“Мёртвый сезон” шумилинской гостиницы

Экономика

В этом здании планирется новоселье шумилинской гостиницы

“Мёртвы сезон” для гасцініцы
Кожны з нас хоць раз у жыцці  карыстаўся паслугамі гасцініцы. Шыкоўнай, з “зоркамі” ці сціплай,  раённага “пакрою”. Праўда, гасцінічны  “пакрой” у кожным раёне свой, аднак такіх гасцініц пад “рэтра”, як у Шуміліне,  у рэспубліцы мала.
Згадваецца пачатак 80-х гадоў 20 стагоддзя, калі прыехаў уладкоўвацца ў рэдакцыю раённай газеты. Далі мне рэдакцыйнае заданне, сабраў фактуру і пісаць артыкул накіраваўся ў гасцініцу. Тую самую, што і сёння па вуліцы Ленінскай. Тады ў тамбуры  (холам ніяк не назавеш) стаяла вядро з халоднай вадой, туалет быў на вуліцы. Помню, мне пашанцавала: цэлы вечар, калі пісаў артыкул, у пакоі заставаўся адзін, хаця нумар быў разлічаны на траіх.
Не намнога прасунулася з таго часу якасць гасцінічнай паслугі, хаця мінула без малога 30 гадоў. Той жа будынак, той жа туалет на вуліцы, адно што з’явілася цэнтральнае ацяпленне і праведзены ў гасцініцу водаправод.
Пакаёўка гасцініцы УП ЖКГ А. В. Шумская сумавала: пражывае ў нумарах усяго адзін чалавек, клопатаў у яе па мінімуму. Хаця зарплата пакаёўкі не залежыць ад таго, наколькі запоўнена гасцініца. Відаць, не атрымліваецца перавесці штат гасцініцы на здзельна-прэміяльную аплату працы.
Гасцініца ў Шуміліне — на 20 ложкаў. Вясной і летам пастаяльцаў было шмат, зараз — мёртвы сезон. І не таму, што прыспелі халады, хутчэй за ўсё  самыя прыбыткі гасцініцы давалі тыя, хто прыязджаў з нагоды ўзвядзення комплексу ў ААТ “АграБаравінка” або на святкаванні з іншых гарадоў Беларусі і нават з замежных краін. Цяпер з гэтым сапраўды “мёртвы сезон”. Тым не менш можна было б прывабіць дадатковы кантынгент жыльцоў, калі б гасцініца магла аказваць комплекс сучасных і запатрабаваных паслуг.
Але пра гэта пакуль што гаварыць досыць заўчасна. Хаця кіраўніцтвам раёна даўно авалодала думка мець больш прыстойны будынак для гасцініцы. Вырашана размясціць нумары атэля ў былым інтэрнаце райаграсэрвісу, што па вуліцы Кароткіна. Будынак перадалі на баланс УП ЖКГ. Віцебскія праектанты правялі кантрольныя абмеры, узяліся рабіць праектную дакументацыю. Дададзім: пад гасцініцу тут будзе адведзена адно крыло з паніжаным паверхам будынка, у другім крыле застануцца інтэрнацкія пакоі. Намераны мець у гасцініцы і адзін нумар “люкс” — з асобным уваходам (там, дзе месцілася некалі “Оптыка”). Колькі трэба грошай на праект, на рэканструкцыю, сказаць цяжка. Аднак тое, што для раёна ў няпросты для эканомікі час гэты праект — ратаванне, не выклікае сумнення.
Старшая пакаёўка гасцініцы Т. П. Барысевіч, да якой звярнуўся, каб даведацца пра тое, на колькі працэнтаў запаўняюцца гасцінічныя нумары, адаслала з гэтым у кантору УП ЖКГ. “Я падаю справаздачы, — даводзіла яна. — А ці многа ложкаў пуставала? Не ведаю, няма пад рукою лічбаў. Звярніцеся да эканамістаў”.
Звярнуўся. Начальнік планава-эканамічнага аддзела УП ЖКГ А. Г. Малашэнка расказала, што гасцініца  — аб’ект стратны, і ў пацвярджэнне прывяла лічбы: за 9 месяцаў года гасцініца зарабіла 23 мільёны рублёў, а выдаткі за гэты перыяд склалі  71 мільён, у тым ліку толькі на ацяпленне пайшло 12 мільёнаў рублёў. Прычым запаўняюцца ложкі з пачатку года ўсяго на 22%. Іншымі словамі, “гуляе”, не працуе на эканоміку камунгаса 78% плошчаў гасцініцы.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №90 ад 22.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *