Шумилинский участковый Павел Трофимов помог команде области победить в конкурсе профессионального мастерства

Актуалии Общество

У камандзе лідараў – Павел Трафімаў
Каманда Віцебскай вобласці, у склад якой уваходзіў участковы інспектар Шумілінскага РАУС Павел Трафімаў, заваявала першае месца на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства сярод участковых інспектараў, які прайшоў у Магілёве.

Маладога ўчастковага (у РАУС працуе трэці год) Паўла Трафімава ў склад абласной каманды выбралі не выпадкова. Напярэдадні ў Віцебску прайшоў абласны этап конкурсу, дзе шумілінскі ўчастковы заняў трэцяе месца. Гэта добры вынік, калі ўлічыць, што сапернікаў з усёй вобласці было каля сямідзесяці.
– У такіх спаборніцтвах прымаю ўдзел трэці раз, – расказвае Павел Трафімаў. – Летась крыху не дацягнуў, заняў чацвёртае месца. А сёлета вось атрымалася. Лягчэй было ў тым плане, што ўжо ведаў, што чакае, вядома, рыхтаваўся як маральна, так і фізічна. Асаблівую ўвагу звяртаў на “слабае звяно” – у кожнага ж яно ёсць, немагчыма рабіць усё ідэальна.
Пасля абласных спаборніцтваў было некалькі тыдняў, каб падрыхтавацца да рэспубліканскіх іспытаў. Гэты час для Паўла Трафімава быў асабліва напружаным. Трэба было працаваць на ўчастку (ён абслугоўвае Лаўжанскі і Мікалаеўскі сельсаветы, дзе налічваецца больш за 70 населеных пунктаў), і адначасова рыхтавацца да конкурсу.
– Нашай камандзе было складана рыхтавацца, бо знаходзіліся ў розных населеных пунктах: я – у Шуміліне, Вадзім Марковіч – у Наваполацку, Уладзіслаў Пілюкоў – у Оршы, – працягвае гутарку Павел Трафімаў. – Раіліся па тэлефоне. Камандзірам каманды быў Вадзім, у яго важкі вопыт: неаднаразова займаў першыя месцы ў вобласці, а на рэспубліканскія спаборніцтвы ехаў пяты раз. Таму для нас Вадзім быў сапраўдным настаўнікам, падказваў, на што звярнуць асаблівую ўвагу, на якім этапе часцей атрымліваюць штрафныя балы, да чаго можа прычапіцца журы.
Рэспубліканскі агляд-конкурс, на які з’ехаліся каманды з усіх абласцей і Мінска, праходзіў у Магілёве на працягу пяці дзён. Участковыя здавалі тэсты па спецыяльнай і медыцынскай падрыхтоўцы, паказвалі прыёмы баявой барацьбы, стралялі са службовай зброі, бегалі, адціскаліся на брусах, удзельнічалі ў страявым аглядзе, праяўлялі сябе ў аратарскім мастацтве. Дарэчы, апошні этап быў сёлета праведзены ўпершыню, і да яго патрабавалася асаблівая падрыхтоўка.
Паўлу Трафімаву не было роўных у тэсціраванні – ён абышоў дваццаць сваіх сапернікаў і набраў 25 балаў. Інакш і быць не магло – шумілінскі ўчастковы закончыў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь з «чырвоным» дыпломам.
Вядома, самым прыемным на спаборніцтвах было ўзнагаро-джанне. Граматы пераможцам уручаў намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Мікалай Мельчанка. Старшы лейтэнант міліцыі Трафімаў нацэлены ў наступным годзе заваяваць першае месца у абласным конкурсе прафмайстэрства і зноў прадстаўляць Віцебшчыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №97 ад 13.12.2019 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *