Маё цела – мая справа

Общество

Маё цела – мая справа
Ёсць адчуванне, што сучасны свет раскалоўся на два лагеры. Адны сцвярджаюць, што сябе і сваё цела трэба любіць і прымаць такім, якое яно ёсць. Іншыя ўпэўнены, што для гэтай самай любові патрэбны хоць нейкія падставы.

Як чалавек, які ўсё свядомае жыццё вядзе няроўны бой з лішняй вагой, назваць сябе жалезабетонным адэптам бодзіпазітыву, безумоўна, не магу. Інакш бы, напэўна, не пацела ў спартзале і ўжо дакладна купіла б карацейшую спадніцу.
Філасофія бодзіпазітыву зараджалася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя як спосаб абараніць “вялікіх” людзей ад грамадства, падначаленага глянцавым стандартам прыгажосці. З часам “сферы ўплыву” цячэння сталі шырэйшымі і датычаць зараз не толькі лішняй вагі, але і іншых фізіялагічных асаблівасцяў. Але бодзіпазітыў па-ранейшаму асацыіруецца ў першую чаргу з карпулентнымі жанчынамі і іх барацьбой за права такімі ж і заставацца.
А сапраўды, было б выдатна “не парыцца” з-за глупстваў тыпу славутага цалюліту, носу з гарбінкай і крываватых зубоў. Усведамляць сваю ўнікальнасць і не адкладваць кожную лішнюю капейку, каб калі-небудзь усё ж павялічыць гэтыя чортавы грудзі.
– У якія ўсё ж выдатныя часы мы жылі, – любіць паўтараць мая мама. – Ніякага цалюліту і ў паміне не было.
Ён, родны, вядома, быў, вось толькі ўспрымаўся па-іншаму, а дакладней – зусім ніяк. І самімі жанчынамі, і ўжо тым больш мужчынамі. Сёння інтэрнэт літаральна раздзірае супрацьстаянне адэптаў бодзіпазітыву і фітнэс-энтузіястаў. І, як гэта звычайна бывае, сітуацыя абвастраецца да крайнасцяў. Інакш не “хайпануць”, а так хочацца. Людзей з лішнімі кілаграмамі, якія (о, божа!) загараюць на пляжы, апранаюць вопратку не па памеры і, самае страшнае, – выкладваюць свае фота ў інстаграм, усіх іх, мякка кажучы, асуджаюць, шчыра травяць. Іх можна, яны ж гультаі, пра што людзі думаюць, далібог, непрыстойна і нават “фу” такімі быць. Любая спроба прадстаўнікоў памеру “плюс сайз” прэзентаваць сябе ўспрымаецца няйнакш, як выклік.
– Калі я бачу ў краме даму пад 100 кілаграмаў, то не магу ўтрымацца, каб не зазірнуць у яе кошык, – прызналася мая сяброўка памеру S. – Бачу, да прыкладу, батон і думаю: ну ты б яшчэ марожанае ўзяла…
З боку заўсёды здаецца, што пазбавіцца ад складак на целе вельмі лёгка – трэба проста захацець. Магчыма, і лёгка, але вам якая да гэтага справа? Ну праўда, няўжо абсалютна чужых людзей да глыбіні душы раняць нечыя задышка, талія ў сто сантыметраў і 54 памер? Гэта парушае вашы асабістыя граніцы, абражае эстэтычныя пачуцці, прыносіць невыносныя душэўныя пакуты?
– Гляджу на поўных дзяўчат і разумею, як яны сябе запусцілі, – кажа мой фітнэс-трэнер. – Адразу ўяўляю, колькі ім давя-дзецца працаваць, каб прывесці сябе ў форму.
Дарэчы, дыетолагі, нутрыцыёлагі, фармацэўты, пластычныя хірургі, спартыўныя інструктары – людзі прама зацікаўленыя нашай незадаволенасцю сабой – цяпер на піку сваёй запатрабаванасці. Багацеючы на чалавечых комплексах, яны робяць новыя і новыя “адкрыцці” на карысць нечых мускулаў і талій. Адны заклікаюць тэрмінова перастаць есці малочныя прадукты, іншыя – адрэзаць складку на жываце, таму што пазбавіцца “мірным” шляхам ад гэтага “жаху” ніяк нельга, трэція пераконваюць, што пазітыўныя змены ў нашым арганізме магчымыя толькі пад іх чуйным кіраўніцтвам, а самастойна ўсялякай ранішняй зарадкай праблем не вырашыць.
Самае крыўднае, калі ахвярамі цкавання становяцца дзеці. Гэта выліваецца ў анарэксію, булімію і іншыя растройствы харчовых паводзін. Усім, здаецца, ужо патлумачылі, што ногі нашых дарослых праблем растуць менавіта з дзіцячых комплексаў. Чаго прасцей – пахудзей і стань нармальным, скажа нехта. І ўсе праблемы знікнуць, і будзеш шчаслівы, і наступіць рай. Не знікнуць, не будзеш, і не наступіць. Я пераканана, што праблема не ў тоўстых, крываногіх, і прышчавых, а ў тым, што робячы іх мішэнню сваіх нападкаў, лёгка “карміць” свае ўласныя комплексы. Калі мы навучымся не ўмешвацца ў жыццё іншых, не даваць парад, не асуджаць, тады і наступіць той самы рай.
А пакуль па падліках Euronews, 70 працэнтаў людзей, што ўдзельнічалі ў апытанні рускамоўных паблікаў, лічаць бодзіпазітыў апраўданнем ляноты, і толькі 30 упэўнены, што ён дапамагае прыняць сябе. Так і жывём.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №95 ад 06.12.2019 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *