В мастерских сельхозпредприятий Шумилинского района форсируют ремонт техники

Новости Сельское хозяйство

Фарсіруюць рамонт тэхнікі

У майстэрнях сельгаспрадпрыемстваў раёна зараз прыпар: засталося не так многа часу на рамонт тэхнікі для пасяўной. Таму механізатары даводзяць да ладу трактары, пасяўныя агрэгаты, плугі, культыватары.

Міхаіл Лазука і Міхаіл Дзягілеў за работай.

– Усяго ў сельгаспрадпрыемствах раёна налічваецца 214 трактароў розных марак, у тым ліку 34 энерганасычаныя, – расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу Віталь Коваль. – На пачатак гэтага тыдня было адрамантавана 89% трактароў. Слабае звяно – шыны, якія каштуюць нятанна. Напрыклад, за шыну на МТЗ-3022 трэба выкласці амаль дзве тысячы рублёў. За рамонт пасяўных агрэгатаў узяліся загадзя, таму з 24 агрэгатаў 21 гатовы хоць сёння выехаць на палеткі.
Фарсіравалі работы і па рамонце плугоў (з 41 гатовы 90%) і культыватараў (з 25 гатовы 92%). Пры падрыхтоўцы да пасяўной дапамаглі 200 тысяч рублёў, выдзеленыя з раённага бюджэту. Грошы размеркавалі па гаспадарках раёна. За іх купілі неабходныя падшыпнікі, сальнікі, лемяхі, долаты і іншыя запчасткі для тэхнікі.
На мехдвары ААТ «Прыдзвінскі» механізатары актыўна рамантавалі тэхніку. На лінейцы гатоўнасці былі ўсе тры МТЗ-3022, два шасцімятровыя пасяўныя агрэгаты. Ёсць тры плугі, два МТЗ-82, адзін з якіх плануюць задзейнічаць на ўнясенне ўгнаенняў, а другі будзе працаваць з плугамі.
– Зараз займаемся дробным рамонтам, – расказалі токар Міхаіл Лазука і механізатар Міхаіл Дзягілеў, якіх засталі за работай. – Вось даводзім да ладу МТЗ з лапатай – гэты трактар незамянімы для пагрузкі ўгнаенняў, для ачысткі фермаў ад гною.
На мехдвор пад’ехаў і кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Дзятлаў. «Нягледзячы на тое, што збіраемся далучацца да суседняй гаспадаркі – ААТ “Ляжні” – усё роўна шчыльна рыхтуемся да пасяўной. Крывасельскія палеткі ніхто так добра не ведае, як мясцовыя механізатары, таму менавіта яны будуць працаваць на сяўбе яравых. Вядома, далёка не на ўсе новыя запчасткі хапае грошай, таму прыходзіцца выкручвацца: дзе падварыць, дзе выкарыстоўваць дэталі са спісаных трактароў. Сваіх механізатараў на пасяўную нам не хапае, таму спадзяемся на дапамогу шэфаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №20 ад 13.03.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *