Как кормят детей в школах и детских садах в Шумилинском районе

Актуалии Здоровье Образование

А на абед сасіскі з макаронай
Кожны месяц у аддзеле адукацыі праходзіць пасяджэнне кіраўнікоў адукацыйных устаноў раёна, кіраўніцтва і спецыялістаў аддзела, на якім разглядаюцца важнейшыя пытанні жыцця школ і дзіцячых садоў раёна. Галоўным пытаннем на апошнім пасяджэнні стала арганізацыя здаровага ладу жыцця і якаснага харчавання дзяцей.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Кацярына Галуза прааналізавала вынікі медыцынскага абследавання дзяцей, стан фізкультурна-аздараўленчай работы ва ўстановах адукацыі раёна, арганізацыю харчавання вучняў. Пра харчаванне выхаванцаў дзіцячых садоў расказала галоўны спецыяліст аддзела Любоў Сямёнава.
З аналізу высвятляецца, што ў школах і садах раёна паступова паляпшаецца матэрыяльная база для заняткаў фізічнай культурай -забяспечанасць спартыўным інвентаром складае па раёне 61,2% (у тым ліку ў гарадскіх установах – 68,2%, сельскіх – 54,1%). У школах і садах вядзецца разнастайная дзейнасць па далучэнні дзяцей, а таксама бацькоў, да фізкультуры, прапагандуецца здаровы лад жыцця, выкарыстоўваюцца розныя формы і метады.
Але галоўны вынік – стан здароўя дзяцей. Па выніках абследавання ў школах раёна зменшылася колькасць вучняў з першай групай здароўя, колькасць асноўнай групы для заняткаў фізкультурай. Узрасла захворваемасць выхаванцаў у дзіцячых садах (з 3,5 дня ў 2010 годзе да 5,2 дня сёлета). Тут ёсць аб’ектыўныя прычыны: якасць медыцынскіх аглядаў, адносіны бацькоў да паглыбленага абследавання і лячэння.
“Але нельга скідваць на гэтыя прычыны ўласныя недапрацоўкі, — заўважыў начальнік аддзела адукацыі П. У. Спірыдонаў. — Калі вядзецца рэальная работа, то і вынікі павінны быць адпаведныя”.
Харчаванне дзяцей – важны фактар здаровага ладу жыцця, да гэтага аспекта была павышаная ўвага. Ахоп дзяцей гарачым харчаваннем склаў у сярэднім па раёне 99,1%, у тым ліку ў горадзе 92%.
Інфляцыя сёлета “з’ела” значную частку дзяржаўнай датацыі на харчаванне. Таму, каб забяспечыць якасныя і танныя абеды, установы адукацыі назапасілі для дзіцячага харчавання 46,9 тоны бульбы, 39,2 тоны гародніны. Як заўжды, добра спрацавалі ў Добрынскай, Навікоўскай, Мішневіцкай, Обальскай школах.
Аддзелам заключаны дагаворы на прамую пастаўку прадукцыі на школьныя і садаўскія кухні з кандытарскім камбінатам “Віцьба”, “Вітконпрадуктам”, Гарадоцкай птушкафабрыкай, мелькамбінатамі, іншымі прадпрыемствамі вобласці.
Здаецца, усе працуюць у аднолькавых умовах, але праверкі паказваюць, што ў адных школах харчаванне дзяцей разнастайнае, выкарыстоўваюцца мясныя і малочныя прадукты, а ў некаторых — праз дзень макароны ды бульба, а кошт абеду “даганяюць” салодкімі прысмакамі.
Тое ж і ў дзіцячых садах. Калі назапасілі ўласнай прадукцыі, наладзілі сувязі з шэфскімі гаспадаркамі, падыходзяць да стварэння меню адказна і творча – там натуральныя нормы нават у складаных умовах выконваюцца на 87%, а дзесьці і да 70% не дацягваюць. Напрыклад, па макаронах перабор 159%-238%, затое па бульбе  выкананне толькі на 23%-37,5%, па каўбасных вырабах – 313%, а па малочных прадуктах – 15%-21,5%.
Ёсць факты выкарыстання пратэрмінаваных прадуктаў, парушэнні правілаў захоўвання прадуктаў, бруднага адзення работнікаў харчаблокаў. Шмат пытанняў па Шумілінскай СШ №2 (школьную сталовую абслугоўвае райспажыўтаварыства): якасць абедаў задавальняе, а вось арганізацыйныя пытанні спісваюцца на складаны характар повара.
Пры абмеркаванні былі заслушаны кіраўнікі ўстаноў, па рабоце якіх выказваліся заўвагі. У прынятым рашэнні запісаны меры пакарання дысцыплінарнага характару да парушальнікаў, пералічаны мерапрыемствы па ўзмацненні кантролю за якасцю дзіцячага харчавання, прадугледжана далейшае абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ і дзіцячых садоў.
На пасяджэнні было разгледжана пытанне аб арганізацыі адукацыйнага працэсу ў групах ранняга ўзросту ў дашкольных установах раёна, абмеркаваны вынікі паўторнай праверкі Льнозаводскай дзіцячы сад-пачатковай школы, іншыя пытанні жыццядзейнасці ўстаноў адукацыі нашага раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №94 ад 06.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *