Хто, калі і як павінен убіраць у пад’ездах?

Общество

Хто, калі і як павінен убіраць у пад’ездах?

Чытачы раённай газеты са шматпавярховак, якія знаходзяцца па вуліцах Юбілейная, Сіпко, Шумілінская, неаднаразова скардзіліся ў рэдакцыю, што пад’езды ўбіраюцца нерэгулярна. Мы вырашылі разабрацца, хто, калі і як часта павінен праводзіць уборку.

Як павінна быць
– Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2009 года № 99 «Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг» за ўборку пад’ездаў адказваюць прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, – расказаў майстар падраздзялення «Шумілінскае» УП ЖКГ Георгій Курбанаў. – Перыядычнасць работ па санітарным утрыманні вызначаецца зыходзячы з колькасці пражываючых грамадзян, кошту дадзенай паслугі. Спецыялісты нашай гаспадаркі распрацавалі графік выканання работ.
Так, сухая ўборка месцаў агульнага карыстання праводзіцца адзін раз на тыдзень, мыццё і дэзынфекцыя лесвічных клетак – 2 разы ў месяц, мыццё вокнаў – адзін раз у год (май-чэрвень), вільготная ўборка сцен, дзвярэй, плафонаў, ацяпляльных прыбораў, абмятанне пылу са столі – адзін раз у год, уборка падвальнага памяшкання ад смецця, непатрэбных прадметаў, зняцце павуціны, падмятанне – два разы ў год (вясной і восенню).

Пяць прыбіральшчыц на ўсё Шуміліна
Усяго ў камунгасе пяць прыбіральшчыц, якія наводзяць парадак у 103-х шпатпавярхоўках. Большасць прыбіральшчыц працуюць на 0,7 стаўкі і прыбіраюць 43 пад’езды кожная. Адна прыбіральшчыца, якая працуе на стаўку, павінна прыбраць за ты-дзень 80 пад’ездаў – гэта значыць, 16 пад’ездаў за дзень. Згадзіцеся, нагрузка немалая, а заробак невялікі. Таму і ідуць на гэту пасаду неахвотна, мае месца вялікая цякучасць кадраў.
Майстар камунгасу час ад часу выбарачна правярае, як вядзецца ўборка. Прыбіральшчыцы пасля выканання работы націскаюць званок адной з кватэр, каб прынялі іх работу і падпісалі «Акт прыёмкі выкананых работ па санітарнай уборцы месцаў агульнага карыстання».
– Зразумела, мы прыбіраем лесвічныя пляцоўкі, але ў першую чаргу чысціня ў пад’ездах залежыць ад сумленнасці саміх жыльцоў, – кажа адна з прыбіральшчыц. – У нашы абавязкі не ўваходзіць выбіваць дыванкі ля дзвярэй кожнай кватэры, калі жыхары самі лянуюцца гэта зрабіць, трэба пакласці гумавыя або пластмасавыя дыванкі. На лесвічнай пляцоўцы павінен быць толькі пясок ад абутку, а прыходзіцца выграбаць горы смецця: шалупінне, бутэлькі, паперкі, акуркі. На жаль, кідаць на лесвіцу пакеты ад чыпсаў, пачак ад цыгарэт для некаторых з’яўляецца нормай. Мала таго, прыбіраем яшчэ за сабакамі і катамі. Адным словам, няўдзячная работа.
Некаторыя жыльцы (напрыклад, у першым пад’ездзе дома № 14 па вуліцы 40 год Кастрычніка) падкормліваюць катоў. Ад гэтага на лесвічнай пляцоўцы бруд і смурод. Бяздомных катоў «прыкармілі» ў падвале дома № 53 па вуліцы Юбілейнай, прыбіраць за імі не хочуць. А потым скардзяцца на антысанітарыю. І такія выпадкі не адзінкавыя.
Работа прыбіральшчыц ускладняецца ў зімовы перыяд, бо некаторыя пад’езды ў райцэнтры не ацяпляюцца. У большасці выпадкаў ваду для вільготнай уборкі прыбіральшчыкі бяруць у падвалах. Дзе іх няма, напрыклад, у некаторых дамах па вул. Ленінскай – прыходзіцца шукаць бліжэйшы цеплапункт ці калонку.
З новага года ў камунгасе ўзяліся праводзіць эксперымент – брыгадную ўборку: у вызначаныя 43 пад’езды выязджаюць усе прыбіральшчыцы разам і наводзяць парадак. Сумесная праца дысцыплінуе, выпрацоўвае адказнасць, упэўнены Георгій Курбанаў. Ці прыжывецца такая форма работы, пакажа час.

Колькі плацім за ўборку?
Плата за ўборку пад’ездаў налічваецца ў залежнасці ад колькасці жыльцоў у кватэры: па 69 капеек з чалавека. Па падліках эканамічна-бухгалтарскай службы УП ЖКГ, рэнтабельнасць ад рэалізацыі паслугі нулявая – прадпрыемства нават нясе страты. Спецыялісты ЖКГ згаджаюцца, што да ўборкі пад’ездаў шмат нараканняў. Можа, дзесьці не дамялі, штосьці не дамылі, у нейкі перыяд прыбіральшчыца звольнілася і доўгі час шукалі, кім яе замяніць. Так што камунгас з радасцю аддаў бы паслугі па ўборцы пад’ездаў у рукі індывідуальных прадпрымальнікаў (такія прыклады ёсць у вялікіх гарадах). Але ў Шуміліне жадаючых пакуль не знайшлося.

Лідзія Шэндзелева ўпэўнена, што ў кожным пад’ездзе чысціню і парадак павінны падтрымліваць жыхары.

«Самі не смецім і іншым не дазваляем»
У жыльцоў шматпавярховак ёсць права выбару: убіраць пад’езды самім ці за гэта будзе адказваць УП ЖКГ. Шумілінцы не праяўляюць ініцыятывы – прыбіраюць пад’езды самі жыхары ўсяго трох шматпавярховак райцэнтра, ды яшчэ некалькіх асобных пад’ездаў. Як, напрыклад, у першым пад’ездзе дома № 35 па вуліцы Сіпко. «У нас жывуць вельмі дружныя і працавітыя людзі, – расказвае жыхарка пад’езда Лідзія Шэндзелева. – Мы самі фарбуем, саджаем кветкі, вешаем на сцены карціны. Галоўнае – дамовіцца.
Таму ў нас ідэальная чысціня ў любую пару года. Самі прыбіраем, не смецім і іншым не дазваляем. Лічу, што так павінны рабіць калі не ўсе, то пераважная большасць. Вось, скажам, калі падлетак бачыць, што лесвіцу мые яго маці (яшчэ лепш – ён сам), то ён ніколі не будзе кідаць паперкі ці шалупінне на лесвічнай пляцоўцы».
Калі жыхары захочуць прыбіраць пад’езд самі, перш-наперш трэба напісаць калектыўную заяву, дзе будзе пазначана згода кожнага кватэраздымшчыка, і аднесці яе ў камунгас. Пры гэтым важна ведаць: калі супрацоўнікі камунальных службаў установяць, што ўборка ў пад’ездзе не вядзецца, гэта зробяць прыбіральшчыцы камунгасу, а жыльцам будзе выстаўлены рахунак.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Апублікавана ў №9 ад 04.02.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *