Палетную доску для Европы делает Шумилинская ПМК-70

Новости Экономика

Палетная дошка для Еўропы

Для таго, каб прадпрыемства паспяхова працавала і развівалася, неабходна не толькі ўводзіць новыя вытворчасці, а і ўлічваць рыначную кан’юнктуру, прапаноўваць запатрабаваную на ўнутраным і замежным рынках прадукцыю. Кіраўніцтва Шумілінскай ПМК-70 добра разумее, што для развіцця прадпрыемства, акрамя асноўнай дзейнасці – будаўніцтва, неабходна развіваць і дадатковую вытворчасць. Толькі так можна быць паспяховым на сучасным рынку.

Брыгадзір Сяргей Лабабрэеў і майстар Мікалай Ушал дэманструюць палетную дошку.

Упор робіцца ў першую чаргу на дадатковыя вытворчасці, звязаныя з драўнінай. Бо экалагічна чыстая беларуская сыравіна вельмі запатрабавана на еўрапейскім рынку.
– Два гады назад на нашай пілараме выпусцілі першую пробную партыю палетнай дошкі, – расказвае старшы майстар цэха дрэваапрацоўкі Мікалай Ушал. – Пакупнікі на новы від прадукцыі знайшліся адразу. Зразумела, без спецыяльнай лініі выпускаць якасную палетную дошку было даволі праблематычна.
Палетная дошка – тавар запатрабаваны, праўда даволі спецыфічны. Галоўнае тут – утрымаць памеры дошкі, дапушчальныя разыходжанні па таўшчыні і даўжыні складаюць максімум 0,3 мм, таксама павінен быць абсалютна роўны зрэз, у рамках параметраў – вільготнасць драўніны.
Зразумеўшы запатрабаванасць прадукцыі, праз 6 месяцаў на прадпрыемстве набылі спецыяльную лінію на пілараму. На работу былі ўзяты 7 чалавек, такім чынам на прадпрыемстве з’явіліся новыя працоўныя месцы. Як адзначае Мікалай Ушал, цякучасці кадраў практычна няма, бо для рабочых створаны нармальныя ўмовы работы, ёсць годны заробак.
Пару месяцаў у шумілінскіх спецыялістаў пайшло на адладку новага абсталявання. Год таму палетная лінія запрацавала на поўную магутнасць: за месяц перапрацоўваецца 600 кубаметраў лесу. Прычым, ідзе ўвесь лес, у тым ліку і той, што не падыходзіць для будаўнічых патрэб.
– Удзел чалавека ў працэсе вытворчасці мінімальны. Увесь цыкл практычна поўнасцю аўтаматызаваны – бярвенні падаюцца на лінію ад эстакады на распілоўку. Пасля дошка сарціруецца, роўная ідзе на далейшую апрацоўку, аполкі – на выраб паддонаў. Рэшткі драўніны адразу ж здрабняюцца на шчапу. Такім чынам, атрымліваецца безадходная вытворчасць, – расказвае Мікалай Ушал, – Зараз мы выйшлі на добрыя паказчыкі якасці, змаглі знайсці аптымальныя рэжымы работы абсталявання. Практычна ўся палетная дошка адпавядае заяўленым памерам.
За месяц дрэваапрацоўчы цэх Шумілінскай ПМК-70 выстаўляе на рынак каля 200 кубаметраў палетнай дошкі. Асноўныя пакупнікі – літоўскія кампаніі «Дуклазія» і «Пата», якія ацанілі якасць шумілінскай прадукцыі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №19 ад 10.03.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *