Избрано руководство Совета Республики и Палаты представителей

Главное Президент

Абрана кіраўніцтва Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў
6 снежня прайшлі першыя пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу, на якіх было абрана кіраўніцтва палат парламента краіны.


Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання абрана Наталля Качанава.

Яе кандыдатуру падтрымалі 59 з 60 сенатараў, што ўдзельнічалі ў галасаванні.
Наталля Качанава падзякавала членам Савета Рэспублікі за аказаны давер. Са свайго боку яна запэўніла, што зробіць усё неабходнае, каб дзейнасць верхняй палаты парламента была эфектыўнай.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Наталля Качанава адзначыла, што адным з асноўных накірункаў дзейнасці Савета Рэспублікі застанецца работа з выбаршчыкамі. “Праблемы, якія хвалююць людзей, будуць актуальныя і для нас. Мы будзем імі займацца”, – падкрэсліла яна.
Акрамя гэтага, новы склад верхняй палаты парламента працягне развіваць супрацоўніцтва на міжнародных парламенцкіх пляцоўках.
Раней член Савета Рэспублікі Дзмітрый Дзямідаў, прапаноўваючы кандыдатуру Наталлі Качанавай, адзначыў яе прафесіяналізм, паспяховасць, як кіраўніка. Ён падкрэсліў, што старшыня Савета Рэспублікі павінен валодаць высокім аўтарытэтам, вопытам, сістэмным дзяржаўным мысленнем.
Наталля Качанава нарадзілася ў 1960 годзе ў Полацку Віцебскай вобласці. У 1982 годзе скончыла Наваполацкі політэхнічны інстытут, а ў 2006-м – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
У 1982-2007 гадах працавала на полацкім прадпрыемстве “Водаканал”, у КУП “Жыллёва-камунальная гаспадарка Полацка”, курыравала сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі на розных пасадах у Полацкім гарвыканкаме.
У 2007-2014 гадах Наталля Качанава кіравала Наваполацкім гарвыканкамам. У 2014-2016 гадах займала пасаду намесніка прэм’ер-міністра. Са снежня 2016 года была кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта.
Намеснікам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання абраны Анатоль Ісачанка.
Акрамя гэтага, у Савеце Рэспублікі выбралі старшынь пастаянных камісій і прэзідыум.
Савет Рэспублікі складаецца з 64 чалавек, па 8 прадстаўнікоў выбірае кожная вобласць і горад Мінск, яшчэ 8 прызначае Прэзідэнт краіны. Кіраўнік дзяржавы прызначыў у Савет Рэспублікі Наталлю Качанаву, Анатоля Ісачанку, Міхаіла Русага і Сяргея Рачкова, чатыры месцы застаюцца вакантнымі.
* * *

Уладзімір Андрэйчанка абраны старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў выбіраецца тайным галасаваннем. Кандыдатуру Уладзіміра Андрэйчанкі падтрымалі 109 дэпутатаў са 110.
Спікер падзякаваў дэпутатам за аказаны давер. “Новы склад Палаты прадстаўнікоў – гэта сапраўдныя патрыёты, прафесіяналы. Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы будзем разам вынікова рашаць задачы па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны”, – падкрэсліў ён.
Уладзімір Андрэйчанка быў абраны старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі чацвёртага склікання ў кастрычніку 2008 года. Быў старшынёй Палаты прадстаўнікоў пятага і шостага скліканняў з 18 кастрычніка 2012 года і з 11 кастрычніка 2016 года адпаведна.
Узнагароджаны ордэнам Айчыны II і III ступеняў, адзначаны ганаровым званнем “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”. Мае дзве падзякі Прэзідэнта, узнагароджаны ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў.
Намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання па прапанове Уладзіміра Андрэйчанкі абраны Валерый Міцкевіч, які працаваў да абрання дэпутатам намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Па матэрыялах БелТА.
Апублікавана ў №96 ад 10.12.2019 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *