У Шуміліне выбралі лепшых педагогаў

Главное Новости Образование

У Шуміліне выбралі лепшых педагогаў

Падрыхтоўка да ўрокаў, напісанне планаў, работа ў метадычных аб’яднаннях, класнае кіраўніцтва… – рабочы дзень настаўніка запоўнены да адказу. А тут яшчэ конкурс на званне «Настаўнік года». Каму гэта па сілах?

Пераможцаў конкурсу віншуе начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова.  Фота Алены Садохінай

Аказалася, многім. На вочны раённы этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў выйшла 15 чалавек. Гэта пасля завочнага адбору, у якім удзельнічалі 29 педагогаў: давалі адкрытыя ўрокі, рыхтавалі конкурсныя работы.
Конкурс «Настаўнік года-2020» гэта вам не жартачкі. Тут разгортваюцца сапраўдныя баталіі прафесіяналаў, інтэлектуалаў, творцаў. І мы бачым, якія ж нашы настаўнікі яркія, таленавітыя, крэатыўныя. І кожны з іх па-свойму лепшы.
Зорны час на раённай сцэне для кожнага ўдзельніка складаў 5 хвілін. І за гэтыя імгненні трэба было расказаць і даказаць, што менавіта ты – самы-самы. У ход ішлі вершы, песні, тэатралізацыі, відэафільмы, падтрымка калег, вучняў, сяброў… Гледачы сталі сведкамі адкрыццяў, яркіх успышак таленту, абнародавання ўласных захапленняў і жыццёвых крэда.

Ніколі не позна вучыцца і мяняцца самому – перакананне ад настаўніцы англійскай мовы Обальскай СШ Марына Загнетавай.

Вучыць і вучыцца трэба ў атмасферы творчасці – дэвіз Ірыны Кучко, настаўніцы абслугоўваючай працы Слабадской ясляў-сада–базавай школы.

Заўсёды быць у пошуку новага, цікавага – парада ад настаўніцы рускай мовы і літаратуры Слабадской ясляў-сада–базавай школы Вольгі Лаўрыновіч.

Вялікае шчасце, калі справу робіш з душой – рэцэпт ад выхавальніцы Шумілінскага ясляў-сада №2 Святланы Гарэленкавай.

Настаўніку без аптымізму ніяк – жыццёвы вывад ад Таццяны Пушкаровай, настаўніцы пачатковых класаў Кардонскай СШ.

Каб разумець дзяцей, трэба ў душы заставацца дзіцём, упэўнена настаўніца рускай мовы і літаратуры Шумілінскай раённай гімназіі Вольга Бяляева.

Валоданне гістарычнымі фактамі не перашкаджае захапленню футболам і паэзіяй – назіранне ад настаўніка гісторыі Шумілінскай СШ №1 Сяргея Сахончыка.

Самая важная прафесія на зямлі – настаўнік. Гэта адкрыццё ад выхавальніцы Шумілінскага ясляў-сада №4 Таццяны Баранавай.

Кожны ўрок – гэта асобная гісторыя. Вывад настаўніцы англійскай мовы Шумілінскай СШ №1 Галіны Ермачэнкі.

Настаўнік павінен быць шматгранным – такой думкай падзялілася настаўніца пачатковых класаў Мішкаўскай ясляў-сада–пачатковай школы Вольга Барысевіч.

Вырасці ад прыбіральшчыцы да педагога – гэта рэальна. З вопыту выхавальніцы Обальскага ясляў-сада Вольгі Лук’янавай.

Футбол і веласіпед умацоўваюць настаўніка – перакананне настаўніцы пачатковых класаў Шумілінскай СШ №2 Галіны Траццяковай.

Музыка – самы прамы шлях да душы вучня, упэўнена настаўніца музыкі Шумілінскай СШ №1 Наталля Філіпава.

Без пачуцця гумару і падтрымкі калег настаўніку не выжыць – з уласнага вопыту настаўніка геаграфіі Мікіціхінскай СШ Аляксандра Сачыўкі.

З прафесійных астравоў будуецца архіпелаг настаўніка – заўвага настаўніцы англійскай мовы Шумілінскай раённай гімназіі Вольгі Жыгуновай.

На паўдня сцэна актавай залы Шумілінскай СШ №1, дзе праходзіў конкурс, пераўтварылася ў арэну творчых баталій. Разам з настаўнікамі на гэту арэну выходзілі вучні, калегі, казачныя персанажы. Так, Наталля Філіпава замахнулася (і зрабіла гэта вельмі годна) на сказ Леаніда Філатава пра Фядота-стральца. Не змаглі стрымаць сябе, каб не дапамагчы сваім канкурсантам, і дырэктары школ. Гэта трэба было бачыць, з якім імпэтам у сваім песенным маналогу прадставіла дырэктар Мікіціхінскай СШ Вольга Асташонак канкурсанта Аляксандра Сачыўку…
Адным словам, журы было вельмі цяжка выбраць пераможцаў. Але яны гэта зрабілі. Вось яны, пераможцы раённага этапа рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года-2020»:
Ермачэнка Галіна Арсенцьеўна – настаўніца англійскай мовы Шумілінскай СШ №1 – у намінацыі «Замежная мова»;
Бяляева Вольга Мікалаеўна – настаўніца рускай мовы і літаратуры Шумілінскай раённай гімназіі – у намінацыі «Руская мова і літаратура. Беларуская мова і літаратура»;
Пушкарова Таццяна Мікалаеўна – настаўніца пачатковых класаў Кардонскай СШ – у намінацыі «Пачатковыя класы»;
Філіпава Наталля Віктараўна – настаўніца музыкі Шумілінскай СШ №1 – у намінацыі «Музыка. Выяўленчае мастацтва. Працоўнае навучанне»;
Сачыўка Аляксандр Уладзіміравіч – настаўнік геаграфіі Мі-кіціхінскай СШ – у намінацыі «Гісторыя. Грамадазнаўства. Геаграфія»;
Гарэленкава Святлана Пятроўна – выхавальніца Шумілінскага ясляў-сада №2 – у намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі».
Пераможцам – апладысменты, кветкі, дыпломы і шыкоўныя падарункі ад шчодрага спонсара – Шумілінскага ПМК-70 (дырэктар Аляксей Крыўко): 5 пыласосаў і 1 мультыварка!
Але гэта яшчэ не ўсё. З шасці лепшых педагогаў журы назвала двух абсалютных пераможцаў:
«Выхавальнікам года Шумілінскага раёна-2020» стала Святлана Гарэленкава;
«Настаўнікам года Шумілінскага раёна-2020» названа Вольга Бяляева.
І зноў апладысменты, стужка і статуэтка пераможцаў, кветкі, цукеркі (пастараўся раённы камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі).
А хто паедзе на вобласць, спытаеце вы. Гэта вызначыць наступны этап конкурсу – абласны. Ён таксама будзе складацца з двух тураў – завочнага і вочнага. Права ўдзельнічаць у завочным туры прадстаўлена ўсім шасці пераможцам раённага этапа.
Мы пажадаем усім удачы і будзем вельмі рады бачыць настаўнікаў Шумілінскага раёна і на абласной, і на рэспубліканскай сцэне.
Тэкст і фота
Аліны ПЯТРОВАЙ.
Апублікавана ў №8 ад 31.01.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *