Шефы помогли поверить в чудеса

Новости Общество

Шэфы дапамаглі паверыць у цуды

Дзеці вельмі чакаюць, што прынясе Дзед Мароз у падарунак.
Сёлета дзедмарозаўскі мяшок быў важкім дзякуючы намаганням дарослых: пастараліся прафсаюзныя арганізацыі многіх прадпрыемстваў, свой уклад у правядзенне навагодніх святаў ва ўстановах адукацыі ўнеслі арганізацыі раёна, а таксама некаторыя прадпрымальнікі.


Самай вялікай школе раёна – СШ № 1 – салодкімі падарункамі дапамагла прафсаюзная арганізацыя лясгаса. У СШ №2 было ўвогуле багата спонсараў: прафсаюз ПМК-70, раён электрасетак, ААТ «Прыазёрны мір», участак электрасувязі.
Пашанцавала на шэфаў і Мікіціхінскай школе, лічаць мясцовыя настаўнікі. Елку для навагодніх ранішнікаў прэзентавала лясніцтва. А на цукеркі расстараліся прафсаюз сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае», а таксама мясцовыя прадпрымальнікі Васіль і Аляксандр Мацуганавы.
«Нізкі паклон і падзяка дырэктару КУСГП «Ульскі» Валянціне Лабейцы, якая заўжды прыходзіць нам на дапамогу, – расказала дырэктар Обальскай школы Іна Чарнічэнка. – Дзякуючы шэфскай дапамозе ў выглядзе салодкіх падарункаў мы арганізавалі шыкоўныя навагоднія святы для дзяцей. Больш таго, мы правялі маніторынг па сем’ях, дзякуючы якому дазналіся, бацькі якіх дзяцей па розных абставінах не атрымалі сёлета падарункі па месцы работы. Гэтым дзецям уручыў падарункі школьны Дзед Мароз».
Вельмі задаволены дапамогай у Кардонскай школе. Зноў жа, тут дапамагалі мясцовае і суседняе сельгаспрадпрыемствы – КУСГП «Ульскі» і СФГ «Раднік». Кожнае дзіця ў школе атрымала навагодні падарунак. Акрамя гэтага, другі год запар цукеркі ў школу прывозіць Надзея Прыгун, гаспадыня прыватнага магазіна «Апрель», што ў Мішкавічах. Нягледзячы на тое, што ўласныя дзеці ўжо выраслі, па дабрыні душэўнай жанчына дорыць радасць іншым хлопчыкам і дзяўчынкам. Ёсць такі даўні сябар і ў Мішневіцкай школе: у каторы раз школу выручае індывідуальны прадпрымальнік з Шуміліна Андрэй Малахаў. А вось мясцовае сельгаспрадпрыемства выступіла спонсарам задоўга да Новага года: падарыла школе мотакасу і спартыўныя майкі для дзяцей.
Усім дзеткам з Мішкавіцкай школы прэзентавала салодкія падарункі СФГ «Раднік». Слабадской школе дапамог прафсаюз мясцовага сельгаспрадпрыемства «Сіроцінскі». А вось Амбросавіцкая школа сябруе ажно з трыма шэфамі – ААТ «Ляжні», «Прыазёрны мір» і «Прыдзвінскі», усе прымалі ўдзел у правядзенні навагодніх ранішнікаў.
Гэта не поўны пералік прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама шчырых людзей (некаторыя з іх пажадалі застацца інкогніта), якія дапамаглі школам раёна ў навагоднія святы. Галоўнае, што дарослыя дапамаглі дзецям паверыць у дабрыню, шчырасць і цуды, якія здольны стварыць самі людзі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №1 ад 04.01.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *