Беларусь помніць Главное Да 75-годдзя Вялікай Перамогі

Абаронцы Айчыны: непарыўная сувязь пакаленняў

21 лютага ў Шуміліне прайшлі ўрачыстасці з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны – былых, сённяшніх і заўтрашніх, адзначыў, выступаючы на мітынгу, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў. Ён падкрэсліў, што абаронцамі роднай зямлі ва ўсе часы і сёння таксама з’яўляюцца не толькі мужчыны, але і жанчыны. І сапраўды, на барацьбу з ворагам паўстае ўвесь народ – старыя і малыя, мужчыны і жанчыны – усе разам аб’ядноўваюцца, адстойваючы сваю свабоду, незалежнасць роднай краіны.

Кіраўнік раёна згадаў старонкі ваеннай гісторыі, калі шумілінская зямля была літаральна палітая крывёю салдат. На тэрыторыі раёна больш за дзевяць месяцаў стаяў фронт, вяліся жорсткія баі. На шумілінскай зямлі пачыналася вызваліцельная аперацыя «Баграціён». Каля 12 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў загінулі на тэрыторыі нашага раёна. І гэта лічба не канчатковая, бо штогод высвятляюцца прозвішчы загінуўшых байцоў, якія былі невядомыя. Наш святы абавязак памятаць і шанаваць подзвіг вызваліцеляў, якія аддалі свае жыцці за наша мірнае жыццё сёння, сказаў кіраўнік раёна.
Цэнтральнай падзеяй святкавання стала завяршэнне раённага этапа міжнароднай акцыі памяці «У славу агульнай Перамогі». Дзевяць маладых шумілінскіх мужчын у вайсковай форме, у плашч-палатках ваенных часоў неслі да брацкіх могілак у гарадскім парку салдацкія каскі з зямлёй з 58 пахаванняў, што знаходзяцца ў нашым раёне.
Ганаровае права змясціць зямлю ў капсулу для перадачы яе ў Мінск атрымалі вядомы шумілінскі краязнаўца і пісьменнік, урач Віктар Улюценка, выдатнік вучобы вучань СШ №2 г. п. Шуміліна Яўген Мацюшкоў і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў Віктар Прыходзька.
…Голас дыктара пералічвае сельсаветы, вёскі, у якіх знахо-дзяцца вайсковыя пахаванні, гучаць імёны Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі ў баях за вызваленне Шуміліншчыны і пахаваныя ў нашай зямлі. Зямля з вайсковых пахаванняў і брацкіх могілак савецкіх салдат, месцаў расстрэлу фашыстамі мірных грамадзян у гады Вялікай Айчыннай вайны будзе перададзена ў сталічны храм-помнік Усіх Святых.
Памаліцца разам аб загінуўшых воінах прапанаваў настаяцель обальскага Свята-Ануфрыеўскага храма іерэй Уладзімір Пучынскі. Пасля асвячэння капсула з зямлёй урачыста перададзена начальніку адасобленай групы аб’яднанага ваеннага ка-місарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў падпалкоўніку Андрэю Собіну.
У дні святкавання 75-годдзя Перамогі гэтыя капсулы з усёй Беларусі, з іншых дзяржаў будуць урачыста змешчаны ў крыпце храма-помніка Усіх Святых у Мінску.
Вянкі і кветкі да помніка на брацкіх могілках, да Вечнага агню ўсклалі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў райцэнтра, жыхары Шуміліна.
* * *
Урачыстасці прадоўжыліся ў актавай зале Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў. Кіраўнік раённай арганізацыі «Беларускага саюза афіцэраў» Валерый Жандараў уручыў граматы актывістам арганізацыі, прадстаўнікам грамадскіх арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія дапамагаюць афіцэрам у ваенна-патрыятычным выхаванні маладога пакалення.
Граматы ваеннага камісарыята за ўмацаванне аўтарытэту беларускай арміі, ваенна-патрыятычнае выхаванне ўручыў начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна Андрэй Собін.
Вясёлы канцэрт з яркімі танцавальнымі і вакальнымі нумарамі, з патрыятычнымі і лірычнымі песнямі, з віншаваннямі мужчынам-абаронцам ад шумілінскіх жанчын падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра культуры.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №15 ад 25.01.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *