткова. Былі заслуханы справаздачы кіраўніка групы па разлікова-пашпартным абслугоўванні Вольгі Ганчар, дырэктара УП ЖКГ Аляксея Шпакава. Па абмеркаваным пытанні прынята пастанова.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2019 г.