Реконструкция очистных сооружений в ОАО “Ловжанское” спасёт речку Черницу и позволит увеличить мощности животноводческого комплекса

Сельское хозяйство Экология

Будуюцца біяінжынерныя збудаванні.

Ці ўратуем рэчку Чэрніцу?
Экалагічная бяспека нашага раёна – гэта не толькі ахова расліннага і жывёльнага свету, не толькі граматнае выкарыстоўванне зямельных рэсурсаў і ахова атмасфернага паветра, але і кантроль воднага заканадаўства.
“У раёне ў гэтым накірунку выконваецца комплекс мерапрыемстваў,” – сцвярджае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Г. М. Кісялевіч.
Важны накірунак работы – ачышчальныя збудаванні на фермах. У прыватнасці, зараз поўным ходам ідуць работы на комплексе па вытворчасці буйной рагатай жывёлы ААТ “Лаўжанскае”. “Зараз на комплексе 4,5 тысячы жывёлы, – расказвае дырэктар прадпрыемства В. М. Долгі. – Калі дабудуюцца біяінжынерныя збудаванні па апрацоўцы гноевых сцёкаў, можна будзе загрузіць комплекс пад поўную магутнасць – паставіць 10 тысяч жывёлы”.
Рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў комплексу прасілася даўно. У тым ліку і для таго, каб выратаваць мясцовую рачулку Чэрніцу (частка гноевых сцёкаў трапляе менавіта сюды).
На мінулым тыдні мы пабывалі на жывёлагадоўчым комплексе. Тут працавалі работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм. “Кладзём дрэнаж, бульдозерам разраўніваем пясок, –  расказаў майстар прадпрыемства У. А. Арлоў. – Басейн біяінжынернага збудавання першай ступені першай чаргі займае два гектары”.
“Некалькі гадоў таму ўбачылі падобнае збудаванне ў Гарадоцкім раёне, на свінагадоўчым комплексе Пальмінка, – расказвае галоўны інжынер прадпрыемства меліярацыйных сістэм А. М. Лакціёнаў. – Рашылі, што зрабіць падобнае ачышчэнне гноевых сцёкаў можам і мы. Галоўнае, што ў гэтым годзе было фінансаванне – асвоілі 784 мільёны рублёў”.
“ А яшчэ, –  дадае начальнік ПМС В. Л. Філіпаў, –  дзякуючы дапамозе старшыні абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясава з абласнога бюджэту дадаткова было выдзелена яшчэ 110 мільёнаў рублёў. Гэта дазволіла нашаму прадпрыемству працаваць без прастояў. Але ж для заканчэння ўсяго комплексу работ патрэбна яшчэ больш за тры мільярды рублёў. Калі будзе фінансаванне, першую чаргу біяінжынернага збудавання можна будзе запусціць у эксплуатацыю ўжо ў наступным годзе”.
А пакуль тут можна назіраць непрывабную карціну: вадкі гной (на здымку) з чатырох перапоўненых басейнаў расцякаецца па наваколлі.
“У ідэале павінна быць так: па каналізацыйна-гноевай станцыі гной сцякае ў падземную галерэю, – тлумачыць А. М. Лакціёнаў. – У цэху раздзялення цвёрдыя масы застаюцца ў адной ёмістасці, а вада па каналу трапляе спачатку ў першую ступень першай чаргі біяінжынерных збудаванняў (яе ўмяшчальнасць да 400 тысяч кубаметраў), потым у другую і трэцюю ступень. Пасля трох ступеняў выцякае чыстая вада.
“Наогул, біяінжынерныя збудаванні – гэта шматступенчатыя басейны для ачысткі гноевых сцёкаў. Яны нескладаныя ў сваёй канструкцыі, не патрабуюць у працэсе выкарыстання ні дадатковых грашовых укладанняў, ні траты электраэнегіі, ні задзейнічання тэхнікі,” – робіць сваю выснову А. М. Лакціёнаў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №92 ад 29.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *