День работы с населением прошёл в Ковляковском сельсовете

Актуалии Общество Президент

Встреча в д. Белянково

Псіхалогія, з якой нам не па дарозе
Каўлякоўшчына — край маляўнічы і адметны. Адметны перш за ўсё тым, што ў сельсавеце больш, чым у якім іншым у раёне, вёсак і вёсачак, затое жыхароў, як кажуць, кот наплакаў, і што не менш важна — 40% людзей пенсіянеры. Адсюль і характар, стыль жыцця, таму і патрабуюць тутэйшыя людзі да сябе самай пільнай увагі ў плане сацыяльнай абароненасці. Можа, адсюль і некаторыя выдаткі ў псіхалогіі жыцця…
Перш чым пра гэта павесці гаворку, спынімся на фотавітрыне, якую займелі ў сельсавеце, каб прыструніць нядбайнікаў. Выкрывальныя здымкі віселі на стэндзе, што побач з будынкам сельсавета.
— Многія абураліся, — прызналася старшыня сельвыканкама Т. А. Дзятлава. — Але мы не адступалі, ведалі — дапаможа. Дапамагло: парадак на падворках гэтыя гаспадары навялі…
Аб псіхалогіі, пра якую не можам не сказаць. Адна жанчына з в. Барэц выйшла на дзіўныя, калі не сказаць больш сурова, разважанні: маўляў, даглядаць могілкі павінны ўсе, у тым ліку і школы (пачатковая — у Крывым Сяле і сярэдняя ў Навіках), толькі не дзеці тых, хто тут пахаваны, ды ўнукі. “Яны не едуць сюды або не хочуць ехаць”, — разважае жанчына. Ага, значыць, родныя дзеці не едуць, а чужыя ўнукі павінны выграбаць смецце, падпраўляць крыжы ды помнікі? Прыкладна так разважала адна з жанчын у Крывым Сяле. Тым, хто чакае з пашы карову, трэба паставіць лаўку, больш таго, на могілкі прарываецца жывёла, апаганьвае святыя месцы, вось бы навесіць адну ці дзве жэрдкі.
Хто гэтым павінен займацца? Старшыня сельсавета, які возьме сякеру і павесіць жардзіну або ўкапае два слупкі, будзе шукаць дошку з закінутага дома? Дарэчы, старэйшына вёсак Барэц і Свярдлы В. Я. Мясаедава родам з Міншчыны, дзе падобныя пытанні ніхто не ставіць — людзі рашаюць іх самі, супольна. Тое ж пачулі ад галоўнага эканаміста ААТ “Прыдзвінскі” Г. І. Аўчыннікавай, карані ў якой з Брэстчыны (яна была ў складзе адной з груп). Такое ўражанне, што на ўтрыманства “хварэем” толькі мы, на Віцебшчыне, і такую псіхалогію трэба ўсяляк выкараняць, трэба вучыць чалавека многае рабіць для свайго камфорту сваімі ж рукамі.
Не скажу, ёсць пытанні, якія ставіліся правільна і ў пару: і падкос пашы  для вясковых кароў, і водаправод на вуліцу Палявую аграгарадка Крывое Сяло, і трывожная сітуацыя тут з дзіцячым садком. Куды дзяваць дзетак з будынка, у якім не перазімуеш: вазіць у Полькавічы на аўтобусе, падбіраць для іх свабодны будынак у Крывым Сяле або ўсё ж адрамантаваць і “выцягнуць” хаця б зіму, пакуль не палепшыцца сітуацыя з фінансамі?.. Хочацца тым, хто жыве на вуліцы Маладзёжнай, асфальтавай дарогі, а хапіла сродкаў на тое, каб падсыпаць яе шчэбенем і пяском. Патлумачылі: усё ж па лініі аграгарадка трэба ўлічыць рэаліі сённяшняга дня.
Наведалі ў вёсцы Барэц дзвюх жанчын, якім за 80. П. К. Жыгунову заспелі ў парніку. Нямоглая, яна, тым не менш, не прывыкла сядзець склаўшы рукі. Тое ж і Л. Ф. Мацуганава, да якой прыязджаюць часта сын з нявесткай і ўнукі. Таму ў жанчыны агарод дагледжаны: два салідныя парнікі, якія, дарэчы, паліваць дапамагае сацыяльны работнік, прыгожыя купы мясістых півоняў, расце-ўецца нават вінаград. Неўзабаве сын выйдзе на пенсію і вернецца ў вёску, да матулі. У П. К. Жыгуновай ёсць клапатлівая ўнучка. Упэўнены, жанчыны не застануцца занядбанымі ні пры жыцці, ні тады, калі пакінуць гэты свет.
Шэраг праблем паставілі ў сценах Навікоўскай СШ, і самая хвалюючая з іх — парадак работы мясцовага магазіна “ад аўтобуса да аўтобуса”. Справа ў тым, што прадавец — чалавек не тутэйшы, прыстасоўваецца да раскладу аўтобусаў. Недзе праз два тыдні зачыніцца крама ў Полькавічах: і там працуе прыезджы прадавец. І яшчэ — папрасілі вывесці ў севазварот вяскоўцам пасадку бульбы. Кіраўнік групы райвыканкама, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава расказала, што эксперыментальна адзін гектар бульбы для сяльчан пасадзілі ў вёсцы Прыазёрная. Для тых, у каго не знайшлося вясной насення. Калі ўсё атрымаецца, як задумалі, магчыма, вопыт пашырыцца і на іншыя рэгіёны.
У Бялянкаве папрасілі абсталяваць прыпыначны пункт для аўтобуса, скар-дзіліся, што ў леташнюю касавіцу па месяцу чакалі касілку на свае сенажаці, хаця паслуга і была аплачана. Г. І. Аўчыннікава паабяцала паспрыяць рашэнню праблемы сёлета. Прыемна, што ўсе ў вёсцы выпісваюць раёнку . “Мы ж павінны ведаць, чым жыве раён,” — сказала старэйшына М. Т. Казлова.
Напрыканцы зазначым, што ва ўсіх групах на руках былі прэйскуранты на сацыяльныя паслугі, на тыя віды работ, якія можа аказаць вяскоўцу мясцовая гаспадарка. Многія пытанні знойдуць сваё вырашэнне пасля планёркі ў старшыні райвыканкама 20 чэрвеня 2011 года.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №45 ад 17.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *