В 2020 году горпосёлок Оболь Шумилинского района ждут большие перемены

Главное Новости

2020 год. У цэнтры ўвагі – Обаль


Гарадскі пасёлак Обаль налічвае сёння амаль 2,5 тысячы чалавек, 7 аб’ектаў сацыяльнай сферы, каля трох дзясяткаў шматкватэрных дамоў, 560 дамоў прыватнага сектара, 42 вуліцы. Вялікіх уліванняў у добраўпарадкванне населенага пункта абальчане не памятаюць, іх па сутнасці не было ніколі. Вельмі наспела неабходнасць у рамонтах устаноў культуры і навучальных устаноў, жыллёвага фонду і наогул дарог, вуліц і двароў. І вось абальчане дачакаліся. 2020 год стане для іх годам абнаўлення і пераўтварэння. Буйная і маштабная работа разгорнецца ў наступным годзе, бо пасёлак трапіў у Дзяржаўную комплексную праграму развіцця малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў, якая накіравана на тое, каб стварыць камфортнае асяроддзе для жыцця людзей. У добраўпарадкаванне будуць укладзены немалыя інвестыцыі як з рэспубліканскага, так і з абласнога бюджэтаў. Канчатковую лічбу ўлады агучваць пакуль не бяруцца – яшчэ ідзе ўдакладненне бюджэтаў па некаторых пазіцыях.
Мяркуючы па аб’ёмах работ, якія плануецца рэалізаваць, Обаль павінна набыць новае аблічча. Што менавіта будзе зроблена, якія аб’екты трапілі ў праграму, пра гэта падрабязна расказаў намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Руслан Насцюшкін.

Сацыяльная сфера
Размову мы пачалі з устаноў адукацыі. Обальскі яслі-сад чакае бягучы рамонт з частковай заменай аконных блокаў, рамонт харчаблока і санвузлоў. Будзе зроблена добраўпарадкаванне тэрыторыі, у прыватнасці, часткова адрамантавана асфальта-бетоннае пакрыццё і часткова заменена агароджа.
У Обальскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай запланавана мадэрнізацыя спартыўнай пляцоўкі, будуць адрамантаваны санвузлы і заменены свяцільнікі.
Немалыя аб’ёмы работ праду-гледжаны па гарадскім Доме культуры, зазначыў Руслан Мікалаевіч. Установа культуры пабачыць капітальны рамонт, у прыватнасці, будзе заменены дах, уладкавана вадасцёкавая сістэма. Прадугледжаны і бягучы рамонт фасада, адмосткі, уваходнай групы, замена вокнаў, дзвярных блокаў, рамонт балкона ў глядзельнай зале, добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Не застанецца па-за ўвагай і музей Обальскага камсамольскага падполля. На гэтым аб’екце будуць адрамантаваны адмостка, уваходная група, падлога, дзверы, добраўпарадкавана тэрыторыя.
«Што тычыцца участковай бальніцы ў Обалі, праектна-каштарысная дакументацыя па ёй знаходзіцца ў распрацоўцы, – сказаў намеснік старшыні райвыканкама. – Што дакладна будзе зроблена на ўстанове аховы здароўя, сказаць цяжка, але відавочна: рамонт зойме не адзін год».

Жыллёвы фонд
Будзе праведзены капітальны рамонт шматпавярховага дома, знесены лядашчыя і невыкарыстоўваемыя хлявы, а таксама непрыдатныя для пражывання дамы.

Аб’екты гандлю
Запланаваны бягучыя рамонты гандлёвых аб’ектаў пасёлка, якія прадугледжваюць рамонты дахаў, фасадаў, уваходных груп і добраўпарадкаванне прылягаючых тэрыторый. У гэтым спісе – магазіны “Першамайскі” ПП “БазісПрамГандаль”, два “Міні-маркеты” ПГУП “Карына-гандаль”.

Добраўпарадкаванне
Вось тут, сапраўды, работы будуць праведзены вельмі маштабныя, падкрэсліў Руслан Насцюшкін. Добраўпарадкаванню вуліц і дваровых тэрыторый нададзена асаблівая ўвага. Чакаецца асфальтаванне пад’ездаў да школы і прытулка, вуліцы Леніна (па звароце жыхароў), да бальніцы. Правядуць падсыпку многіх дарог, вуліц, выканаюць ямкавы рамонт. Да ўсяго, будуць уладкаваныя дзве дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, адрамантаваны кантэйнерныя пляцоўкі.
Замест старой жалезабетоннай агароджы на цэнтральнай вуліцы пасёлка – вуліцы Вышалескага – з’явіцца металічны штыкетнік. На гэтай жа вуліцы чакаецца замена свяцільнікаў, а таксама асфальтаванне пешаходных дарожак па абодва бакі ад дарогі. Таксама ўладкуюць пешаходныя пераходы па вул. Вышалескага і вул. Камсамольская. Заменяць агароджу і на грамадзянскіх могілках Зуёўскае.

Камунальная гаспадарка
Па аб’ектах водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі прадоўжыцца перакладванне сетак водазабеспячэння.
«Закране рамонт і цеплавыя сеткі, – прадоўжыў Руслан Насцюшкін. – Так, запланавана рэканструкцыя ўчасткаў цеплавых сетак і сетак гарачага водазабеспячэння ад цеплакамеры №3 да жылых дамоў №1, 3, 5, 7, 9, 11 па вуліцы Першамайскай, замена зношаных труб на ПІ-трубы».
Будуць абноўлены і электрычныя сеткі: чакаецца капрамонт трансфарматарнай падстанцыі, капрамонты КТП, ТП.

Іншыя аб’екты
Акрамя гэтага, запланаваны работы па добраўпарадкаванні прылеглых тэрыторый на ОКЗ, пошце, у лясніцтве, ля іншых устаноў.
Аб’ёмы ўражваюць, планы грандыёзныя, заяўкі сур’ёзныя. Папрацаваць давядзецца нямала.
«Спадзяюся, што жыхары г.п. Обаль з разуменнем аднясуцца да будаўнічых і рамонтных работ, – падкрэсліў Руслан Мікалаевіч Насцюшкін, – і ўнясуць свой пасільны ўклад у добраўпарадкаванне двароў, вуліц, пасёлка».
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №98 ад 17.12.2019 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *