Шумилинские волейболистки вырвали победу

Моладзь Навіны Спорт

Перамога ў шумілінскіх валейбалістак
Каманда Шумілінскай СДЮШАР стала пераможцам адкрытага турніру па валейболе сярод  дзяўчынак 2005 года нараджэння і маладзей, прысвечанага памяці Героя Савецкага Саюза Пятра Акуцыёнка. У спаборніцтвах, якія прайшлі 5-6 кастрычніка ў Шуміліне,  нашы зямлячкі былі мацнейшымі.

Удзельнікаў спаборніцтваў вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава: “Жаночы валейбол – яркі і непрадказальны, прыгожы і эмацыянальны. Упэўнена, што сёлетні турнір падорыць безліч радасці і перажыванняў як для саміх удзельнікаў, так і для балельшчыкаў. Ну, і зразумела, перамога будзе за той камандай, якая больш гэтага хацела і больш трэніравалася”.
За перамогу змагаліся каманды са спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школ алімпійскага рэзерву Шуміліна, Оршы, Наваполацка, спартыўнай школы Пскова і рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Мінска. Кожны з пяці калектываў – вопытны, са сваім гульнявым почыркам.  Пра кожную з каманд можна сказаць, што валейбалісткі добра разумеюць сваіх сябровак па пляцоўцы, выконваюць трэнерскія задумы, разыгрываюць цікавыя камбінацыі, а ў спартыўнай скарбонцы – багата перамог і прызавых месцаў на розных стартах.
Адкрывала спартыўную частку гульня “Шуміліна”–“Наваполацк”. Кацярына Асташонак, Наталля Казьміна, Марыя Кралько, Аксана Быстрова, Анастасія Бабарэка, Кацярына Вінаградава, Аксана  Навіцкая, Аліна Ільінец, Вікторыя Асташонак і Святлана Тарасава  з першай падачы паказалі, што на хатнім турніры яны будуць змагацца толькі за перамогу. У шумілінскіх валейбалістак атрымлівалася ўсё  – бездакорныя падачы, упэўнены прыём, надзейныя блокі, моцныя ўдары ў нападзенні. І, галоўнае, быў камандны дух. Як вынік, перамога з яўнай перавагай.
У матчы супраць аршанскай каманды трэнер Людміла Харкавец дала шанс пагуляць бліжэйшаму рэзерву каманды. І дзяўчаты не падвялі свайго трэнера. Магчыма, у іх дзесьці не хапала спартыўных уменняў, але жадання гуляць было хоць адбаўляй. І гэтага хапіла для перамогі.
Да сваёй сустрэчы “Шуміліна” і “Мінск” падышлі з трыма перамогамі. У асабістай сустрэчы паміж імі і вырашаўся лёс першага месца. Адразу ініцыятывай завалодалі госці, 0:2 на карысць “Мінска”. Але трэнер Людміла Харкавец змагла “вярнуць” каманду ў гульню: “Шуміліна” зраўняла лік. Усё вырашыла апошняя пятая партыя, якая прайшла пры гучнай падтрымцы гледачоў.  І нашы валейбалісткі змаглі абыграць мінчанак.
Па выніках турніру першае месца ў “Шуміліна”, другое – у “Мінска”, трэцяе – у “Наваполацка”.  Лепшым іграком турніру была прызнана Марыя Кралько, прыз сімпатый гледачоў дастаўся Кацярыне Вінаградавай.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №80 ад 11.10.2019 г.