Раиса Шах: «Я и сегодня комсомолка в душе»

Людзі і лёсы Общество

У душы засталася камсамолкай

– Я і сёння камсамолка ў душы, адчуваю сябе маладой, – усміхаецца Раіса Іванаўна Шах, да якой з нагоды юбілею завіталі разам са старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі Таццянай Цэрах.

Раіса Шах (у цэнтры) з сяброўкай Наталляй і сястрой Еўдакіяй.

Павіншаваць Раісу Іванаўну прыехалі яе сябры, а таксама родная сястра Еўдакія з Гомеля. У дачкі Таццяны, якая жыве ў Канадзе, не атрымалася ў гэты дзень наведацца ў Шуміліна, але яна заказала для маці вялікі букет чырвоных ружаў, які прывёз кур’ер. «Сваякоў у мяне нямнога, таму на дзень нараджэння прыехалі ў асноўным сябры, – кажа юбіляр. – З некаторымі разам крочым па жыцці амаль паўстагоддзя, таму яны як радня. 23 лютага было роўна 48 гадоў, як я, ушацкая дзяўчына, пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута прыехала працаваць у Шуміліна. Тут набыла сяброў і другую радзіму».
Раіса Шах была накіравана працаваць галоўным заатэхнікам-селекцыянерам на райплемстанцыю. Арганізацыя быццам бы і была ў тым далёкім 1972 годзе, але памяшканні яшчэ не пабудавалі, таму прыходзілася туліцца ў старым будынку райвыканкама (сёння ў ім знаходзіцца магазін «Ганна»). Праз год маладую актывістку выбралі сакратаром райкама камсамола. Потым працавала другім сакратаром, затым першым.
– Гады камсамольскай работы былі ў маім жыцці самымі захапляльнымі і цікавымі, – кажа Раіса Іванаўна. – Камсамол быў нашай гордасцю, нашым жыццём. Мы ездзілі на розныя спаборніцтвы, прымалі ўдзел у турзлётах, дапамагалі пры будаўніцтве розных аб’ектаў, прымалі ўдзел у субот-ніках і дабрачынных акцыях. Раней было прынята, што ў раёне выкошваўся кожны лапік палеткаў. А каб гэта зрабіць на няўдобіцах, на прарыў выязджалі камсамольцы. Асобная гаворка – пра будаўнічыя атрады, у якія ўваходзілі хлопцы і дзяўчаты з розных прадпрыемстваў і арганізацый. У 80-ыя гады працавалі тры такія атрады: на будаўніцтве райбальніцы, сырзавода і жывёлагадоўчага комплексу ў калгасе «Іскра». Сярод камсамолак у той час быў папулярным рух «Жанчына – на трактар». Адной з лепшых была Ніна Есіпенка з калгаса імя Энгельса. У калгасах і саўгасах былі папулярныя камсамольска-маладзёжныя фермы (такія стварылі ў Крывым Сяле і Мішкавічах). Работы было шмат. Менавіта камсамол навучыў мяне працаваць суткамі, поўнасцю сябе аддаваць любімай справе.
За добрую работу Раіса Іванаўна неаднойчы была ўзнагароджана граматамі аблвыканкама, ЦК УЛКСМ і ЦК ЛКСМБ. За добрую школу работы з людзьмі жанчына ўдзячна свайму настаўніку – першаму сакратару райкама партыі Васілю Георгіевічу Храмцову. Ён браў Раісу Іванаўну ў паездкі па гаспадарках раёна, на сустрэчы з калектывамі, з кіраўнікамі і вучыў маладога камсамольскага лідара. Пасля гэтак жа рабіла Ніна Сяргееўна Сянчура, якая змяніла В. Г. Храмцова.
Наступны этап у жыцці Р. І. Шах – работа ў райкаме партыі. Спачатку інструктарам, потым загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела, другім сакратаром райкама партыі.
У 1996 годзе Раісу Іванаўну чакала новая пасада – загадчыка аддзела сацыяльнай абароны райвыканкама, а потым начальніка ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама, адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак.
Сёння Раіса Іванаўна застаецца чалавекам актыўным, няўрымслівым, нераўнадушным. Як гэта ні дзіўна, але на заслужаным адпачынку ёй таксама не хапае часу. Увесь дзень распісаны па хвілінах. Гэта скандынаўская хадзьба і прагулкі да возера, наведванне гуртка дэкаратыўнага мастацтва пры ТЦСАН і чытанне кніг, сустрэчы з сябрамі і паходы ў басейн, экскурсійныя паездкі.
– Галоўнае – знайсці сябе, – раіць жанчына ўсім тым, хто збіраецца на заслужаны адпачынак. – А ў Шуміліне, заўважце, гэта значна прасцей, чым у вялікім горадзе, бо да розных культурных і сацыяльных аб’ектаў рукой падаць. Мноства гурткоў прапануе ТЦСАН, а таксама клуб «Ветэран» пры раённым цэнтры культуры. А яшчэ важна не замыкацца ў асабістым «я», а трымаць зносіны з людзьмі, знаходзіць новых сяброў».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №15 ад 25.01.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *