Прытармазі, пешаход!

Актуалии Безопасность Общество

Прытармазі, пешаход!
З той пары, як я стала вадзіць машыну, крыху недалюбліваю пешаходаў. А часам і моцна. Не ўсіх, вядома, але пяцігадовы вадзіцельскі стаж дазваляе рабіць нейкія вывады пра паводзіны гэтых удзельнікаў дарожнага руху. Да вадзіцеляў, абавязкова парыруе нехта, таксама можна прад’явіць мора прэтэнзій, але зараз я менавіта пра пешаходаў, прабачце – накіпела.

Мне заўсёды здавалася, што пачуццё самазахавання – базавы чалавечы інстынкт. І толькі ў пешаходаў ён ці то дрэмле, ці то зусім знік за непатрэбнасцю. А навошта, яны ж на дарозе “заўсёды правыя”. Можа, таму ў паводзінах і чытаецца цынічна-прадузятае стаўленне да людзей за рулём. Дапусцім, ненавісныя вам аўтамабілісты, але “цягацца” на дарозе з нечым, што важыць дзве тоны, сама меней, недальнабачна. І нават калі дапусціць, што вадзіцель ва ўсім ня-правы, хіба ад гэтага лягчэй, калі гаворка ідзе пра здароўе, а часам і жыццё.
Нават не стану наракаць на тое, што, пераходзячы праезную частку па “зебры”, некаторыя пешаходы, мякка кажучы, не спяшаюцца. Але аднойчы перада мной дзве дамы, увогуле, спыніліся. Мяркуючы па ўсім, яны даўно не бачыліся, таму ўзяліся нешта бурна абмяркоўваць. Святое дзела, вядома. Але не на пешаходным  жа! У адказ на маё справядлівае “пі-бі” я атрымала абураныя погляды і адпаведныя жэсты, маўляў, мы ж на “зебры” стаім.
А як вам вось гэта выцягнутая рука з адкрытай далонню? Маўляў, прытармазі, дарагі, бачыш – важныя людзі дарогу пераходзяць. Прытым найчасцей нясцерпнае жаданне трапіць на іншы бок вуліцы ўзнікае метраў за 50 ад “законнага” пераходу. А аднойчы я, увогуле, ледзь бабулю на той свет не адправіла. І дзе? На зусім пустой трасе Р-20. Было адчуванне, што яна проста дачакалася, калі паедзе машына, і рванула на той бок. Думаю, такіх выпадкаў у скарбонцы кожнага вадзіцеля дастаткова.
Усе мы з дзяцінства ведаем: пераходзячы вуліцу, трэба паглядзець па баках, пераканацца, што машын няма, і толькі тады ісці. Чаму ж, пасталеўшы, некаторыя раптам забываюць пра ўсялякую асцярожнасць? Дэманструюць, калі можна так выказацца, прынцыповую пазіцыю. А іншыя ні на чым і не настойваюць, проста іх думкі і рэакцыю вельмі цяжка прадбачыць. Стаіць, дапусцім, на краі дарогі чалавек і ўсім сваім выглядам дэманструе, што пераходзіць не збіраецца, што, маўляў, праязджайце, я нікуды не спяшаюся.  Але як толькі ты кранаешся, ён таксама зрываецца з месца. І наогул, пад колы кідаюцца часта – рэзка павярнуўшы з тратуара, выскачыўшы з-за аўтобуса, жадаючы хуценька перабегчы ў неналежным месцы. Асобная катэгорыя – гэта людзі ў навушніках ці ўткнутыя ў смартфон. Можа, не ўсе ведаюць, але спыніць машыну імгненна немагчыма. І гэта трэба неяк улічваць, нават калі перавага – за пешым удзельнікам дарожнага руху.
Вось і атрымліваецца, што за рулём ты ў пастаянным напружанні, бо ніколі не ведаеш, што можа здарыцца ў наступную секунду. І падспудна разумееш: калі што, цябе так ці іначай абвінавацяць у здарэнні. У любым выпадку, усведамляеш каласальную адказнасць за сітуацыю на дарозе. І нешта мне падказвае, што значна большую, чым пешаход.
Я, вядома, ні на што не намякаю, але прывучылі ж неяк вадзіцеляў, скажам, прышпіляцца, няўжо пешаходаў нельга вось так жа дысцыплінаваць? Адной мне здаецца, што да аўтамабілістаў куды больш строгія і грамадства, і дзяржаўтаінспекцыя?..
Але ёсць на дарозе той, хто, на мой пагляд, значна больш непрадказальны, а значыць і небяспечны. Гэта веласіпедысты. Ніколі не ведаеш, павядуць яны сябе як вадзіцелі ці як пешаходы. Яны едуць па праезнай частцы пры наяўнасці пешаходнай дарожкі; паварочваюць, не гледзячы па баках, а толькі заявіўшы пра манеўр выцягнутай рукой; не рэагуюць на знакі. Правілы дарожнага руху яны не ведаюць, проста адчуваюць, што ўсе і ўсюды іх павінны прапусціць.
Вось і атрымліваецца, што пакуль пешаходы і вадзіцелі – па розныя бакі барыкад. А павінны ўяўляць сілы аднаго фронту. Калі ўсе будуць проста выконваць  правілы – гэта ўжо выдатна. Але і элементарная павага і ветлівасць, якія вылучаюць інтэлігентных і выхаваных людзей у грамадстве, на дарозе таксама будуць вельмі дарэчы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №85 ад 29.10.2019 г.