Онколог Сергей Виноградов рассказывает, как избежать болезни и что делать, если диагноз поставлен

Здоровье Общество

Выявіць хваробу ў пачатку
Колькі б ні працавалі вучоныя над “таблеткай ад раку”, анкалагічных хворых у свеце не становіцца менш. Не выключэнне і наш раён. Калі 15 год таму на ўліку ў анколага стаялі 450 чалавек, то сёння гэта лічба вырасла да 650. Урач анколаг цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Вінаградаў расказвае, як пазбегнуць хваробы і што рабіць, калі дыягназ пастаўлены.


– Сяргей Генадзьевіч, можна не сумнявацца, што вы, як і ўсе медыкі, найперш будзеце гаварыць пра неабходнасць рэгулярных абследаванняў і прафілактыку. Але ж не сакрэт, што большасць з нас жыве па прынцыпе “пакуль гром не грымне…”. Таму, найперш, скажыце, якія сімптомы павінны насцярожыць чалавека?
– У гэтым і ўся праблема – першая і другая стадыі захворвання праходзяць, як правіла, бессімптомна. Сімптаматыка пачынае развівацца толькі тады, калі пайшлі аддаленыя метастазы. Часта бывае, што спачатку мы выяўляем менавіта метастазы, а потым ужо саму пухліну. У такім выпадку лячэнне праходзіць складана, нягледзячы на ўсе поспехі хіміятэрапіі. І наадварот, калі анкалогія выяўляецца на 1-2 стадыях, лячэнне ў 95 працэнтах выпадкаў мае добры вынік.
– Ці часта гэта ўдаецца?
– Мяркуйце самі. Сёлета было выяўлена менш за сотню выпадкаў. 36 з іх – на першай стадыі, 25 – на другой, 14 – на трэцяй і 12 – на чацвёртай. Гэта нядрэнныя паказчыкі. Тым не менш, людзі часта зацягваюць з візітам да ўрача. Да прыкладу, турбуе чалавека пякотка (изжога – рус.), а ён і ўвагі не звяртае, маўляў, не такая гэта і праблема. Там ужо, магчыма, трэцяя ступень раку страўніка, а ён усё таблеткамі сімптомы здымае.
У любым выпадку, пры незвычайным пагаршэнні агульнага стану, павышанай стамляльнасці, патлівасці, слабасці, нематываванай страце вагі, любых змяненнях скуранога покрыва, пагаршэнні зроку і многіх іншых сімптомах варта хутчэй бегчы да ўрача.
– А лепш, як я зразумела, іх не чакаць, а пастарацца зрабіць усё магчымае, каб выявіць хваробу “на подступах”. Як гэта зрабіць?
– Усё залежыць ад лакацыі. Па некаторых з іх магчыма праводзіць першы этап скрынінгу. Да прыкладу, усе мужчыны пасля 40 год здаюць аналіз крыві на прастатычны спецыфічны антыген (ПСА), які дазваляе выявіць рак прастаты на 1-2 стадыях, калі ён яшчэ не дае ніякіх сімптомаў. Дарэчы, 12 з 15 выяўленых сёлета выпадкаў раку прастаты былі ідэнтыфікаваныя на ранніх стадыях менавіта з дапамогай гэтага маркёра. На жаль, не для ўсіх лакацый ёсць такая магчымасць. Але ж многія змяненні чалавек здатны заўважыць на ранніх стадыях самастойна. Шкада толькі, што некаторы час ён чакае, пакуль “само пройдзе”. Напрыклад, працэнтаў 60-70 выпадкаў меланомы ўзнікае з-за радзімак, а ўсе яны навідавоку, таму можна заўважыць, што нейкая пачала сябе “падазрона” паводзіць: змяніла афарбоўку, пакрылася коркай ці пачала часацца. Я, наогул, раю выдаляць спецыфічныя радзімкі, якія пастаянна траўміруюцца. Ды нават калі яны і не дастаўляюць турбот, а вы, скажам, шмат часу праводзіце на сонцы, то таксама лепш пазбавіцца ад патэнцыяльнай небяспекі.
– Так, Анджаліна Джалі, наогул, малочныя залозы выдаліла, калі даведалася, што ёй пагражае анкалогія.
– Да такіх радыкальных мер мы не заклікаем, але кожная жанчына, якая клапоціцца пра сваё здароўе, штомесяц праводзіць самаабследаванне малочных залоз. Гэта не складана і вельмі дзейсна. Пацыенткам да 45 год трэба рабіць ультрагукавое даследаванне раз на год (асабліва, калі пастаўлены дыягназ “мастапатыя”), пасля 50 – мамаграфію раз у два гады. Для гэтага мы накіроўваем жанчын у абласны дыягнастычны цэнтр, дзе можна бясплатна абследавацца. Пару гадоў таму ў рамках мамаграфічнага скрынінгу ў раёне працаваў перасоўны дыягнастычны комплекс, больш за 500 жанчын прайшлі дыягностыку на месцы. Тады быў выяўлены адзін выпадак раку малочнай залозы і каля 80 перадракавых захворванняў і дабраякасных пухлін. Такі скрынінг будзе арганізаваны і ў 2020 годзе. Для тых, хто асцерагаецца, заўважу, што ўльтрагукавое даследаванне не наносіць шкоды арганізму, таму з дапамогай яго можна “падстрахавацца” паміж мамаграфіямі, калі нешта турбуе.
– Дапусцім, чалавек, прачытаўшы гэта інтэрв’ю, вырашыў прайсці поўнае абследаванне, каб выключыць анкалогію. З чаго яму пачынаць, і якімі магчымасцямі для ранняй дыягностыкі валодае наша паліклініка?
– Пачынаць трэба з агульных аглядаў – тэрапеўта, гінеколага, хірурга і іншых вузкіх спецыялістаў. Затым здаць усе аналізы. Жанчыны, як я ўжо казаў, робяць ультрагукавое даследаванне ці мамаграфію, а таксама праходзяць цыталагічны скрынінг на рак шыйкі маткі. Мужчыны здаюць кроў на ПСА. Усім рэкамендуем аналіз кала на схаваную кроў і пры станоўчым выніку – каланаскапію, каб выключыць рак прамой кішкі. Таксама трэба прайсці флюараграфію, а лепш – рэнтген у дзвюх праекцыях, які больш інфарматыўны з пункту гледжання выяўлення раку лёгкіх. Гэта я рэкамендую заядлым курыльшчыкам і ўсім, хто стаіць на ўліку з хваробамі органаў дыхання. Не лішнім будуць эндаскапічныя даследаванні страўніка і дванаццаціперснай кішкі. У хуткім часе ў паліклініцы з’явіцца сучасны апарат, які істотна палепшыць магчымасці ўльтрагукавой дыягностыкі. Можна будзе даследаваць сасуды, вены, артэрыі, шчытападобную залозу і іншыя органы. Важна своечасова выяўляць і перадракавыя змяненні, каб не ўпусціць момант развіцця хваробы. Паверце, комплекснае абследаванне раз на год істотна павышае ваш шанс на здаровае доўгае жыццё.
– А які ўзрост самы небяспечны з пункту гледжання развіцця анкалогіі?
– Калі раней на гэту хваробу часцей пакутавалі людзі сталага ўзросту, то зараз ад дыягназу не застрахаваны ні дваццаці, ні трыццацігадовыя. Рак “памаладзеў” ва ўсім свеце. А што вы хочаце? Людзі літаральна з пялёнак вядуць нездаровы лад жыцця – мала рухаюцца, няправільна харчуюцца, потым гэты спіс дапаўняюць злоўжываннем спіртным, цыгарэтамі і іншымі нездаровымі звычкамі. У чалавека, які “сядзіць” на чыпсах, вэнджаніне і кока-коле, ёсць усе шансы займець рак страўніка ў юным узросце. У маёй практыцы былі такія выпадкі.
– Вы прасочваеце ўзаемасувязь паміж анкалогіяй і ладам жыцця. Але не рэдкія і выпадкі, калі хвароба “косіць” і поўных адэптаў здаровага ладу жыцця.
– Так, кажуць, што рак не выбірае. І калі, напрыклад, яшчэ некалькі год назад сярод асноўных фактараў рызыкі акрамя ўзросту пацыентаў называлі іх спадчынную схільнасць, то цяпер на гэту прычыну адводзяць не больш як 10 працэнтаў. Заўважу з уласнай практыкі: сярод усіх маіх пацыентаў з ракам лёгкіх толькі двое не курылі. Але я згаджуся, што прасачыць паралель і дакладна вызначыць прычыну развіцця хваробы вельмі складана. І зноў жа, здаровы лад жыцця яшчэ нікога ў магілу не звёў. Гэта я вам як доктар кажу.
– Для большасці пацыентаў дыягназ “рак” усё яшчэ гучыць як прыгавор, ня-гледзячы на даволі аптымістычную статыстыку вылячэння.
– Ведалі б вы, колькі слёз і адчаю бачылі сцены майго кабінета. Але я ўсім тлумачу, што трэба проста брацца за лячэнне. Паўтаруся, што на 1-2 стадыях гэта, наогул, не ўяўляе ніякіх праблем. А, да прыкладу, рак малочнай залозы і на 3-й стадыі зараз лечыцца нядрэнна.
– Як вы ставіцеся да народнай медыцыны. У прыватнасці да лячэння грыбам вясёлка?
– За сваю практыку я не сустракаў выпадку, каб чалавек вылечыў анкалогію травамі. Што тычыцца вясёлкі, то ўводзіць у і без таго аслаблены арганізм раслінны яд па меншай меры недальнабачна. Калі мае пацыенты і лечацца такім чынам, то мне ў гэтым не прызнаюцца.
– А мае рацыю назіранне, што людзі з анкалогіяй становяцца асабліва раздражняльнымі і нават агрэсіўнымі?
– Гэта магчыма. Па-першае, чалавека доўгі час можа праследаваць болевы сіндром, а тут сапраўды захоўваць спакой становіцца цяжка. Пухліна, скажам, можа развівацца ў галаўным мозгу і такім чынам уплываць на паводзіны хворага. Думаю, гэта слушнае назіранне.
– Скажыце, як складваецца сітуацыя ў Шумілінскім раёне сёння?
– На ўліку ў анколага знаходзяцца 650 чалавек. Заўважу, што ўсе, хто паспяхова вылечыўся, з такога ўліку не здымаюцца. Іх здароўе пад пастаянным кантролем медыкаў. За гэты год было выяўлена 20 выпадкаў раку скуры, па 15 – лёгкага і прастаты і 5 выпадкаў раку мачавога пузыра. Гэта рухомая статыстыка і ў розныя гады ў “лідары” выходзяць розныя лакацыі.
– Дайце, калі ласка, агульныя рэкамендацыі нашым чытачам, якія хочуць быць здаровымі і, у тым ліку, засцерагчыся ад анкалогіі.
– Комплекснае абследаванне раз на год, рэгулярныя фізічныя нагрузкі, больш садавіны, гародніны і ягад, нятлустага мяса і малочных прадуктаў у рацыёне.
Своечасовае лячэнне запаленняў і хранічных захворванняў, адмаўленне ад шкодных звычак.
І пазітыўны погляд на жыццё.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №96 ад 10.12.2019 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *