На заседании Шумилинского райисполкома проанализировали вопросы демографии, бюджета и подготовки к посевной

Главное Президент

Дэмаграфія, бюджэт і гатоўнасць да пасяўной

Комплекс сацыяльных і эканамічных пытанняў абмеркавалі на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта 21 лютага.

Дэмаграфія і здароўе
«Здароўе – важнейшы элемент жыцця кожнага чалавека, які ўплывае і на эканоміку. Толькі здаровы чалавек можа працаваць у поўную сілу, рашаць пастаўленыя задачы. Гэта фактар, які ўплывае і на дэмаграфічную сітуацыю у цэлым», – заўважыў старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, адкрываючы абмеркаванне пытання «Аб выкананні ў 2019 годзе мэтавых паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 гады».
Галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Вольга Скарабагатая прадставіла падрабязны аналіз выканання дзяржапраграмы на тэрыторыі раёна, адзначыўшы, што не ўсе паказчыкі праграмы выкананы, медыкам ёсць над чым працаваць у 2020 – заключным годзе праграмы.
У раёне ніжэй за абласныя і рэспубліканскія паказчыкі дзіцячай смяротнасці, але смяротнасць працаздольнага насельніцтва вышэйшая. Сярод фактараў, якія негатыўна ўплываюць на паказчыкі, былі названы запушчанасць хвароб з-за позняга звароту ў медыцынскія ўстановы, высокае спажыванне алкаголю (9,2 л на чалавека за год, па вобласці – 6,33), іншае.
Дэмаграфічная сітуацыя характарызуецца старэннем насельніцтва, не ўдаецца звесці дэмаграфічныя нажніцы: за мінулы год нарадзілася 202 дзіцяці, а памерла 359 чалавек. Сярод прычын смяротнасці насельніцтва традыцыйна лідзіруюць хваробы сістэм кровазвароту, далей ідуць анкалагічныя захворванні, старасць, неўралагічныя хваробы, 22 смерці адбыліся з-за знешніх прычын (ДТЗ, траўмы, пажары, інш.). Па- ранейшаму вострай застаецца праблема п’янства і алкагалізму. На ўліку ў нарколага стаіць 621чалавек, з якіх чвэрць складаюць жанчыны.
Чакаемая працягласць жыцця насельніцтва раёна 73,8 года, за 10 год павялічылася на 4,3 года.
Галоўны ўрач раёна падрабязна спынілася на прафілактычнай рабоце медыкаў па раннім выяўленні хвароб сэрца, новаўтварэнняў і прапагандзе здаровага ладу жыцця. У раённай бальніцы створаны ўмовы для выкарыстання сучасных метадаў выяўлення і дыягностыкі многіх захворванняў.
Вядзецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, на жаль, не такімі хуткімі тэмпамі, як хацелася б, падкрэсліла Вольга Скарабагатая. У мінулым годзе на рамонт выдаткавалі больш за 10 тысяч рублёў бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў, на 74,8 тысячы рублёў уведзена ў эксплуатацыю медыцынскага абсталявання. Але абнаўлення патрабуе значная частка медыцынскай апаратуры, якая састарэла маральна і фізічна. Зараз прапрацоўваецца магчымасць абнаўлення медабсталявання за кошт міжнародных спонсарскіх праграм, паведаміла яна.
Кіраўнік раёна даручыў з улікам дэмаграфічнай сітуацыі вывучыць патрэбу ў сацыяльных ложка-месцах, магчымасць пераабсталявання інфекцыйнага корпуса, які не выкарыстоўваецца, для гэтых мэт.

Прамысловасць
Аб выніках работы прамысловых прадпрыемстваў за мінулы год і задачах на 2020 год паведаміла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка. У раёне падпарадкаваныя мясцовым органам улады два прадпрыемствы: ААТ «Обальскі керамічны завод» і УП ЖКГ. Яны за мінулы год вырабілі прадукцыі, работ і паслуг на 15,3 мільёна рублёў (104,8%), індэкс прамысловай вытворчасці (ІПВ) склаў 100,9% пры заданні 105%. Таксама ў раёне працуюць прыватныя прамысловыя арганізацыі: вытворчы ўчастак ТАА «Вітконпрадукт», ТАА «Вежа», УП «Славянскі прадукт», ТАА «Альянспластрэсурс», іншыя. Дзейнічаюць вытворчыя цэхі ААТ «Малако» і ВУ «Віцебскторф». Аб’ёмы вытворчасці ўсіх прамысловых прадпрыемстваў з 2016 года павялічыліся са 108,2 мільёна рублёў да 143,6 мільёна рублёў у 2019 годзе, доля раёна ў абласным аб’ёме прамысловай прадукцыі склала 0,8%. У 2019 годзе ў раёне выраблена: цэглы будаўнічай – 33,7 мільёна штук; алкагольных напіткаў – 163 тыс. дэкалітраў (дал), напіткаў змешаных, утрымліваючых алкаголь, – 115 тыс. дал, мяса і субпрадуктаў – 25,1 тыс. тон, сыроў – 2069 тон.
На 2020 год запланавана вытворчасць прамысловай прадукцыі ў аб’ёме 102,5% да ўзроўню 2019 года, паведаміла дакладчык. Плануецца працягваць мадэрнізацыю вытворчасці на Обальскім керамічным заводзе, які ўключаны ў абласную інвестыцыйную праграму. Прадпрыемствы раёна працуюць над вырабам імпартазамяшчальнай прадукцыі, прадукцыі на экспарт.
Заработная плата ў прамысловасці раёна складае ў сярэднім за 2019 год 857,4 рубля (ад 566,1 рубля на ОКЗ да 1040,8 рубля ў ТАА «Вітконпрадукт»).
У раёне ствараюцца і новыя прамысловыя арганізацыі. Так, з 6 арганізацый, адкрытых у 2019 годзе, 2 мяркуюць займацца вытворчасцю – перапрацоўкай драўніны і вытворчасцю бетонных вырабаў.
На пасяджэнні райвыканкама трымаў справаздачу дырэктар ААТ «Обальскі керамічны завод» Павел Манак, які паведаміў, што завод працуе на поўную магутнасць, а запасы прадукцыі на прадпрыемстве звязаны з цыклічнасцю работы будаўнічай галіны, і з пачаткам сезона будуць ліквідаваны.

Бюджэт
Аб канчатковых выніках выканання раённага бюджэту за мінулы год паведаміла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Алена Сідарэнка. Так, у кансалідаваны бюджэт раёна паступіла 18 375,8 тыс. рублёў, у тым ліку: у рэспубліканскі –5 568,9 тыс. руб, у раённы – 12 806,9 тыс. руб. Гадавы план уласных даходаў выкананы на 101%. Звыш першапачатковага гадавога плана паступіла 512,3 тыс. рублёў. Расходы бюджэту склалі 34 275,8 тыс. рублёў, за кошт уласных даходаў прафінансавана 37,2%, за кошт паступленняў з вышэйшага бюджэту 62,8%. На 2020 год стаяць задачы па збалансаванасці і напаўняльнасці бюджэту, своечасовым выкананні бюджэтных абавязацельстваў, а для гэтага неабходна забяспечыць выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, падкрэсліла дакладчык.

Гатоўнасць да пасяўной
З інфармацыяй аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення веснавых палявых работ выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама Ягор Чарняўскі. Сёлета неабходна вырасціць і сабраць 31 тысячу тон збожжа, 3,36 тысячы тон насення рапсу, 2,8 тысячы тон бульбы. А для гэтага трэба вясной пасеяць 13 462 га яравых культур. У інфармацыі быў дадзены аналіз забеспячэння насеннем. Востра стаіць праблема недахопу мінеральных угнаенняў. З неабходных 4510 тон дзеючага рэчыва ў раёне маецца 189 тон (3% ад патрэбнага). Толькі на трэць забяспечаны гаспадаркі раёна сродкамі аховы раслін.
Для забеспячэння жывёлагадоўлі патрэбнымі кармамі трэба падсеяць шматгадовых траў на плошчы больш за 4 тысячы га, насеннем траў гаспадаркі забяспечаны. Да пачатку палявых работ неабходна прывесці ў парадак 51 трактар, 8 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў. На сёння гатоўнасць трактароў складае 76%, глебаапрацоўчых агрэгатаў – 62%, плугоў – 81%.
Для арганізацыі работы ў дзве змены ў гаспадарках нестае 20 механізатараў, якіх неабходна прыцягнуць з гарадскіх арганізацый. Пры выкананні ўсіх планавых паказчыкаў і эфектыўнай арганізацыі работы можна правесці пасяўную за 10 дзён, адзначыў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў заўважыў, што нельга падыходзіць да такой важнай кампаніі з арыфметычнымі разлікамі. Што зроблена ўпраўленнем, кіраўнікамі гаспадарак для рэальнага забеспячэння патрэб у мінеральных угнаеннях, паліве, хімічных сродках? Калі завершыцца рамонт тэхнікі? З якіх крыніц будзе ісці фінансаванне? Ці вядома персанальна, хто з механізатараў з гарадскіх арганізацый і ў якіх гаспадарках будзе працаваць? Ці сустрэліся з імі, ці растлумачылі ім парадак аплаты? Менавіта ўпраўленне па сельскай гаспадарцы павінна дакладна ведаць кожны элемент будучай пасяўной. Ён падкрэсліў, што гэта пытанне пасля дапрацоўкі будзе разгледжана больш падрабязна ў рабочым парадку.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №15 ад 25.01.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *