Слова – ветэранам: Адной дарогай з газетай

Актуалии Общество

Слова – ветэранам: Адной дарогай з газетай
У нас зараз на заслужаным адпачынку 10 ветэранаў працы. Амаль столькі ж, колькі штатных работнікаў. Практычна кожны з іх аддаў газеце не адзін дзясятак год, многія з іх і сёння гавораць, што з газетай яны ішлі і ідуць па жыцці. З усімі трымаем цесную сувязь, тэлефануем, па магчымасці наведваем. Многія самі заходзяць, цікавяцца справамі. Напярэдадні юбілею газеты мы папрасілі некаторых нашых ветэранаў узгадаць, што звязвала іх з рэдакцыяй і выказаць роднай газеце шчырыя пажаданні.

Мароз Мікалай Аркадзьевіч, былы рэдактар газеты:
– Калі скажу, што з дзяцінства марыў працаваць у газеце, то скажу няпраўду. Не марыў, не ведаў, што жыццёвая доля прыкуе мяне, як Праметэя да скалы, прывяжа да раённай газеты па руках і  нагах больш як на 30 гадоў. Было, што марыў стаць пісьменнікам, але ніяк не журналістам.
Пачынаў, аднак, настаўнікам, а праз шэсць гадоў паклікала сталае газетнае слова. Трапіў у  Шуміліна. І зрадніўся з газетай. Не адразу, і не па першым часе  – крыху пазней пазнаў, што такое журналісцкае братэрства, зразумеў, што слова можа акрыліць чалавека, а можа і забіць. Вядома, не ў прамым сэнсе, але прынясе чалавеку непапраўную шкоду. Я зразумеў, якая магічная сіла ў слова, і гэтай магіяй як мог карыстаўся. Стараўся, каб радаваўся чалавек, што чытае шчыры, смелы журналісцкі артыкул, што ён напісаны на добрай беларускай мове, каб верыў газеце, шукаў на старонках газеты імя свайго любімага журналіста, каб бачыў, што яна жыве сумленна, жыве для яго.
Такі быў мой прынцып.  І скажу без ценю прытворства, што газета “Герой працы”  прайшла праз маё жыццё не курсівам, яна ўвайшла ў маю кроў і плоць. Я ішоў на працу, як на свята. Кожны дзень ішоў і лічыў за шчасце, што служу газетнаму слову верай і праўдай. І гэта не напышлівыя, не марныя, не пустыя словы.
Зычу маладым і больш сталым калегам такой жа службы. Песціце чытача цікавымі творчымі знаходкамі, праектамі. Пакуль што з гэтым у вас не ўсё ладна. Радуйце чытача, здзіўляйце яго. Насіце яго, калі хочаце, на руках. Ён гэта заслужыў сваёй самаахвярнасцю і чакае, што вы адкажаце яму той жа манетай.

Дамарацкая Ларыса Аляксандраўна:
– Я ішла адной дарогай з газетай з 1966 года, калі ўслед за мужам Эдуардам Мікалаевічам, якога прызначылі галоўным рэдактарам у “Герой працы”, дзевятнаццацігадовай дзяўчынай прыехала ў Шуміліна. Спачатку працавала машыністкай, потым ажно да самага выхаду на пенсію – нязменным карэктарам. Наогул мой стаж работы ў рэдакцыі налічвае 42 гады. І калі шчыра сказаць, на іншым месцы ніколі сябе не магла ўявіць. Ды і ні разу не ўзнікла думкі памяняць месца работы. Гэта была мая стыхія, маё рэчышча.
Газеце хачу пажадаць далейшага працвітання, быць заўсёды патрэбнай і цікавай чытачам, а калектыву рэдакцыі зычу здароўя, дабрабыту, творчых знаходак, цікавых сустрэч.

Шылко Галіна Лявонаўна:
– Прызнаюся шчыра: мне вельмі падабалася працаваць у рэдакцыі. Я на работу заўсёды ішла, можна сказаць, як на свята. Мне тут было спакойна і камфортна. А пачынала я з друкарні, 14 год адпрацавала спачатку рабочай, а потым, перад закрыццём друкарні, – брыгадзірам. У рэдакцыю аператарам камп’ютарнага набору, на час дэкрэтнага водпуску аднаго з работнікаў, мяне запрасіў тадышні рэдактар М. А. Мароз. Так я і засталася ў “Герой працы” і адпрацавала амаль 20 год. Успамінаю рэдакцыю часта, для мяне яна і сёння родная і блізкая.
Газеце жадаю, найперш, працвітаць, каб жыла яшчэ столькі, а можа і больш, каб у яе большала падпісчыкаў, каб яна зноў стала каляровай. А раёнку я выпісвала, выпісваю і буду выпісваць усё сваё жыццё.

Шылко Віктар Іванавіч:
– Паўтара дзясятка год адпрацаваў рэдакцыйным шафёрам. Добра помню і свой першы “уазік”, які ў пачатку 2000-х гадоў рэдакцыя ўрэшце  памяняла на новенькія “жыгулі”. Гэта былі, напэўна, лепшыя гады майго жыцця. Спакой, стабільнасць, шматлікія цікавыя паездкі па раёне, добры зладжаны калектыў – вось што адклалася ў маёй памяці.
Газеце хачу пажадаць даўгалецця. Каб журналістаў у іх пошуках цікавых тэм і герояў вялі добрыя гладкія дарогі, каб гараж нарэшце дачакаўся рамонту, машына ніколі не падводзіла і безадмоўна калясіла па фермах і мехдварах, па самых аддаленых вёсачках. І наогул усё і ва ўсіх было добра.

Кручкова Ганна Антонаўна:

– З газетай “Герой працы” мяне звязваюць самыя цёплыя ўспаміны. У 1966 годзе, калі аднавіўся Шумілінскі раён, мяне паклікаў на працу Эдуард Мікалаевіч Дамарацкі, якога прызначылі ў той час галоўным рэдактарам. Я на тую пару, жыла, як і ён, у Талачыне, працавала ў друкарні лінатыпісткай. Я згадзілася, бо Эдуард Мікалаевіч паабяцаў вырашыць кватэрнае пытанне. Перад выхадам на пенсію працавала брыгадзірам друкарні, у маім падначаленні было 11 чалавек. А наогул друкарскай справе я аддала ўсю сваю працоўную дзейнасць – 37 год, працавала ў Коханаве, Талачыне, Дуброўне, Оршы, Шуміліне. Работу сваю дужа любіла, адносілася да яе надзвычай адказна і сур’ёзна.
Усяму калектыву жадаю дабра, міру, здароўя, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага.

Мацюшкова Вольга Рыгораўна:
– Амаль чвэрць стагоддзя адпрацавала ў рэдакцыі галоўным бухгалтарам, практычна ўсю сваю працоўную біяграфію. Добра памятаю ўсіх галоўных рэдактараў, якія ўзначальвалі калектыў у свой час – Анатоля Паўлавіча Бруцкага, Уладзіміра Цярэнцьевіча Батакова, Мікалая Аркадзьевіча Мароза, Аліну Іванаўну Пятрову. Засталося вельмі шмат добрых прыемных успамінаў.
Газеце жадаю, канешне ж, працвітаць, быць фінансава незалежнай і заможнай, каб усё было ў ажуры. Ну, і тыраж павышаць, чытачоў прыбаўляць. Быць цікавай і запатрабаванай.

Растоўская Таццяна Іванаўна:
– Я вельмі ўдзячна лёсу, што ён падараваў мне работу карэспандэнтам рэдакцыі. У гэтым адрэзку майго жыцця  – 12 год – было вельмі многа цікавых сустрэч і знаёмстваў, незабыўных падзей і ўражанняў. Вельмі зраднілася з калектывам, не магу расстацца і да сённяшняга дня. Таму і зараз я часты госць рэдакцыі, ніколі не праходжу міма. Цікаўлюся рэдакцыйнымі справамі, радуюся за поспехі і дасягненні.
Газеце жадаю трымацца на плыву, быць у цэнтры жыцця раёна, радаваць чытачоў цікавымі матэрыяламі. Калектыву ж жадаю жыць доўга, шчасліва і заможна.
Размаўляла Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №7 ад 24.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *