Чем кормят детей в детском саду

Актуалии Образование

Чым корміць дашкалят дзіцячы сад?
Да гэтай тэмы падштурхнуў міжвольна падслуханы маналог дзвюх маладых мам, якія абураліся, што ў дзіцячым садку дзецям даюць многа малака, салатаў з буракоў, гатуюць катлеты з капусты і морквы…
Дык чым жа частуе дашкалят сучасны дзіцячы садок?
Дыетычная сястра дзіцячага садка № 1 г. п. Шуміліна С. Р. Градоўская тлумачыць: “Штодзень кожнае дзіця групы ранняга ўзросту павінна атрымліваць не менш за 350 грамаў малака і не менш 120 грамаў гародніны, дашкольнага – 400 г малака і 150 г гародніны. Два-тры разы на тыдзень у меню ўключаецца рыба. Пастаянна ў абедзе ёсць мясныя стравы, зрэдку калбаса ці сасіскі. І гэта ні нейкія выдумкі адміністрацыі і повараў дзіцячых устаноў, гэта патрабаванні, выпрацаваныя спецыялістамі з улікам узросту дзяцей і патрэбнасцяў іх растучага арганізма ў тых ці іншых вітамінах і мікраэлементах. Безумоўна, як малако, так і агародніна падаюцца дзецям у самых разнастайных варыянтах”.
“Кожны наступны абед абсалютна адрозніваецца ад папярэдняга. Калі сёння суп з макаронамі, рыба з тушанай гароднінай, яблычны кампот, заўтра будзе – боршч, катлета з пюрэ, сок. Калі сёння салата з капусты, заўтра будзе з памідораў і агуркоў. Усё свежае, смачнае і карыснае…”, – расказвае повар гэтага ж дзіцячага садка А. П. Арэшчанка.
“Стаўленне да арганізацыі дзіцячага харчавання ў садках самае сур’ёзнае, – пацвярджае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Л. Г. Сямёнава. – Меню складаецца адразу на дзесяць дзён і не як каму захочацца, а строга разлічваецца і па калорыях, і па выкананні норм ужывання прадуктаў, і па грашовых нормах, да таго ж, абавязкова вытрымліваецца прынцып разнастайнасці”.
Любоў Генадзьеўна звяртае ўвагу, што арыентавана дзіцячае харчаванне на прадукты, вырашчаныя ў сваёй мясцовасці, бо даўно даказана навукоўцамі, што мясцовая садавіна і гародніна больш карысныя для здароўя, радзей выклікаюць харчовую алергію. Многія ўстановы (Мікіціхінскі я/с, Кардонскі д/с, Добрынская д/с-пачатковая школа, Мішневіцкі д/с, Светласельскі я/с, Язвінскі д/с і інш.) самі вырошчваюць на ўчастках і бульбу, і капусту, і моркву, і буракі…  Для карысці пасаджаны на тэрыторыях яблыні, слівы, парэчкі і агрэст. Вырашчаная сваімі сіламі прадукцыя значна зніжае сабекошт дзіцячага харчавання, а сёлета гэта вельмі дарэчы ў сувязі з падаражаннем той жа гарод-ніны і фруктаў. На дзённае трохразовае харчаванне аднаго дзіцяці ранняга ўзросту дзяржавай выдзяляецца 4160 рублёў, дашкольніка – 5390 рублёў.
На жаль, прыходзіцца канстатаваць, што сучасныя дзеці маюць розныя адхіленні ў здароўі, у тым ліку і з-за недахопу вітамінаў і мінералаў, якія павінны паступаць у арганізм з ежай. Менавіта таму меню дашкольнікаў асабліва летам напоўнена стравамі з гародніны, пладоў і ягад. Пра карыснасць малочных прадуктаў для ўмацавання пазваночніка, ды і ўсёй коснай сістэмы дзіцяці проста і гаварыць не прыходзіцца. І калі некаму з бацькоў здаецца, што ў харчаванні павінны прысутнічаць выключна катлеты ды сасіскі – гэта здзіўляе. У чым іншым, а ў інфармацыі пра карысныя і не вельмі прадукты сёння дэфіцыту няма. І ў дзіцячых садках яе можна атрымаць, як ў выхавальнікаў і  адміністрацыі устаноў, так і з падрыхтаваных у кожнай групе спецыяльных буклетаў.
Сучасныя бацькі павінны добра ведаць, якое харчаванне дзецям на карысць, а якое на шкоду, бо, як вядома, здароўе закладваецца з дзяцінства.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №52 ад 12.07.2011 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *