Удакладненне бюджэту і межаў раёна

Навіны Улада

Удакладненне  бюджэту і  межаў  раёна
Удакладненні ў раённы бюджэт на бягучы год, межы раёна і інструкцыі па кіраванні і распараджэнні маёмасцю ўнеслі дэпутаты раённага Савета дэпутатаў на 19-й пазачарговай сесіі, якая прайшла 4 лістапада.

Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама дэпутат раённага Савета Алена Сідарэнка прапанавала ўнесці ўдакладненні ў раённы бюджэт на бягучы год у сувязі з дадатковымі паступленнямі трансфертаў з бюджэтаў вышэйшага ўзроўню, падатковых і непадатковых плацяжоў, а таксама пераразмеркаванні сродкаў паміж артыкуламі бюджэту.
Так, 50,5 тысячы трансфертаў накіраваны аддзелу па адукацыі райвыканкама на выраб праектнай дакументацыі і рамонт устаноў адукацыі па праграме “Малыя гарады” і ў рамках падрыхтоўкі да «Дажынак», а таксама цэнтральнай раённай бальніцы на бягучыя выдаткі. 66 тысяч дадатковых плацяжоў падзелены паміж Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і УП ЖКГ – на вулічнае асвятленне. Пераразмеркаванне сродкаў дазволіць аптымізаваць бягучыя выдаткі раённага бюджэту, напрыклад, на харчаванне дзяцей ва ўстановах адукацыі, падтрымку сельскагаспадарчых арганізацый (набыццё паліва і запчастак) і іншыя мэты.
Начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Зоя Гарэленкава вынесла на зацвярджэнне дэпутатаў рашэнне аб некаторых пытаннях адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання, якім прадугледжана ўдакладненне межаў раёна. Так, плошча раёна павялічыцца на 455,4 га, даўжыня мяжы скароціцца на 10 кіламетраў. Рашэнне прымаецца ў адпаведнасці з законам аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні Рэспублікі Беларусь.
Як удакладніла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, дадзенае рашэнне дазволіць аптымізаваць межы паміж раёнамі і прымаецца ў рамках удакладнення межаў паміж раёнамі Віцебскай вобласці. У адпаведнасці з законам канчатковае рашэнне аб межах раёнаў прыме Віцебскі абласны Савет дэпутатаў.
Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Галіна Калыхан прапанавала зацвердзіць рашэнне раённага Савета аб кіраванні і распараджэнні маёмасцю раёна. Неабходнасць прыняцця рашэння выклікана прывядзеннем мясцовых нарматыўных актаў і інструкцый у гэтай сферы ў адпаведнасці са зменамі ў заканадаўстве краіны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №87 ад 06.11.2019 г.