В этом году в Шумилинском районе возбуждено два уголовных дела, связанные с наркотиками

Происшествия

Пра закладкі, таблеткі і мак
Наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы. Здаецца, гэтыя словы актуальныя дзесьці там, далёка, у іншых краінах ці вялікіх гарадах. Але ж, як паказвае жыццё, наркотыкі «прабіраюцца» і ў наш раён.


Кожны год супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў узбуджаюць крымінальныя справы за незаконны абарот, захоўванне ці перавозку наркатычных сродкаў. Сёлета ў раёне ўзбуджаны дзве крымінальныя справы (летась было столькі ж), паведамілі рэдакцыі супрацоўнікі крымінальнага вышуку РАУС.
Так, шумілінскія міліцыянеры сумесна са сваімі калегамі з Кастрычніцкага РАУС Віцебска знайшлі ў абласным цэнтры тайнік з закладкамі наркатычных сродкаў. Падрабязнасці раскрыцця міліцыянеры трымаюць у сакрэце, аднак паведамілі, што адзін з маладых людзей, які ўдзельнічаў у закладцы, часта прыязджаў у Шуміліна, тут яго, як кажуць, і вылічылі. Супраць мужчыны і яго «калег» узбуджана крымінальная справа па арт. 328, ч.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў», ім пагражае абмежаванне волі да 5 гадоў або пазбаўленне волі ад 2 да 5 гадоў.
Ці зусім нядаўні, лістападаўскі, выпадак. Супрацоўнікі РАУС затрымалі жыхара аг. Мікіціха, які ў нецвярозым выглядзе знаходзіўся ў грамадскім месцы. Мужчына сябе неадэкватна паводзіў. Пры аглядзе яго асабістых рэчаў у кішэні былі знойдзены таблеткі тарэн, якія ўтрымліваюць небяспечнае псіхатропнае рэчыва апрафен – менавіта яно выклікае эйфарыю і нават галюцынацыю. Факт пацвердзіла праведзеная экспертыза. Мужчына не мог патлумачыць, дзе ўзяў таблеткі. Пакуль будуць гатовы адпаведныя аналізы, вяскоўца адпусцілі дадому, узяўшы з яго падпіску аб нявыездзе.
– У гэтым годзе ў раёне складзена 11 адміністрацыйных пратаколаў за незаконнае вырошчванне ці захоўванне маку, – кажа начальнік крымінальнага вышуку РАУС Руслан Бруеў. – Мак – гэта наша бяда. Колькі ні праводзім прафілактычных мерапрыемстваў, колькі ні просім жыхароў вырываць мак са сваіх градак, чуюць далёка не ўсе. Але зрухі ўсё ж ёсць: летась за мак было складзена 26 пратаколаў. Разам з тым кожнае лета маюць месца выпадкі, калі з вялікіх гарадоў прыязджаюць у наш раён наркаманы і ездзяць па вёсках, выпытваюць, у каго можна набыць мак. Хочацца нагадаць жыхарам раёна, што за вырошчванне забароненых раслін (маку, каноплі) пагражае штраф да 20 БВ.
На дваіх жыхароў раёна сёлета складзены адміністрацыйныя пратаколы за тое, што яны знаходзіліся ў грамадскіх месцах у стане наркатычнага ап’янення. Перш за ўсё яно было бачнае па неадэкватных паводзінах маладых людзей, а потым наркатычнае ап’яненне пацвердзіла праведзеная экспертыза. Пагражае штраф ад 5 да 10 БВ.
Вядома, выяўленнем наркаманаў павінны займацца адпаведныя органы. Супрацоўнікі РАУС будуць удзячныя жыхарам раёна, якія своечасова паведамяць у міліцыю пра неадэкватныя паводзіны асобных грамадзян, пра ўчасткі з каноплямі ці макам – гэтым самым дапамогуць пазбегнуць трагедыі, захаваць здароўе людзей, а, можа, і жыццё.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №98 ад 17.12.2019 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *