В Шумилинском историко-краеведческом музее открылась выставка репродукций картин Александра Простева

Духоўнае Культура Новости

Творы, ад якіх светла і радасна

На мінулым тыдні ў выставачнай зале Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея адбылося адкрыццё выставы рэпрадукцый карцін вядомага пецярбургскага мастака і іканапісца Аляксандра Просцева са светлай і прыгожай назвай, як і самі творы, – «Свеце Светлы». Арганізавала яе Віцебскае аддзяленне РГА «Рускае таварыства» пры Пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Беларусі разам з Віцебскім культурна-інфармацыйным цэнтрам «Скарбы свету».


Сам творца называў гэтую серыю работ «Карцінкі з глыбінкі», бо ў іх многа з таго, што звязана з дзяцінствам, а дзяцінства – гэта ўжо глыбінка душы, са сваім светаадчуваннем. Свеце Светлы – гэта зварот да Анёла Ахоўніка, гэта тое святло, якім ахоплены душы святых. «Зимняя лепота».

 

А яшчэ гэта светлае святло Божае і светлы стан душы чалавека, які жыве ў ім.
І сапраўды, многія, хто прыйшоў у гэты вечар на адкрыццё выставы, адзначылі своеасаблівае святло і радасць ад карцін. У творах чытаецца міралюбства, касмізм, лубачная гарэзлівасць.
«Пра самога аўтара Аляксандра Яўгенавіча Просцева вядома вельмі мала, – расказала на адкрыцці выставы намеснік старшыні аддзялення РГА «Рускае таварыства» пры Пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Валянціна Маісеенка. – Ён выпускнік Акадэміі мастацтваў. Вядомы і запатрабаваны іканапісец, які з’яўляецца афіцыйным іканапісцам храма святой Кацярыны на Васільеўскім востраве і храма Ксеніі Пецярбургскай у Санкт-Пецярбурзе. Акрамя таго, выкананыя ім іконы знаходзяцца ў храмах Ленінградскай, Валагодскай, Арлоўскай, Томскай, Бранскай і Іванаўскай абласцей. Ёсць у творцы серыя жывапісных цыклаў, прысвечаных прападобнаму Сергію Раданежскаму і святым Пятру і Фяўронні. У яго творчасці іканапіс і жывапіс дапаўняе адзін аднаго як дзве сястры».
На многіх карцінах прысутнічаюць анёлы. Яны суправаджаюць святых, дапамагаюць пацярпелым, уступаюць у бой з сіламі зла, ідуць з чалавекам усё жыццё, даючы, як кажуць, крылы. Мастацтвазнаўцы вызначаюць жывапіс мастака як анёльскі рэалізм.
Работы Аляксандра Просцева вельмі папулярныя ў карыстальнікаў Інтэрнэту, між іншым, і Валянціна Іванаўна Маісеенка прызналася, што выйшла на яго і яго творчасць гэтак жа. «Зачапілі работы», яны проста не маглі не трапіць у сэрца. В. Маісеенка адчула, што з яго работамі павінны пазнаёміцца жыхары нашай краіны, Віцебшчыны, і напісала яму. Мастак адазваўся, дазволіў надрукаваць рэпрадукцыі і сам даслаў фота.
Валянціна Маісеенка і Аляксандр Штокін, якія дапамаглі ў арганізацыі выставы.

Валянціна Маісеенка і Аляксандр Штокін, якія дапамаглі ў арганізацыі выставы.

І вось – выстава рэпрадукцый карцін амаль з трыццаці твораў Аляксандра Просцева зараз “прызямлілася” ў Шуміліне. І ў кожнага з нас ёсць магчымасць наведаць яе (выстава будзе працаваць да канца лютага), прыслухацца да мастака, углядзецца ў яго работы. А заадно адчуць святло і радасць ад убачанага.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №8 ад 31.01.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *