Доска почёта Шумилинского района: Андрей Колдунов

Главное Общество Экология

“Галоўная задача – пасадзіць 40 гектараў лесу”

Прозвішча ляснічага Шумілінскага лясніцтва Андрэя Калдунова ў жыхароў Шуміліншчыны на слыху. Ён неаднойчы станавіўся героем нашых публікацый за выніковую работу, добрасумленныя адносіны да працоўных абавязкаў, прафесійнае кіраванне структурным падраздзяленнем. Вось і летась калектыў Шумілінскага лясгаса вылучыў яго на раённую Дошку гонару, бо Андрэй Міхайлавіч сваіх пазіцый не здае ні як работнік, ні як кіраўнік, які па-сапраўднаму адданы прафесіі і лесу.

“Спачатку распланаваць, потым пракантраляваць”
Кожны рабочы дзень ляснічага пачынаецца з планёркі. “Плануем на дзень і бліжэйшую перспектыву, – кажа Андрэй Міхайлавіч. – Задач многа, і трэба ўсё паспець выканаць. Сёння, напрыклад, адна брыгада працуе на лесанарыхтоўках за Крупчынам, другая вывозіць лес у раёне вёскі Улазавічы, трэцяя даглядае лясныя культуры за Ужляцінам”. Наогул, спецыфіка Шумілінскага лясніцтва ў “раскіданасці” і вялікіх плошчах – 18 тысяч гектараў займае іх “вотчына”.
На месцы ляснічы сядзіць рэдка: выязджае на абходы, кантралюе работу рабочых і леснікоў. У канцы рабочага дня абавязкова робіцца аналіз работы.

“У дзяцінстве не марыў, што буду працаваць у лесе”
Андрэй Калдуноў прызнаецца, што ў дзяцінстве не марыў пра прафесію ляснічага. Паступіў у Полацкі лясны тэхнікум выключна па парадзе бацькоў. І ні разу не пашкадаваў пра гэта. Разуменне таго, што абраў “сваю” прафесію, прыйшло ў тэхнікуме, калі Полацкая авіягрупа “Бел-лесавія” запрасіла навучэнца падчас канікулаў папрацаваць дэсантнікам-пажарным. Лес валодае магічнымі якасцямі, пераканаўся тады юнак.
Яшчэ да арміі А. М. Калдуноў паспеў паспрабаваць сябе ў якасці лесніка Обальскага лясніцтва. Пасля службы быў прызначаны памочнікам ляснічага, праз год – начальнікам аддзела лесанарыхтовак лясгаса, інжынерам па лесанарыхтоўках і перапрацоўцы. У жніўні гэтага года будзе 15 год, як узначальвае Шумілінскае лясніцтва.

“У падначаленых цаню жаданне працаваць і адказнасць”
У падначаленні ляснічага 30 чалавек, асноўны касцяк складаюць адданыя прафесіі людзі, за плячыма ў якіх па 10-15 год стажу ў лясной галіне. «У нас не затрымліваюцца выпадковыя людзі, – кажа Андрэй Міхайлавіч. – Бясспрэчна, прызванне павінна быць. Трэба разумець, што перш за ўсё работа ў лесе – цяжкая фізічная праца, якая забірае шмат сіл і часу. І не кожны можа вытрымаць такую нагрузку. У восем гадзін практычна немагчыма ўкласціся. У кожным падначаленым цаню жаданне працаваць і адказнасць.
У лясніцтве ёсць ратацыя, але нязначная. Штат на сённяшні дзень укамплектаваны. Немалую ролю тут адыгрывае і нядрэнная зарплата. У таго, хто хоча зарабіць, ёсць такая магчымасць. Толькі працуй».

«Пасадзіць не дрэва – а цэлы лес»
Гавораць, што кожны мужчына за сваё жыццё павінен пасадзіць дрэва. Работнікі лясніцтва сваю задачу выконваюць і перавыконваюць у тысячу разоў. Яны толькі за адзін сезон высаджваюць 40 гектараў лесу. Трэба справіцца з лесапасадачнымі работамі літаральна за тыдзень, каб не згубіць самы аптымальны перыяд, пакуль не распусцяцца пупышкі. Гэта самы напружаны перыяд для лесаводаў, прызнаюцца яны самі.
Непакоіць ляснічага сёлетняя зіма. Гэта сігнал пра тое, што цяжкай і непрадказальнай будзе вясна ў плане пажаранебяспечнай абстаноўкі. Снегу практычна няма, вільгаці таксама. І ўжо зараз лесаводы рыхтуюцца да сезона. Вопыт і напрацоўкі ёсць, будуць рабіць усё, каб не дапусціць на тэрыторыі лясніцтва лясных пажараў. Апошнія пяць год ім гэта ўдавалася.
Лесарубы лясніцтва – пастаянныя ўдзельнікі і пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства, у тым ліку і абласных. А яшчэ калектыў Шумілінскага лясніцтва каторы год запар утрымлівае другое месца ў галіновай спартакіядзе. І ў гэтым немалая заслуга кіраўніка падраздзялення А. М. Калдунова, які ўмее не толькі наладзіць рабочы працэс, а і згуртаваць калектыў, знайсці падыход да кожнага.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №12 ад 14.02.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *