Колодец, колодец, дай воды напиться

Здоровье Сельское хозяйство Экология

“А з калодзежа вада саладзей”
Раней ў вёсках пітную ваду бралі толькі з калодзежаў. Празрыстая, халодненькая, яна летам добра наталяла смагу і была смачней за ліманады. І зараз большасць вяскоўцаў аддае перавагу такой вадзе. Знаёмыя з Мікалаёва, маючы на кухні водаправод, карыстаюцца і калодзежам. “З калодзежа, – кажуць яны, – вада не проста чыстая, яна салодкая. Памыць посуд ці бялізну і з-пад крана вада згадзіцца, а вось для чаю ці супа з калодзежа бяром”.
Дарэчы, сёння жыхары раёна карыстаюцца 268 калодзежамі, якія знаходзяцца на балансе камунгасу. Якасць вады  кантралююць работнікі РЦГЭ. Як гэта робіцца, мы ўбачылі падчас аднаго з рэйдаў па праверцы калодзежаў. Па дарозе на Кардон  памочнік урача-гігіеніста В. Ц. Гусакова (на здымку)  расказвае: “Самая большая колькасць калодзежаў на тэрыторыі Обальскага сельсавета, іх там больш за  сорак. Мы бяром пробы вады, правяраем яе па хімічных і бактэрыялагічных паказчыках”.  Валянціна Цітаўна  – вопытны спецыяліст (у РЦГЭ амаль трыццаць гадоў), таму можа вызначыць якасць вады нават па знешняму выгляду. “Сёлета работнікамі санітарнай службы праверана 179 калодзежаў, у 35-ці з іх вада не адпавядае нормам па мікрабіялагічных паказчыках, – расказала урач-гігіеніст К. М. Афанасьева. – Такія калодзежы ёсць у Мішневічах, Мікалаёве, Крывым Сяле і іншых вёсках раёна. У такім разе прымушаем работнікаў камунгасу адкачваць ваду, чысціць калодзеж. Як, напрыклад, у Добрыне. Мы ў сваю чаргу хларуем ваду. Так, да прыкладу, рабілі ў Навіках і Полькавічах. Як правіла, пасля гэтых мерапрыемстваў вада адпавядае норме, як, скажам, у Сіроціне на вуліцы Зарэчнай”.
Па словах начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела УП ЖКГ Ю. М. Міцькіна, сёлета ў раёне адрамантавана 60 калодзежаў. Лепш за іншых справілася з гэтай работай падраздзяленне Лаўжанскае. Як расказала яго начальнік С. Л. Блізнец,  у гэтым годзе адрамантавалі два калодзежы ў Цаўях, у вёсцы Залессе паставілі новыя кольцы і накрыўку, да многіх калодзежаў зроблена падсыпка. А  ў Мікіцісе, Добрыне, Пабедзе ля калодзежаў зрабілі лавачкі.
«Калодзежная вада не выклікала на тэрыторыі нашага раёна ніводнага захворвання, – канстатуе галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі В. Р. Бурэнь. – Тым не менш у работнікаў камунгасу яшчэ вялікі фронт работы: 60% калодзежаў яшчэ патрабуюць неадкладнай увагі. Дзе трэба аднавіць так званыя гліняныя замкі – каб паверхневыя воды не траплялі ў калодзеж. У іншых трэба зрабіць накрыўкі, бо дажджавая вада трапляе ў кало-дзеж… А ўвогуле калодзежы трэба берагчы, бо калодзежная вада, калі яна, зразумела, чыстая, смачная і карысная».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №92 ад 29.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *