Президиум Шумилинского райсовета проанализировал работу в организациях по сохранности документов

Новости Президент

Галоўная  задача  –  захаваць  дакументы

У панядзелак прайшло пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, на якім было абмеркавана пытанне “Аб рабоце арганізацый Шумілінскага раёна па захаванасці дакументаў”.

«Аналіз работы па выкананні заканадаўства ў плане афармлення і захаванасці дакументаў паказвае, што ў многіх арганізацыях і прадпрыемствах раёна яна знаходзіцца на належным узроўні, адказныя асобы працуюць у рамках законаў, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. – Разам з тым, маніторынг выяўляе і шэраг тыповых памылак і недапрацовак і ў якасці афармлення дакументаў, і па вядзенні асабістых спраў работнікаў, у падрыхтоўцы і здачы дакументаў у архіў. У такім пытанні не атрымліваецца спасылацца на адсутнасць сродкаў, гэта наогул не затратнае пытанне. Тут у першую чаргу размова ідзе пра нядобрасумленныя і абыякавыя адносіны адказных асоб да сваіх службовых абавязкаў. Трэба неадкладна прыняць канкрэтныя дзейсныя меры па ліквідацыі недахопаў па якасці афармлення і захаванасці дакументаў, якія маюць пэўныя тэрміны захавання».

Па словах дакладчыка дырэктара “Шумілінскага раённага архіва” Валянціны Кобзун, прыемна адзначыць прадпрыемствы, у якіх работа па вядзенні, афармленні і захаванні дакументацыі знаходзіцца на высокім узроўні. Гэта УП ЖКГ, ТЦСАН, сельгаспрадпрыемствы “Лаўжанскае”,  “Ляжні”, “Сіроцінскі” і “Мішневічы”.

Добра вядзецца гэтая работа ў КУП “Гандлёвы дом “Обальскі”, ОКЗ, Шумілінскі раён газазабеспячэння, ДРБУ №204 і інш.  У гэтых арганізацыях выдзелены асобныя памяшканні пад архівы, абсталяваныя шафамі, стэлажамі, сейфамі. Падтрымліваецца тэмпературна-вільготны рэжым, перыядычна праводзіцца навукова-тэхнічная апрацоўка дакументаў (на дадзены момант  дакументы павінны прайсці НТА па 2015 год уключна). Разам з тым, ёсць і такія арганізацыі, дзе апрацоўка дакументаў, якую прадугледжвае закон, не зроблена з 1999 года”. Хвалюе раённых архівістаў захаванасць (дакладней, неналежная захаванасць) дакументаў па асабістаму складу ААТ “Прыазёрны мір” і “Прыдзвінскі”, райаграсэрвісу.

Асаблівая ўвага павінна ўдзяляцца дакументам, якія маюць архіважнае значэнне для людзей пры выхадзе іх на пенсію па ўзросце, на льготных умовах, выплаце рознага роду дапамог, устанаўленні працоўнага стажу. Відавочна, што ад паўнаты звестак дакументаў будзе залежыць ступень іх сацыяльна-прававой абароны, памер іх пенсій.

Гэта пацвердзіла і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Валекава, якая расказала пра асноўныя праблемы, з якімі да іх прыходзяць людзі падчас афармлення пенсій. Па словах Святланы Валянцінаўны, частыя парушэнні выяўляюцца ў  райспажыўтаварыстве, райаграсэрвісе, сельгаспрадпрыемствах.

Былі заслуханы тлумачэнні адказных за вядзенне дакументацыі, архіў і справаводства некаторых арганізацый і прадпрыемстваў.

Па абмеркаваным пытанні прынята пастанова.

Алена КАРПУШЭНКА.

Надрукавана ў №86 ад 01.11.2019 г.